Сястра Калеснікавай атрымала за яе прэмію ў галіне правоў чалавека


Тацяна Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай, атрымала за яе прэмію ў галіне правоў чалавека.
Фота: «Белсат»

Тацяна Хоміч, сястра зняволенай Марыі Калеснікавай, атрымала за яе ў Штутгарце прэмію ў галіне правоў чалавека ад нямецкага Фонду Гергарта і Рэнатэ Баўм.

Цырымонія прайшла 7 лютага ў межах музычнага фестывалю «Eclat». Прэмія склала 10 тысяч еўраў.

Тацяна Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай, атрымала за яе прэмію ў галіне правоў чалавека.
Фота: «Белсат»

Хоміч зачытала прысутным зварот сястры:

«Я не шкадую пра сваё рашэнне, мне не страшна, як і тысячам беларусаў. Цяпер мы дакладна ведаем, што свабода – унутры, і ні турма, ні сцены, ні краты не здольныя яе забіць. І свабода вартая таго, каб за яе змагацца».

Былы міністр унутраных справаў ФРГ Гергарт Баўм ва ўступным слове адзначыў, што ў Беларусі ў траўні мінулага года акрэсліліся перспектывы замены ўлады на чале з Віктарам Бабарыкам, з’явіўся дух аптымізму:

«Марыя Калеснікава засталася ў краіне з рызыкаю для ўласнага дабрабыту, каб быць побач з усімі, хто падзяляе ейныя пачуцці. Яна патрыётка. Яна любіць сваю краіну і не дае сябе выгнаць. Мы з жонкай ушаноўваем беларускую праваабаронцу Марыю Калеснікаву за мужнасць і рашучасць змагацца за свабоду ў сваёй краіне. Цырымонія ўзнагароджання праходзіць тут, у Штутгарце, у межах музычнага фестывалю «Eclat», дзе Марыя працавала доўгі час – тут, у тэатры, дзе мы сёння сабраліся. Сёння пры канцы ўрачыстасці мы пачуем прэмʼеру музычнага твору, напісанага для ейнага ансамблю «Vis à Vis». На жаль, яна сама сёння не здолее выканаць сваёй партыі флейты».

Марыю Калеснікаву затрымали 7 верасня 2020 года ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна везлі ва Украіну. Аднак Калеснікаву выгнаць з Беларусі не ўдалося: на мяжы яна парвала свой пашпарт.

У верасні Марыі Калеснікавай выставілі абвінавачванне «ў закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем СМІ інтэрнэту», а ў снежні – яшчэ адно, за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо кіраванне такім фармаваннем» (маецца на ўвазе Каардынацыйная рада для ўрэгулявання палітычнага крызісу).

У студзені тэрмін утрымання Калеснікавай пад вартаю працягнулі да 8 сакавіка.

МГМ, Belsat

Стужка навінаў