Для аховы калоніяў МУС выкарыстоўвае беспілотнікі


Пра выкарыстанне войскамі МУС беспілотнікаў для аховы калоніяў паведаміў падчас калегіі Міністэрства ўнутраных справаў камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Ён заявіў, што мінулы год прайшоў пад знакам «нарошчвання патэнцыялу, які дазваляе эфектыўна выконваць задачы ў агульнай сістэме нацыянальнай бяспекі». 

Мікалай Карпянкоў з шаўронам ПВК Вагнэра.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

«Забяспечана надзейная ахова папраўчых калоніяў, канваяванне асуджаных і асобаў, якія знаходзяцца пад вартай. Для павышэння якасці выканання канвойных задачаў у сістэму аховы калоніяў укаранілі беспілотныя лятальныя апараты», – прыводзіць словы намесніка міністра ўнутраных справаў прэс-служба МУС.

Акрамя таго, Карпянкоў паведаміў, што ў Беларусі было створана 10 атрадаў спецыяльнага прызначэння, у задачы якіх уваходзяць контртэрарыстычныя дзеянні, барацьба з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і затрыманне небяспечных злачынцаў.

Нагадаем, што ў снежні 2022 года Мікалай Карпянкоў ужо расказваў пра стварэнне атраду «Смерч» на базе вайсковай часткі 3214, які быў арганізаваны для барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі. Пазней стала вядома пра стварэнне атраду «Рысь» на базе вайсковай часткі 5529. У абодва атрады ўваходзяць добраахвотнікі – вайскоўцы спецназу, якія сышлі ў запас.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў