Украіна правядзе свае ваенныя вучэнні адначасова з беларуска-расейскай «Саюзнай рашучасцю»


Украінская армія 10–20 лютага правядзе ўласныя вучэнні ў розных рэгіёнах краіны для падрыхтоўкі да магчымай знешняй агрэсіі, паведамляе «Украінская праўда».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 6 снежня 2021 года.
Фота: president.gov.ua

Вучэнні пройдуць паралельна з беларуска-расійскімі вучэннямі «Саюзная рашучасць». Пра гэта заявіў міністр абароны краіны Аляксей Рэзнікаў. Ён падкрэсліў, што ўздоўж усіх межаў Украіны з боку Расеі, Беларусі і тэрыторый Данбаса знаходзіцца 119 тыс. ваенных наземнага кампанента войскаў, з паветраным і марскім кампанентамі – 140 тыс.

Гэта стала прычынай таго, што ўкраінскае войска будзе адпрацоўваць свае дзеянні на выпадак нападу.

«У іх вучэнні будуць з 10 па 20 лютага. Украінскія Узброеныя сілы таксама працуюць – і сёння ў нас паралельна, праходзяць вучэнні», – заявіў міністр.

Па ягоных словах, вучэнні адбудуцца ў 9-ці гарадах і на асобных пляцоўках, «дзе з 10 па 20 лютага будуць вучэнні з адпрацоўкай выкарыстання «Байрактараў», «Джавелін», NLAW (лёгкае супрацьтанкавае ўзбраенне – прым.рэд.), якія мы нядаўна атрымалі ад Вялікай Брытаніі».

Ён дадаў, што раней Украіна і марыць не магла пра такую ​​колькасць «Джавелінаў», колькі мае цяпер. Па словах міністра, цяпер у Украіны «сродкаў паразы ўжо больш, чым патэнцыйных мішэняў». Акрамя таго, чакаюцца з краін Балтыі новыя пастаўкі «вельмі цікавага» ўзбраення, аб якім ВСУ «даўно марылі».

Вучэнні ва Украіне адбудуцца, хаця прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, пасля перагавораў прэзідэнтаў Расеі і Францыі, запэўніў, што пры сканчэнні вучэнняў «Саюзная рашучасць» расейскія войскі будуць выведзены з Беларусі.

Hавiны
Літоўская армія падвысіла ўзровень боегатоўнасці з-за расейска-беларускіх вучэнняў
2022.02.08 11:35

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў