Супрацоўнік полацкага музею Ігар Бортнік не выйшаў на волю пасля 10 содняў


Супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ігара Бортніка не выпусцілі пасля 10 сутак арышту. Яго перазатрымалі нанова, паведамляе «Позірк».

Ігар Бортнік.
Фота: Igor Bortnik / Facebook

«У Наваполацкі гарадскі аддзел міліцыі прыйшла маці Ігара, таму што ў яго ў 8:35 раніцы 8 красавіка завяршаўся тэрмін арышту. Яе пратрымалі ў міліцыі гадзіну, пасля чаго сказалі, што “Ігар там застаўся надоўга”», – паведамляе выданне са спасылкай на крыніцу.

Вядома, што ў дачыненні да Бортніка распачатая новая адміністрацыйная справа за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў». Першы тэрмін ён адбыў нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі».

Перадачы для Бортніка ўвесь гэты час не прымалі. Ён павінен праходзіць «доўгую і складаную рэабілітацыю пасля не вельмі ўдалай аперацыі», паведамляе крыніца.

Бортніка затрымалі на працоўным месцы 29 сакавіка і выводзілі з будынку ў кайданках. Пасля ў ягонай кватэры супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ператрус, яна была разгромлена. Разам з ім 29 і 30 сакавіка былі затрыманы больш за 10 жыхароў Полацку і Наваполацку. Паведамлялася, што тром супрацоўнікам Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прысудзілі па 15 содняў. Гэта былая дырэктарка музею Тамара Джумантаева, фатограф Кірыл Смалякоў і электрык установы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў