Сілавікі супраць? Канцэрт расейскай «Касты» ў Менску 9 красавіка не адбудзецца


Кадр з кліпу «Выходи гулять» гурта «Каста»

Канцэрт расейскага гурта «Каста», які павінен быў прайсці ў Менску 9 красавіка, пераносіцца.

У сацыяльных сетках сталічнай пляцоўкі «Prime Hall» з’явілася інфармацыя пра перанос заўтрашняга канцэрту «Касты». Дата, на якую пераносіцца канцэрт, не называюць.

У 2020 годзе гурт актыўна падтрымаў беларускі пратэст і выпусціў рэзанансны кліп на песню «Выходи гулять» пра жорсткасць сілавікоў, у якім шмат хто пабачыў адсылку да беларускіх падзеяў.

Як паведаміў яшчэ 6 красавіка расейскі прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла, «канцэрт гурта «Каста» ў Менску 9 красавіка не адбудзецца ні пры якіх абставінах». Адзначаецца, што ў кліпе гурта «недвухсэнсоўна заклікалі да несанкцыянаваных акцыяў і паказалі ў абсалютна негатыўным святле сілавікоў, якія займаюцца навядзеннем парадку на вуліцах. Некаторыя сцэны імітавалі распаўсюджаныя тэлеграм-каналамі фэйкі пра падзеі ў Беларусі».

«Паводле законаў Беларусі, масавыя мерапрыемствы, у тым ліку клубныя канцэрты, маюць на ўвазе ажыццяўленне аховы і заключэнне дамовы з МУС. Такое пагадненне з арганізатарамі канцэртаў гурта «Каста» на тэрыторыі Беларусі бліжэйшым часам падпісанае не будзе», – заявіў Прыдыбайла.

Раней удзельнік калектыву Шым (Міхаіл Епіфанаў) адзначаў, што музыкам было прынцыпова важна выказацца ў гэтым роліку, не зважаючы на пагрозу адмены менскага канцэрту.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў