Айцішніка будуць судзіць паводле чатырох артыкулаў. Ён ехаў у Беларусь на дзень народзінаў маці


У Менску 9 красавіка пачнецца суд над спецыялістам сферы IT Яўгенам Ціханавым. Мужчыну вінавацяць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Ціханава затрымалі на мяжы, калі ён ехаў у Беларусь на дзень народзінаў маці, паведамляюць праваабаронцы.

Яўген Ціханаў.
Крыніца: spring96.org

Яўгена вінавацяць у абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), распальванні варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Яўген Ціханаў скончыў Акадэмію МУС больш за 15 гадоў таму, пасля працаваў участковым, але звольніўся на ўласнае жаданне. Пазней Яўген уладкаваўся ў сферы ІТ. Нейкі час жыў у Італіі.

«Яго затрымалі пры спробе ўезду ў Беларусь: мужчына хацеў прыехаць на дзень нараджэння маці і аформіць даверанасць. Супраць Яўгена Ціханава, як паведамляецца, заведзеная крымінальная справа за каментары ў Telegram пра сілавікоў і Лукашэнку», – паведамляе «Вясна».

Працэс будзе весці суддзя Анжэла Касцюкевіч.

Сілавікі рэгулярна ладзяць правяранні на мяжы. З тымі, каго яны лічаць падазронымі, праводзяць размовы, здымаючы людзей з аўтобусаў. На 2023 год прынамсі 207 асобаў былі затрыманыя па вяртанні ў Беларусь.

Hавiны
Не менш як 207 асобаў затрыманыя па вяртанні ў Беларусь за год. Статыстыка праваабаронцаў
2024.01.11 13:16

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў