Штраф у 1850 рублёў за налепку з бела-чырвона-белым сцягам


У Лідзе суд аштрафаваў мясцовага жыхара за налепку з бела-чырвона-белым сцягам на дзвярах кватэры, палічыўшы гэта «масавым мерапрыемствам». Суд адбыўся 15 снежня, але пра ягоныя вынікі стала вядома толькі цяпер.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Беласт

Мужчыну з Ліды, у якога на дзвярах кватэры знаходзілася налепка з нацыянальным сцягам, судзілі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (частка 1 артыкула 24.23 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях), піша тэлеграм-канал «Право имеют».

У якасці пакарання мужчыну выпісалі штраф у 1850 рублёў.

У пастанове суду гаворыцца, што жыхар Ліды правёў у сябе несанкцыянаванае пікетаванне, «дэманстратыўна размясціўшы на ўсеагульны агляд на ўваходных дзвярах у калідоры налепку з выявай сцяга бела-чырвона-белага колеру».

Вядома, што асуджаны займаецца выхаваннем траіх няпоўнагадовых дзяцей, у тым ліку дзіцяці-інваліда 4-й ступені страты здароўя.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў