Лукашэнка зайшоў у пастку, створаную Пуціным для яго. Інтэрв’ю з Уладам Кобецам


Калі Крэмль не збіраецца ваяваць з Украінай ці прынамсі зацягвае пачатак вайны, то ці не задаволіцца ён Беларуссю, якая аказалася безабароннай? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Уладам Кобцам, выканаўчым дырэктарам міжнароднай сеткі iSANS.

А.К. Ці сапраўды мэтай Пуціна ёсць далёка не Украіна, а можа нават і не Беларусь?

У. К.: Мэта Пуціна, пра каторую ён ужо неаднаразова казаў публічна, гэта аднаўленне былога Савецкага Саюзу. Гэта яго настальгія, гэта, па яго словах, найвялікшая трагедыя 20-га стагоддзя і ён фактычна працуе па ўсім перыметры расейскай мяжы там, дзе ёсць рэспублікі былога Савецкага Саюзу. Я б не сказаў, што мэта Пуціна не Украіна. Проста мы пабачылі і бачым сёння такую шматхадоўку, калі сапраўды ўсе кажуць пра вайну з Украінай са спасылкамі на выведкі розных краінаў. Вельмі шмат было ўкінута розных фактаў і псеўдафактаў, што вайна будзе менавіта з Украінай. Між тым мы бачым, што расейскія войскі ўвайшлі спакойна ў суседнюю Беларусь, занялі так званы паўночны калідор над Украінай. І ўсё гэта можа выглядаць так, што, слава Богу, вайны з Украінай няма, а Беларусь і так – саюзнік Расеі. Але пры гэтым мы разумеем, што расейскія войскі ўводзяцца ў Беларусь, дзе няма легітымнай улады. Сёння стаіць расейская групоўка ў Беларусі ў сітуацыі, калі Аляксандр Лукашэнка сваімі рукамі стварыў небяспеку для незалежнасці.

І так, сапраўды сёння шматлікія аналітыкі, у тым ліку расейскія, ужо адкрыта кажуць, што гэта ўсё можа скончыцца акупацыяй Беларусі. А свет уздыхне таму, што гэта не вайна з Украінай, бо ўсе ўжо стаміліся ад кашмару на беларуска-літоўскай, беларуска-польскай, беларуска-латвійскай мяжы. Лукашэнка справакаваў крызіс і Крэмль абсалютна выкарыстаў яго. Лукашэнка зайшоў у пастку, створаную Пуціным для яго. І ў пэўны момант, думаючы, што ён схапіў Бога за бараду, і ўсе раптам забыліся пра вынікі выбараў, пра рэпрэсіі, а на міграцыйным крызісе ён верне сабе перамовы і адменяць санкцыі, то ў гэты момант мы бачым расейскія войскі і сітуацыю на мяжы з Украінай, у Казахстан уводзяцца войскі і выводзяцца. І раптам расейская армія ўжо стаіць у Беларусі, дзе няма легітымнай улады.

А. К.: Мы нават не ведаем дакладна, колькі там войскаў.

У. К.: Так, мы нават не ведаем дакладна. Эксперты пералічваюць па колькасці эшалонаў. Тое, што мы чулі, калі Лукашэнка абвяргаў колькасць, якая названая максімальна, то кожны эксперт, які ведае, як працуе беларуская чыгунка, а такія эксперты ў нас ёсць, яны абсалютна гэта дэзавуююць. То бок, расейская групоўка можа быць. Моцнае пытанне аб тым, што гэтая групоўка можа адсюль не сыходзіць. Наперадзе так званы рэферэндум і на прыкладзе Казахстану можна чакаць, што апазіцыя абвесціць масавыя пратэсты. Мы памятаем, што было ў Казахстане, таму мы тут застаемся, каб забяспечыць спакой, каб не дапусціць таго, што там адбылося. А далей гэта ўжо пытанне, які далейшы план Пуціна. Таму, што Лукашэнка – абсалютна марыянетка ў руках Пуціна. І яго гульня вельмі падобная да гульні ў дурня ў паддаўкі: ты думаеш, што адыграешся, а насамрэч гуляюць з табой і ты прайграе. Паколькі ты не легітымны і большасць народу цябе не ўспрымае ні як Прэзідэнта, ні як лідара, у Пуціна развязаны рукі, а свет уздыхае спакойна, бо няма вайны з Украінай.

А. К.: І калі свет уздыхае спакойна, што няма вайны з Украінай, у гэты час ідзе ціхая акупацыя Беларусі. Ці гэтая сітуацыя нейкім чынам не задаволіць замежных партнёраў, бо, маўляў, будзе больш спакою? Ці не будзе так, што яны проста аддадуць Беларусь на водкуп за Украіну?

У. К.: Самае балючае тут тое, што ты адчуваеш, што Беларусь у гэтай гульні ўвогуле ніяк не прадстаўлена. Гэта вельмі нагадвае перадваенныя часы, калі Рыжскі мір там заключаўся і Беларусь ніяк не ўдзельнічала, украінцы ўдзельнічалі, а беларусы – не. Зноў украінцы ў гульні і яны маюць пазіцыю, а Беларусь, дзякуючы таму, што зрабіў Лукашэнка за паўтары гады пасля выбараў 2020 года, знішчыўшы ўсё, знішчыў магчымасць свайго транзіту на манер Азербайджану, так, як ён планаваў з перадачай у спадчыну ўлады, знішчыў інфраструктуру, якая была збудавана. Былі адменены санкцыі і ўсё расло і развівалася. І ён загнаў сітуацыю ў такую, што вярнуцца назад ужо нельга, легітымнасць страчана і яе не вернеш. Усе гульні, якія ён думаў, што гуляе з Пуціным, павярнуліся наадварот. І жаба зварылася ў кіпні вельмі спакойна і супраціву як бы няма.

Вельмі дакладная стратэгічная гульня Крамля адбываецца зараз. І на жаль, калі Беларусь не мае ўласнай моцнай разведвальнай супольнасці, не мае свайго генералітэту, які адданы не дыктатару, адданы народу, якая стаіць на вернасці Канстытуцыі, якая б бачылі і маглі б апярэдзіць гэтыя захады, то ў гэтай сітуацыі Беларусь апынулася безабаронная. Лукашэнка не дазволіў стварыцца такой супольнасці ў Беларусі. Я нават не ўяўляю, як у тую залю ў Палацы Незалежнасці, дзе Лукашэнка любіць праводзіць свае сходы, прыйдзе Грызлоў, які ўручыць свае граматы. Трэба разумець, які цяжкавагавік прыходзіць у Беларусь і гэта не проста Амбасадар. Гэта гарант для сілавікоў, што будзе спакойна. Гэта намеснік у Беларусі. І калі тая самая публіка, якая сёння пляскае Лукашэнку, будзе пляскаць і расейскаму намесніку, таму што гэтая катэгорыя людзей будзе пры любой уладзе. Гэта людзі без поглядаў і без сумлення, і гэта сённяшняя так званая эліта, на якую Лукашэнка маліўся.

А. К.: Дык хто будзе бараніць інтарэсы Беларусі? Адзіным прадстаўніком незалежнага беларускага грамадства, людзей, якія хочуць пераменаў, з’яўляецца Офіс Святланы Ціханоўскай. Магчыма, яна тут не дапрацоўвае, бо рэальна гэтае пытанне не ўздымаецца вельмі гучна цяпер? Мы ўсе чуем пра Украіну, а пра Беларусь забыліся.

У. К.: Я магу казаць ад iSANS, але не магу казаць ад імя палітыкаў, ад Офісу. Але мы таксама, аналізуючы сітуацыю, прыходзім да высновы, што гэта ўжо напэўна той момант, калі трэба прымаць пэўныя адказныя рашэнні для палітыкаў. У Беларусі няма легітымнай улады. У Беларусь увайшлі фактычна акупацыйныя войскі і Беларусь знаходзіцца перад стратай суверэнітэту. І ніхто ў Беларусі, калі казаць пра органы ўлады, якія сёння лаяльныя Лукашэнку, не будзе супрацьстаяць гэтай акупацыі. Гэта стварае пагрозу бяспецы краінаў Балтыі, Польшчы і, найперш, Украіны. Пуцін вырашае сваё стратэгічнае пытанне паглынаннем Беларусі. Можна тут спрачацца ці будзе гэта анексіяй

А. К.: Такая афіцыйная?

У. К.: Так, бо Беларусь як заснавальніца ААН вельмі важная для расейскага раскладу, але гэта ўжо будзе «Бантустан» стоадсоткавы, з вельмі выразнай пагрозай суседзям. Плюс тое, што Лукашэнка, ягоныя ўлады прынялі рашэнне забараніць транзіт літоўскіх цягнікоў, то мы ведаем, і пра гэта казаў міністр замежных справаў Літвы Ландсбергіс, гэта ў асноўным транзіт на Калінінградскую вобласць. І мы зноў падыходзім да пытання Сувалкаўшчыны. Бо ў пэўны момант расяяне могуць запатрабаваць гарантый, што расейскія грузы пройдуць у Калінінград, а гэта значыць, ціск на Літву, на яе палітыку, і там менавіта знаходзіцца Офіс Святланы Ціханоўскай. Таму тут мы пабачылі далёка не ўсе крокі ў гэтай шахматнай гульні, якую распачаў Лукашэнка. Але роля Лукашэнкі, не Пуціна, а Лукашэнкі гэта падстаўны дурань.

А. К.: То бок, практычна мы будзем зараз назіраць працэс такой «чачэнізацыі» Беларусі, а Лукашэнка стане другім Кадыравым?

У. К.: У «чачэнізацыю» я не веру, бо беларусы – не чачэнцы. Гэта першае, бо там шмат розных чыннікаў і гэта зусім розныя народы, зусім розныя традыцыі. Тое, што Лукашэнка хацеў бы, ён хацеў бачыць штосьці кшталту Азербайджана з перадачай улады сыну. Але гэта ўжо, напэўна, не адбудзецца з такім сцэнарам Пуціна. Але, так ці іначай, трэба памятаць гісторыю, што Беларусь ужо страчвала незалежнасць на шмат стагоддзяў. На два стагоддзі мы страчвалі незалежнасць і вельмі важна, чаго, можа быць, не ўлічвае ні Пуцін, ні Лукашэнка, што свет навокал вельмі хутка развіваецца. Свет ідзе з зусім іншай хуткасцю, чым ідзе Расея. Расея так тэхнічна адстала ад цывілізацыі, што ў гэтых зменах яны проста могуць не ўлічыць усіх складнікаў. І самыя геапалітычныя працэсы, якія разгортваюцца, гэта трансатлантычныя працэсы, працэсы эканамічнага росту дэмакратычных краін, яны проста насыплюць пяску ў алей гэтай «машыны».

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» ад 04.02.2022

 

 

 

Стужка навінаў