Маляваныч напісаў ліст зняволенай журналістцы Кацярыне Андрэевай


Перапіска не складвалася: актор пісаў лісты, але мяркуе, што яны не даходзілі. Цяпер ён зрабіў ліст публічным.

Актор Аляксандр Ждановіч у вобразе Маляваныча.
Фота: Аляксандр Ждановіч / Facebook

Ліст актора Аляксандра Ждановіча да журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай апублікавала валанцёрская служба «Вясны». Ён расказвае, што пісаў ёй і раней, але мяркуе, што лісты не даходзілі. Ён пазнаёміўся з бабуляй зняволенай, адшукаў у сацсетках яе дзядулю, а таксама выпадкова даведаўся, што дыякан Свята-Елізавецінскага манастыра, з якім актор доўгі час звязаны, гэта дзядзька журналісткі.

Актор расказаў пра сваё звальненне з Рускага тэатру, але назваў гэта «новымі абставінамі і новымі творчымі мэтамі». Журналістцы ён пажадаў сілаў, цярпення і надзеі.



Ліст ён падпісаў так: Аляксандр Ждановіч (Маляваныч). У вобразе Маляваныча ён з 1996 года па 2015-ы быў вядоўцам «Калыханкі» на дзяржаўнай тэлевізіі. Таксама ён заснаваў тэатр-студыю «Радасць» для дзяцей-інвалідаў пры Свята-Елізавецінскім манастыры. Восенню 2020 года ён адбыў 9 дзён арышту за ўдзел у пратэставым маршы – заступіўся за жанчыну, сам апынуўся ў аўтазаку.

Для аматараў «Калыханкі» ён цяпер разам з Фондам культурнай салідарнасці запісвае «Казкі з Маляванычам».

АА belsat.eu

Стужка навінаў