Оляф Шольц: Краіны NATO не лічаць сябе бокам канфлікту ў вайне з Украінай


Краіны NATO не лічаць сябе бокам, які ваюе з Расеяй, і не імкнуцца да канфрантацыі з ёй. Такі тэзіс выказаў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц у артыкуле для выдання «The Wall Street Journal».

Уладзімір Зяленскі і Оляф Шольц, 14 траўня 2023 года.
Фота: president.gov.ua

«Мы не лічым сябе тымі, хто ваюе з Расеяй, і не імкнемся да канфрантацыі з Расеяй. Мы будзем супраціўляцца любой спробе перацягнуць Паўночнаатлантычны альянс на поле ўкраінскага канфлікту», – адзначае канцлер Нямеччыны.

У той жа час ён падкрэсліў, што Захад мусіць падтрымаць Кіеў, захаваць трываласць NATO і супрацьстаяць намаганням Уладзіміра Пуціна падзяліць краіны Захаду.

Паводле Оляфа Шольца, перамога Расеі ў вайне ва Украіне не толькі была б канцом самой Украіны як свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай дзяржавы, але і рэзка змяніла б аблічча Еўропы, а таксама нанесла б моцны ўдар па ліберальным сусветным парадку, бо сілавое разбурэнне Расеяй цэласнасці іншай дзяржавы можа зрабіцца прыкладам для іншых аўтарытарных краінаў ува ўсім свеце.

Шольц адзначыў, што пакуль Пуцін не дасягнуў ніводнай са сваіх ваенных мэтаў. Гэта звязана з гераічнай барацьбой украінскага народу, а таксама ёсць вынікам фінансавай і гуманітарнай дапамогі Захаду.

Паводле канцлера Нямеччыны, Еўразвяз ажыццявіў найбольшае фінансавае падтрыманне Украіны, перадаўшы ёй больш за 91 мільярд долараў з пачатку вайны. Вайсковая ж дапамога самой Нямеччыны саступае толькі ЗША і дасягае сумы, вышэйшай за 30 мільярдаў долараў.

«Нашае пасланне яснае: мы павінны зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць перамогі Расеі», – адзначыў Оляф Шольц.

Цікава, што пры гэтым з боку Расеі пастаянна гучыць, што яна ваюе не з Украінай, а з краінамі NATO. У прыватнасці, пра гэта неаднойчы заяўляў сакратар Рады бяспекі РФ Мікалай Патрушаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў