Крытычная сітуацыя ў Аўдзееўцы. Ці будзе адыход ЗСУ?


«Белсат» падводзіць вынікі 715-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы каля Бахмуту, 8 лютага 2024 г.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Сынькоўка, пра што сведчаць паведамленні расейскага і ўкраінскага камандаванняў.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што Узброеныя сілы РФ прасунуліся на паўночным захадзе ад населенага пункту.

У гэты ж час праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша пра заход расейцаў на адну з вуліцаў Сынькоўкі, дзе цяпер ідуць баі.

Таксама на купянскім кірунку фіксуюцца баявыя дзеянні каля Іванаўскага, Крухмальнага і Табаеўкі.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што УС РФ сцягваюць рэзервы на гэтыя ўчасткі фронту, рыхтуючыся да адначасовага ўдару ў некалькіх месцах.

На суседнім ліманскім кірунку ідуць баі каля Цернаў і Торскага ў Данецкай вобласці, а таксама Белагораўкі ў Луганскай.

Пегаў сцвярджае, што каля Цернаў контратакавалі ЗСУ і вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў.

У гэты ж час пад Белагораўкай войскі РФ усталявалі кантроль над прамысловай зоны, цяпер баі змясціліся ў ваколіцы тэрыкону мелавога кар’еру.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку сітуацыя выглядае больш стабільнай для Збройных сілаў Украіны: тут праціўнік атакаваў на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру каля сёлаў Іванаўскае і Клішчыеўка, але, паводле ўкраінскага камандавання, поспеху не дасягнуў.

Канал «Говорять Снайпер» звяртае ўвагу на зацішша расейцаў каля населеных пунктаў Курдзюмаўка і Азаранаўка (на поўдні ад Клішчыеўкі і Андрэеўкі), што, імаверна, звязана з перакіданнем часткі сілаў у ваколіцы гораду Аўдзееўка.

Пры гэтым на самым поўдні кірунку ўжо сілы абароны Украіны ціснуць з захаду ад гораду Горлаўка. Па словах аналітыкаў Deepstate, УС РФ намагаюцца любой цаной утрымаць пазіцыі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Найцяжэйшая сітуацыя для Збройных сілаў Украіны застаецца на паўночным усходзе Аўдзееўкі, дзе войскі РФ прарываюцца з боку прыватнага сектару.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што баі ідуць уздоўж вуліцаў Чысцякова, Данецкая, Лесі Украінкі, Сапронава, Першатраўневая і Стэпавая. Агулам, паводле крыніцы, за апошнія дні расейцы прасунуліся на глыбіню больш за два кіламетры.

Сямён Пегаў мяркуе, што Узброеныя сілы РФ плануюць перарэзаць горад у бок населенага пункту Ластачкіна, у выніку чаго будзе адрэзаныя тэрыторыя Аўдзееўскага коксахімічнага заводу.

У Deepstate гавораць, што сітуацыя ў Аўдзееўцы крытычная і хаатычная, пры гэтым адзначаецца, што расейцы яшчэ не задзейнічалі свае асноўныя сілы на гэтым участку фронту.

Вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону ў ваколіцах Аўдзееўкі паведамляюць, што адначасова з ціскам на сам горад УС РФ абыходзяць коксахімічны завод з поўначы на ўчастку Стэпавое – Бэрдычы і з поўдня ў кірунку Індустрыяльнага праспекту, чым пераразаюць маршрут забеспячэння цераз Ластачкіна. Пры гэтым сам завод, які ўяўляе з сябе ўмацаваны раён ЗСУ, расейцы не атакуюць.

У такой сітуацыі, на думку ўкраінскіх байцоў, лагічным выглядае адыход сілаў абароны з гораду, але пакуль на гэта няма палітычнай волі.

На мар’інскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейскія вайскоўцы прынамсі 22 разы атакавалі каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.

Пегаў фіксуе прасоўванні расейцаў каля Пабеды, таксама яны зайшлі на паўднёвыя ўскрайкі Новаміхайлаўка.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў УС РФ спарадычна атакуюць каля сёлаў Старамаёрскае і Прыютнае, але зменаў лініі фронту не адзначаецца.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці ідуць сустрэчныя баі каля населеных пунктаў Вэрбовае, Навапрокапаўка і Работына.

На херсонскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца каля сяла Крынкі на левым беразе Дняпра. Істотных зменаў не фіксуецца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў