Дэпутаты зацвердзілі пажыццёвыя гарантыі для Лукашэнкі і ягонай сям’і


7 снежня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага збору ўхваліла ў першым чытанні праект закона аб змене закона «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

«Ён [законапраект. – рэд. Belsat.eu] накіраваны на забеспячэнне паўнаты рэгулявання прававога статусу дзейнага прэзідэнта, а таксама на ўстанаўленне гарантыяў прэзідэнту, які спыніў выкананне паўнамоцтваў, і чальцам ягонай сям’і», – сказала старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава, якая прадстаўляла дакумент, піша БелТА.

У прыватнасці, прэзідэнт, які сышоў з пасады, будзе мець недатыкальнасць і зможа засядаць на Усебеларускім народным сходзе і ў Савеце Рэспублікі.

Законапраект таксама моцна абмяжоўвае права беларусаў быць абраным прэзідэнтам. У прыватнасці, цяпер гэта павінен быць грамадзянін Беларусі паводле нараджэнні не маладзейшы за 40 гадоў (было 35), які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў краіне не менш за 20 гадоў (было 10) непасрэдна перад выбарамі. А таксама ён цяпер павінен не мець, у тым ліку раней, грамадзянства замежнай дзяржавы, віду на жыхарства або іншага дакументу замежнай дзяржавы, якая дае права на льготы і перавагі. То бок, выключаюцца ўсе эмігранты і, напрыклад, уладальнікі Карты паляка.

Таксама дакумент прэзідэнт зможа прасіць УНС накіраваць вайскоўцаў, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, іншых асоб за межы Беларусі для ўдзелу ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі і дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі. Удакладняюцца яго паўнамоцтвы звяртацца са штогадовым пасланнем да парламенту. Ды даецца права звярнуцца ў Канстытуцыйны суд з прапановай раскрытыкаваць санкцыі замежных дзяржаваў ці рашэнні міжнародных арганізацыяў.

Тым часам з пераліку актаў, якія выдаюцца кіраўніком дзяржавы, выключаюцца дэкрэты, але старыя дэкрэты захоўваюць сваю моц.

Гэтыя змены часткова адлюстроўваюць змяненні ў Канстытуцыі, зацверджаныя рэжымам у 2022 годзе.

Hавiны
«MotolkoHelp»: На саміт у ААЭ вазілі дзяўчыну Колі Лукашэнкі, «Міс Беларусь» і гандляра зброяй
2023.12.07 19:03

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў