Суды за сарваны сцяг і сёмае затрыманне палітзняволенага запар


«Белсат» працягвае адсочваць выпадкі ўціску беларусаў з боку рэжыму.

Міхаіл Лапуноў, бацька 16-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова.
Фота: Белсат

Стала вядома, што палітзняволены Міхаіл Лапуноў – бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова – быў затрыманы сёмы раз запар. У хуткім часе ён павінны быў вызваліцца з папярэдніх «содняў», але яго зноў арыштавалі. 3 лістапада над ім адбыўся суд, дзе мужчыну судзілі па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») і прызначылі яму чарговыя 15 содняў. Такім чынам Міхаіл Лапуноў знаходзіцца ў ІЧУ ўжо тры месяцы бесперапынна.

31 кастрычніка ў Баранавічах за здзек з дзяржаўных сімвалаў судзілі мясцовых жыхароў Алега Волкава і Вадзіма Барысава, якіх абвінавацілі ў здзеку над дзяржаўнымі сімваламі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса. Абодва мужчыны ў розны час сарвалі з будынкаў сцягі, забраўшы іх з сабой. Суддзя Вікторыя Пакунова прызначыла кожнаму з мужчын па адным годзе калоніі агульнага рэжыму.

Беларускія эксперты, сярод якіх юрысты, медыкі і псіхолагі, аб’ядналіся з мэтаю вывучыць, як працуе турэмная медыцына і псіхалогія ў Беларусі і якія змены патрэбныя ў ёй, каб выконваліся правы зняволеных і зніжалася злачыннасць. Дзеля гэтай мэты яны просяць былых зняволеных і сваякоў асуджаных прайсці анкетаванне:

У сувязі з новай крымінальнай справай, заведзенай супраць праваабронцы Леаніда Судаленкі, юрысты цэнтра «Вясна» выступілі з заявай, у якой звязваюць такія крокі беларускіх уладаў з дзейнасцю Судаленкі па абароне правоў чалавека.

«Мы звязваем гэтыя крокі з публічным асуджэннем Леанідам рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў у дачыненні да палітычных апанентаў і іншадумцаў, яго выступамі ў падтрымку палітвязняў, жорсткай крытыкай парушэнняў прынцыпу вяршэнства права, а ў цэлым – з дзейнасцю нашага калегі па абароне і прасоўванні правоў чалавека», – гаворыцца ў заяве.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў