Аддаленне ад Расеі і пошукі «новага бацькі»: як вайна змяняе погляды беларусаў


Ці падтрымліваюць беларусы ваенныя дзеянні Расеі ва Украіне, і ці хочуць яны быць ваенным саюзнікам Расеі? Як мяняецца стаўленне беларусаў да іншых краінаў, і якой яны бачаць геапалітычную будучыню Беларусі? Пра гэта гаворыцца ў новым сацыялагічным даследаванні «Chatham House», прысвечаным таму, як вайна змяняе погляды беларусаў на замежную палітыку. Даследчыкі апыталі 804 рэспандэнтаў з розных гарадоў Беларусі ў перыяд з 6 да 17 чэрвеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Больш за 5 тысячаў беларусаў узялі ўдзел у Маршы Свабоды, які адбыўся ў польскай сталіцы з нагоды Дня Волі. Варшава, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Распавядаем самае цікавае з вынікаў.

1. Ваенных дзеянняў расейскай арміі не падтрымлівае большасць беларусаў (43 %). Іх шмат, і яны маюць вельмі дакладна вызначаную пазіцыю. У той жа час рэспандэнты, якія падтрымліваюць дзеянні расейскай арміі, «хутчэй падтрымліваюць», то бок у іх няма выразнага разумення, навошта гэтая вайна адбываецца і чаму яны яе за яе выступаюць.

Ад вайны, як і раней, чакаюць негатыўных наступстваў – як для Беларусі агулам, так і для сябе асабіста, хоць настроі беларусаў у звязку з санкцыямі зрабіліся менш апакаліптычнымі, чымся ў красавіку. Ёсць разуменне, што вайна будзе доўгай і будзе мець кепскія наступствы.

2. Крыху пабольшала людзей, якія мяркуюць, што беларускае войска не возьме ўдзелу ў вайне. Толькі чвэрць рэспандэнтаў паставілася б негатыўна да адмовы беларускіх вайскоўцаў ваяваць і выконваць загады ці да рашэння скласці зброю. У чэрвені прыхільнікі дзейнай улады часцей, чымся ў красавіку, сутыкаліся з цяжкасцямі пры адказе на гэтае пытанне.

3. Беларусы пачалі крыху часцей лічыць «звычайнага беларуса» вінаватым у наданні тэрыторыі Беларусі для ваенных дзеянняў супраць Украіны, а вайну лічаць бессэнсоўнай. Назіраецца паступовае змяншэнне падтрымання Расеі ў гэтай вайне. Прыхільнікі ўладаў Беларусі пачынаюць паступова разумець, што пазітыўных вынікаў вайна не прынясе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

4. 40 % гарадскіх беларусаў мяркуюць, што расейскія войскі не ўжываюць зброі супраць мірнага ўкраінскага насельніцтва.

5. Колькасць прыхільнікаў чалецтва Беларусі ў АДКБ зазнала мінімум за ўвесь час даследаванняў – за апошнія два гады. Цяпер гэтая лічба складае 42 % беларусаў. 48 % беларусаў мяркуюць, што наша краіна мусіць імкнуцца да выхаду з АДКБ і захоўваць нейтралітэт, не ўступаць ні ў якія ваенныя саюзы.

6. Як і раней, беларусы не ўхваляюць перспектывы размясціць расейскія ваенныя базы на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ больш негатыўна яны ставяцца да ідэі размяшчэння ядравай зброі.

7. Значна скарацілася колькасць прыхільнікаў роўнааддаленасці Беларусі ў замежнай палітыцы, то бок тых, хто выступае за адначасовы саюз з Расеяй і ЕЗ або за няўдзел у любых саюзах. Беларусы перастаюць верыць, што можна адначасова будаваць сяброўскія адносіны і з ЕЗ, і з Расеяй. Стабільнаю застаецца лічба прыхільнікаў саюзу з Расеяй (37 %), але саюзу эканамічнага, а не ваенна-палітычнага. Толькі 13 % беларусаў кажуць, што трэба глыбей інтэгравацца з Расеяй, і толькі 5 % выступаюць за ўваходжанне ў склад Расеі.

8. Паступова расце колькасць ахвотных уступіць у Еўразвяз. Беларусы глядзяць на цяперашнія дзеянні Расеі ва Украіне і разумеюць, што трэба абрываць з ёй саюзныя сувязі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ля беларускай амбасады ў Польшчы адбылася акцыя супраць вайны Расеі ва Украіне. Варшава, Польшча. 27 лютага 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

9. Шмат беларусаў не верыць ніводнаму баку ваеннага канфлікту. Людзі мяркуюць, што там няма праўды і не зразумела, што адбываецца, таму часта падчас даследавання кажуць, што ім цяжка адказаць на тое ці іншае пытанне. У грамадстве няма дакладных арыенціраў і разумення, што будзе далей. Беларусы жывуць у нявызначанасці.

10. Важная змена: у беларускім грамадстве растуць антыпатыі да бакоў канфлікту (у беларусаў з антырасейскімі настроямі негатыўнае стаўленне да Расеі абвастрылася. У людзей, якія падтрымліваюць Расею, вырасла негатыўнае стаўленне да Украіны, краінаў ЕЗ і ЗША). Цяпер да Кітаю беларусы ставяцца ледзь не найбольш пазітыўна, бо гэтая краіна не ёсць бокам канфлікту. Разам з тым, Беларусь застаецца сяброўскай да іншых краінаў.

11. Прыхільнікаў Лукашэнкі можна падзяліць на два кластары: непасрэдна прыхільнікі і аўтарытарныя беларусы (гэта хутчэй нейтральныя людзі, якія паўтараюць дзяржаўныя наратывы, застаюцца ў сістэме, залежаць ад сістэмы ў нейкай ступені). Гэтая другая частка цяпер хацела б перазапусціць сістэму з новым эфектыўным менеджарам – яны шукаюць «новага бацьку». Паміж Лукашэнкам і Бабарыкам яны б выбралі Бабарыку, а вось паміж Ціханоўскай (ці любым іншым палітыкам за мяжой) і Лукашэнкам выбралі б хутчэй Лукашэнку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

12. Беларусы не хочуць, каб іх атаясамлівалі з вайной, змешвалі з расяянамі.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў