«Звальняешся з міліцыі – і пачынаеш жыць!» Былы міліцыянт Жалезны - пра 9 жніўня ў Берасці і жыццё без пагон


Барада, добрая беларуская мова, адкрытая ўсмешка – 29-гадовы Арцём Жалезны выглядае цяпер як айцішнік ці актор. Нічога не выдае ў ім былога супрацоўніка берасцейскай міліцыі, якому акурат 9 жніўня 2020 года споўнілася 28 гадоў. І адзначаў ён іх не за святочным сталом у коле сям’і і сяброў, а стоячы плячо ў плячо з калегамі-«касманаўтамі» на адной з цэнтральных вуліцаў Берасця. Што праўда, стаяў у другім шэрагу, бо яму ў дзень народзінаў не хапіла шчыта…

Былы міліцыянт Арцём Жалезны, які сышоў з працы пасля 10 жніўня 2020 года.
Фота: КК / Белсат

«У мяне мусіў быць «адсыпны дзень», то бок выходны, але сказалі, каб а 17:00 усе як штык былі ў аддзеле. Начальнік паціснуў руку: «Шчасця, здароўя, усяго!» І нам выдалі экіпаванне «касманаўтаў». Але шчытоў бракавала. Можа, палове не хапіла – мне таксама», – расказвае Арцём Жалезны.

«Не баюся крыві і трупаў»

Старшы лейтэнант міліцыі Арцём Жалезны працаваў на той момант у аддзяленні крымінальнага вышуку Берасцейскага УУС на транспарце. За плячыма – 4 гады службы ў органах, у тым ліку некалькі гадоў – участковым. Добрая рэпутацыя, асобны пакойчык у інтэрнаце і неблагі для абласнога цэнтру заробак – каля 1400 рублёў. Усё – заслужана. Але 11 жніўня 2020 года Арцёма звольнілі з міліцыі «ў сувязі з праступкам, прадугледжаным кантрактам у якасці яго датэрміновага разарвання».

Той правінай была катэгарычная адмова Жалезнага выходзіць 11 жніўня на чарговы разгон пратэстоўцаў у Берасці. Каб адкрыта зрабіць гэта ў тыя дні, трэба было насамрэч мець жалезныя нервы.

Фота: КК / Белсат

Перад тым, як зірнуць на падзеі 9–11 жніўня ў Берасці вачыма «сілавіка», спрабуем яго правакаваць.

«Слухай, Арцём, але ж кажуць, былых міліцыянтаў не бывае… Няўжо нічога не засталося?» – пытаемся.

«Засталося. Я цяпер вельмі спакойна ўспрымаю ўсе стрэсавыя сітуацыі. Любыя. Не баюся крыві і трупаў. Бо як участковы часта выязджаў нават на звычайныя смерці. А ў астатнім… Я ўжо пачаў забываць, быццам ніколі там і не працаваў», – прызнаецца Жалезны.

«На міліцыі жыццё не заканчваецца»

Арцём усміхаецца, выпростваецца і кажа, што на міліцыі жыццё не заканчваецца. Наадварот.

«Трэба заставацца чалавекам! Найперш за ўсё. А не думаць пагонамі і пенсіямі ў 48 гадоў. На міліцыі сапраўды жыццё не заканчваецца. Наадварот: звальняешся адтуль – і пачынаеш жыць і вольна дыхаць», – дадае наш суразмоўца.

Яшчэ дэталь: Арцём Жалезны мае вышэйшую адукацыю. Прычым – гуманітарную. Скончыў у 2014-м Мазырскі педуніверсітэт, атрымаў дыплом настаўніка гісторыі і грамадазнаўства. Папрацаваў у вясковай школцы, адслужыў у войску, вярнуўся, каб настаўнічаць, але пасля першага заробку памерам каля 100 долараў, вырашыў, што трэба нешта мяняць. Так прыходзяць у міліцыю…

Фота: КК / Белсат

Спачатку працаваў участковым у роднай вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёну. Потым перавёўся ў Берасце – у аддзел на транспарце. Кажа, што іншыя берасцейскія міліцыянты не любілі іх. Маўляў, «мы тут пашам без выходных, а чыгуначнікі ніх…а не робяць». Арцём сцвярджае, што не адчуваў на працы ідэалагічнага ціску. Але набліжаліся выбары.

«Калі б людзі былі больш рашучыя, яны б нас расхісталі»

Жалезны расказвае, што цягам усяго ліпеня 2020-га іх штотыдзень вазілі на палігон пад пасёлкам Мухавец адпрацоўваць бойку з «хуліганамі». Збіраўся ўвесь Берасцейскі гарнізон, інструктарамі выступалі амапаўцы, а ў якасці «хуліганаў» – жаўнеры з унутраных войск.

«Яны таксама былі ва ўсёй амуніцыі – у бронекамізэльках, акулярах і г. д. І кідалі ў нас бутэлькі, колы каталі – стваралі прыблізную сітуацыю.

Нейкі начальнік сказаў нам, што ў рэальнасці будуць ламаць нам рукі, ногі і галовы. Дык мы там раз-пораз трэнавалі, як шыхтавацца, адбівацца і выціскаць людзей. Па 5–8 гадзін пад пякельным сонцам…» – распавядае былы міліцыянт.

Тое, што 9 жніўня камусьці не хапіла шчыта, не было сюрпрызам. Бо на рэальную схватку з «хуліганамі» кінулі ўсіх – столькі амуніцыі ў Берасці не было. Нягледзячы на гарнізонныя вучэнні, берасцейская міліцыя не была падрыхтаваная да таго, што адбылося, мяркуе Жалезны. Начальнікі ў першыя дні зусім не ведалі, што рабіць. Панаваў хаос. Усе былі шакаваныя колькасцю людзей, якія выйшлі на вуліцу.

Фота: КК / Белсат

Загады палкоўнікам міліцыі аддавалі амапаўцы ў званні капітанаў. Але і іх 9 жніўня ў горадзе было няшмат.

«АМАПу на той момант было чалавек 20 у горадзе – адзін узвод. Астатніх кінулі на Менск. Калі б пратэстоўцы былі больш рашучыя, яны б нас расхісталі. Проста знеслі б… Але ўсё было мірна. Калі хто пʼяны ці без майкі, гэтых акуратна ўбок адводзілі самі пратэстоўцы», – расказвае Арцём.

«Міліцыя з народам!»

Супрацоўнікаў міліцыі сабралі спачатку ў двары ўпраўлення ўнутраных справаў на Камуністычнай 28. Падзялілі на групы, вызначылі старэйшых. У кожнай – па паўсотні чалавек. Групу, у якую трапіў Жалезны («звычайныя ўчастковыя, оперы, патрульныя, «абэпаўцы») адвезлі ў мікрараён Усход. Што адбываецца ў краіне, ніхто не ведаў: інтэрнэту не было.

«Прыкладна а 20:00 нам паведамілі, што на выбарчым участку ў інтэрнаце палітэху «натоўп не дае падлічваць галасы». І мы – гэтыя 50 касманаўтаў – рванулі туды. Падыходзім, а там стаяць, можа, 5–7 маладых людзей – дзяўчаты гадоў па 20 і хлопцы. У гэтых дзяўчат вусны задрыжэлі, калі нас пабачылі – цэлы натоўп касманаўтаў. Іх акуратна завялі ў аўтобус, яны нешта спрабавалі сказаць…

А мне сорамна, так сорамна зрабілася: супраць каго мы тут выйшлі?.. Потым іх забраў аўтазак», – успамінае Арцём Жалезны.

Пасля групу з Жалезным перакінулі на берасцейскі праспект Машэрава. Атрымалі загад перакрыць вуліцу, але нікога не біць. А там людзі, больш за 500 чалавек, скандавалі: «Міліцыя з народам!» і «Складай шчыты!»…

Фота: КК / Белсат

«Мы былі ў шоку. Мала хто верыў, што ў Берасці збяруцца людзі. «Ды супакойся ты, Арцём, – казалі мне. – Зараз праедземся па горадзе, потым – дамоў, і будзеш адзначаць свой дзень нараджэння». Але я ўжо адчуваў, што так не будзе», – кажа Жалезны.

Супрацьстаянне каля «Каровы»

Потым групу кінулі на вуліцу Гогаля, ужо перакрытую цяжкавікамі, загадалі «зачышчаць», але на скрыжаванні ля помніку Тысячагоддзя міліцыянты самі трапілі ў атачэнне. Са словаў Жалезнага, іх атачылі каля 1000 пратэстоўцаў.

«Ну кідалі там у нас бутэлькі, было такое, але няшмат. Мне не трапіла. Я падыходжу да камандзіра суседняй групы, падпалкоўніка з Берасцейскага РАУС, кажу, таварыш падпалкоўнік, давайце сыдзем са скрыжавання, бо нас задавяць тут. Ён пастаяў, паглядзеў: так, давайце. Мы адступілі», – расказвае Жалезны.

А потым падʼехалі два бусы АМАПу.

«І вось гэта было ўжо жорстка. Яны адразу пачалі кідаць нейкія петарды. Не гранаты, нешта іншае, некалькі разоў яны выбухаюць. Проста ўразаліся ў натоўп, адразу білі ў твар, закідвалі ў аўтобус на падлогу…» – узгадвае былы міліцыянт.

А яшчэ пазней было супрацьстаянне каля бару «Карова», калі да дзесяці супрацоўнікаў у пагонах, што перакрывалі вуліцу, падышлі больш за 300 пратэстоўцаў.

Фота: КК / Белсат

«Нам кажуць: хлопцы, у Жодзіне ўжо ўся міліцыя шчыты склала, у Кобрыне – таксама. «Хлопцы, каго вы бароніце?» – кажуць. І вось стаіш і думаеш: зняць гэты шлем, кінуць усё і пайсці з людзьмі. А яны: «Міліцыя з народам!», «Міліцыя з народам!». І старшага групы на той момант з намі не было, і мы не ведалі, што рабіць. Нас усюды на тэлефоны здымалі. І мы неяк дамовіліся з людзьмі: давайце вы ў адзін бок сыдзеце, а мы – у іншы. І мы развярнуліся і сышлі, а людзі – у іншы бок. І нам зноў крычалі: «Міліцыя з народам!» – расказвае Арцём Жалезны.

Жалезны прызнаецца, што было страшна. Але страшна – праз няпэўнасць сітуацыі. Пайшла пагалоска пра захопленыя райвыканкамы ў Лідзе і Ляхавічах, пра спаленыя машыны ДАІ. Спраўдзіць інфармацыю праз інтэрнэт было немагчыма. Толькі зранку 10 жніўня стала зразумела, што ўсё гэта – хлусня.

«Жалезны, ты нармальна сябе адчуваеш?»

Даведка
Даведка аб звальненні з міліцыі. Фота прапанаванае «Белсату»

10 жніўня перад сабраным гарнізонам выступіў намеснік начальніка УУС Берасцейскага аблвыканкаму Аляксандр Кісель. Паведаміў, што 9 жніўня было затрымана больш за 500 чалавек.

«Сёння пад райаддзелам стаяць мамы і таты і просяць, каб адпусцілі іх дзяцей. Дык давайце ж дапаможам ім сёння сустрэцца са сваімі дзецьмі ў самім ізалятары». Так і сказаў. І ўжо далі каманду: калі людзі будуць ісці з белымі бранзалетамі ў цэнтр – усіх затрымліваць», – распавядае Арцём.

Гэты дзень стаў для Арцёма пераломным. У поўным складзе вярнуўся з Менску берасцейскі АМАП. Адурманеныя менскімі падзеямі, амапаўцы і ў родным горадзе пачалі страляць у людзей гумовымі кулямі і ўжываць святлошумавыя гранаты. Ужо не чулася лозунгаў «Міліцыя з народам!» – у міліцыю ляцелі пляшкі, фаеры і шарыкі з фарбай. Міліцыю і АМАП падмацавалі вайскоўцамі-дэсантнікамі, якіх, са словаў Арцёма, прывезлі на 20 машынах.

Расказ Арцёма вельмі падрабязны. Адчуваеш, што дагэтуль баліць, што ўсё гэта неаднойчы пракручваў у памяці. Распавядае пра затрыманых у Жабінцы, якія стаялі на каленях у аўтобусе і якіх потым «ластаўкай» перакідвалі праз «калідор» міліцыянтаў з дубінкамі ў аўтазак.

Фота: КК / Белсат

«І там дзяўчына была, яе таксама, заламаную, у аўтазак кінулі. І мы стаялі проста пад домам, а нейкая бабуля з першага паверху крычала: «Што вы робіце з імі?!» Я не вытрымаў – проста адвярнуўся. А начальнік маёй групы – падпалкоўнік Петрусевіч: «Жалезны, ты нармальна сябе адчуваеш?» Кажу, так, нармальна…» – успамінае былы міліцыянт.

Тры гадзіны, каб абдумацца

Але трыгерам, як кажа, стаў для яго іншы эпізод.

«Уцякаў хлопец. Як цяпер помню: белыя шорты, белая майка, белыя кросы. Ён ведаў, што не ўцячэ, бо напярэймы кінуліся чацвёра з нашай групы.

І ён сеў на лаўку, рукі за галаву, і кажа: «Мужыкі, толькі не біце мяне…» Да яго падбеглі, кінулі на зямлю і пачалі малаціць дубінкамі. Білі мае калегі – не амапаўцы. Я праз тры месяцы іх сустракаў, яны такія: мы нікога не білі, нам няма чаго саромецца…» – кажа Арцём Жалезны.

10 жніўня групу, у якой працаваў Жалезны, распусцілі толькі пасля поўначы. Было зразумела, што і на наступны дзень абвесцяць збор.

«Я прыехаў да сябе ў інтэрнат і сказаў сам сабе: «Не, досыць, не хачу ў гэтым удзельнічаць. Той дзень усё змяніў у маёй галаве», – прызнаецца.

Фота: КК / Белсат

11 жніўня супрацоўніка, які тэлефанаваў з дзяжурнай часткі, каб нагадаць пра збор, Арцём паслаў куды падалей і паведаміў, што больш нікуды не пойдзе. Потым быў званок дзяжурнага («Арцём, ды мы зараз табе нармальную працу знойдзем, пасядзіш у кабінеце, давай супакойся»), пазней – званок і сустрэча з начальнікам аддзелу і намеснікам начальніка па ідэалогіі («Ды мы тут за два дні ўсіх гэтых «ушатаем» і будзем, як раней, нармальна служыць»).

«Забыўся сказаць, што яшчэ перад выбарамі ў аддзяленне трапілі з КДБ спісы тых, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў. Я таксама там быў. Таму што падпісваўся і за Бабарыку, і за Цапкалу, і за Ціханоўскую.

Мне яшчэ 1 ці 2 жніўня казалі: «А што табе, Арцём, не падабаецца? Вось у 1990-я мы заробкі памідорамі атрымлівалі, а цяпер у цябе і пакой у інтэрнаце, і 1200 рублёў заробку». Я ўжо тады разумеў, што не дадуць мне спакою», – расказвае Арцём.

11 жніўня Жалезнаму далі тры гадзіны, каб абдумаўся. Папярэдзілі, што, калі праз гэты час не зʼявіцца ў аддзеле, звольняць паводле артыкулу. Старшы лейтэнант міліцыі Арцём Жалезны на збор не пайшоў.

«Жалезны – здраднік і сволач»

«І ўсё, мяне звольнілі за прагул 11 жніўня. Я сабраў форму. Калі прыйшоў здаваць, начальнік сказаў: «О, Жалезны прыйшоў – змагар за праўду». А ідэолаг-зампаліт дэманстратыўна не паздароўкаўся. Потым я даведаўся, што ён казаў былым калегам: «Жалезны – здраднік і сволач, ён нам усім здрадзіў». Амаль ні з кім я больш не кантактаваў», – гаворыць Арцём.

Фота: КК / Белсат

Па словах Арцёма, з Ленінскага РАУС Берасця пасля першых дзён пратэстаў звольнілася 12 чалавек.

«А жанчына, якая прымала форму, сказала, што больш за 20 супрацоўнікаў ва ўсім Берасці звольніліся. Але ж, па сутнасці, гэта няшмат. Калі палічыць, што нас у горадзе чалавек 600 было», – кажа Арцём.

«Ведаеце, на словах шмат было: калі нас, маўляў, кінуць біць людзей – мы не пойдзем. А ў выніку – з задавальненнем бегалі па Берасці, кожную нядзелю ганялі людзей…» – дадае.

У той жа дзень камендант інтэрнату папрасіла Жалезнага вызваліць пакой, у якім ён жыў. Арцём паехаў да бацькоў, потым зрабіў візу і ў кастрычніку прыехаў у Польшчу.

«Я разумеў, што не даруюць. Проста рукі пакуль у іх не даходзілі, бо вельмі занятыя ж былі. 12 жніўня я выклаў у «Інстаграме» фота, што звольніўся і асуджаю гвалт. Хтосьці потым закінуў яго на «Тэлеграм». Людзі пісалі, я адчуваў моцную падтрымку», – кажа былы берасцейскі міліцыянт.

«Класна без міліцыі, так класна!»

Цяпер Арцём Жалезны працуе ахоўнікам пад Варшавай. І параўноўвае працу міліцыянтаў у Беларусі і польскіх паліцыянтаў.

«Адразу скажу, што паліцыянтам у Польшчы не даводзіцца купляць за свае грошы кайданкі, ліхтарыкі, газ ды паперу. А мы куплялі! Калі прыйшоў у аддзел, выдалі наручнікі без ключа – рабі што хочаш: або выточвай ключ, або купляй новыя», – кажа Арцём.

Расказвае, як аднойчы яго спынілі польскія паліцыянты за парушэнне Правілаў дарожнага руху. Даведаўшыся, што служыў у беларускай міліцыі, адпусцілі без штрафу, але запыталіся, колькі іх калегі зарабляюць у Беларусі.

«Калі перавёў ім у злотыя, кажуць: «Дык нашто вы працуеце за такія грошы, нашто людзей бʼяце за такія смешныя заробкі?..» – кажа Арцём.

«Дык навошта?» – пытаемся і мы.

«Я не ведаю… Не ведаю, ці думаюць яны наагул. Многія ў адкрытую тады казалі: «А я ж нічога не ўмею рабіць, куды я пайду пасля міліцыі?» Тут, маўляў, я ведаю, што буду хадзіць туды-сюды з гэтым пісталетам на баку – і атрымаю заробак. Але… сумна, калі чытаеш навіны. Адно скажу: я ўжо ніколі не змагу насіць тую форму», – кажа.

Фота: КК / Белсат

Кантактаў з былымі калегамі Арцём амаль не мае. Але яму паведамілі, што чыгуначную міліцыю ў Берасці ўжо цалкам расфармавалі.

«Ведаю, што некалькі чалавек рабілі тады такую італьянскую забастоўку, адзін з іх летась звольніўся. Нядаўна размаўлялі з ім. Класна, кажа, без міліцыі, так класна!» – кажа Жалезны.

Артыкулы
«Я б не змог вярнуцца туды». Былы міліцыянт просіць аб дапамозе
2021.09.19 14:11

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў