Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 8 студзеня


«Белсат» падводзіць вынікі 319-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Ваяр Збройных сілаў Украіны. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

На тэрыторыі паўночна-ўсходняй часткі Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай працягваюцца пазіцыйныя баі.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля Стэльмахоўкі, Макееўкі і Белагораўкі.

Аналітыкі праекту Deepstatemap пішуць пра танкавы бой у ваколіцах сяла Дзіброва.

Цяжкія баі працягваюцца

Тым часам кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай гаворыць, што Расея перакінула ў ваколіцы Крэмінной свае найбольш баяздольныя падраздзяленні і цяжкую тэхніку, паколькі ЗСУ крок за крокам прасоўваюцца на гэтым кірунку.

Разам з тым найбольш цяжкія баі па-ранейшаму працягваюцца на тэрыторыі Данецкай вобласці, дзе ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ.

Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Раздолаўка, Салядар, Бахмут, Жалезнае, Первамайскае, Вадзяное і Пабеда.

Deepstatemap фіксуе поспехі праціўніка ў Салядары і на поўнач ад Первамайскага, а таксама працяг баёў у Мар’інцы.

Апроч гэтага, крыніца мяркуе, што расейцы канцэнтруюць пяхоту і тэхніку па лініі населеных пунктаў Падгароднае – Бахмуцкае – Якаўлеўка на бахмуцкім кірунку.

Тым часам расейскі ваенкор Яўгеній Паддубны заяўляе пра захоп сіламі ПВК «Вагнер» мястэчка Падгароднае.

Сітуацыя ў Салядары

Тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што сітуацыя ў Салядары крытычная для ЗСУ. Паводле журналіста, войскі РФ прарвалі першую і другую лініі абароны ў горадзе, а трэцюю – пакінулі шматлікія вайскоўцы, і цяпер яе абараняюць выключна ідэйныя воіны ЗСУ. Пры гэтым «Рыбарь» дадае, што казаць пра поўны кантроль над Салядарам зарана, паколькі прыкметаў здачы мястэчка ўкраінскімі сіламі няма.

Па лініі фронту ў Запарожскай вобласці сітуацыя застаецца адносна стабільнай – праціўнікі не праводзяць наземных аперацыяў, але здзяйсняюць мінамётныя, танкавыя і артылерыйскія абстрэлы.

Так, нягледзячы на заяўленае перамір’е, войскі РФ абстралялі місію ААН, якая дастаўляла гуманітарную дапамогу ў горад Арэхаў.

У сваю чаргу ЗСУ некалькі разоў ударылі па засяроджанні жывой сілы праціўніка ў акупаваным Мелітопалі.

Адзін з байцоў ЗСУ. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Володимир Зеленський / Facebook

Між тым выведка Вялікай Брытаніі піша, што расейскі бок узмацняе абарону на гэтым участку фронту, асабліва паміж гарадамі Васільеўка і Арэхаў, паколькі апасаецца вялікага наступу ЗСУ.

Пры гэтым у выведцы дадаюць, што таксама расейцы чакаюць наступ ЗСУ на поўдні Луганскай вобласці, таму пакуль не могуць вызначыцца з прыярытэтным участкам для абароны.

Агульныя страты Расеі перавысілі 111 тысяч чалавек

Лінія фронту ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца невыразнай, паколькі ніводны з бакоў канфлікту цалкам не кантралюе Кінбурнскую касу і астравы ў цячэнні Дняпра.

Паводле кіраўніцы Аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру Сілаў абароны поўдня Украіны Наталлі Гумэнюк, сітуацыя на гэтым участку даволі складаная, там працягваюцца, але крытычных зменаў на фронце пакуль няма.

Тым часам сакратар Савету нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што Расея збіраецца прапанаваць Кіеву так званы карэйскі варыянт урэгулявання вайны, які прадугледжвае падзел краіны. Па словах Данілава, у самой Паўднёвай Карэі, дзе прымянілі такі варыянт, лічаць яго памылковым.

У Генштабе ЗСУ паведамілі, што за мінулыя содні было знішчана каля 430 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ перавысілі 111 тысяч чалавек.

Таксама 8 студзеня адбыўся чарговы абмен ваеннапалоннымі – гэтым разам у фармаце 50 на 50.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны. 

Hавiны
Аляксей Данілаў: Расея прапануе падзяліць Украіну паводле карэйскага сцэнара
2023.01.08 14:59

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў