СМІ: Twitter адкладзе на некалькі дзён увядзенне платнай верыфікацыі


Сацыяльная сетка Twitter адкладзе ўвядзенне платнай сістэмы верыфікацыі акаўнтаў да завяршэння прамежкавых выбараў у Кангрэс ЗША, паведамляе газета «The New York Times» са спасылкаю на крыніцы. Баяцца ўмяшання ў выбары.

Лагатып Twitter і фота Ілана Маска. Ілюстрацыя: Dado Ruvic / Reuters / Forum

«Twitter адкладае разгортванне сістэмы падпіскі для верыфікацыі карыстальнікаў за $ 7,99 на месяц да завяршэння прамежкавых выбараў у аўторак», – піша выданне.

Раней Ілан Маск прапанаваў увесці платную сістэму верыфікацыі акаўнтаў сацыяльнай сеткі за $ 8 за месяц.

Паведамляецца, што падставаю для таго, каб перанесці тэрміны ўвядзення платнай сістэмы верыфікацыі, сталіся пярэчанні карыстальнікаў і працаўнікоў Twitter, звязаныя з магчымым злоўжываннем функцыяй напярэдадні выбараў.

«Карыстальнікі змогуць лёгка ствараць верыфікаваныя акаўнты, напрыклад, выдаючы сябе за прэзідэнта Байдэна, заканадаўцаў або выданні навінаў, і публікаваць ілжывую інфармацыю», – піша газета са спасылкай на інфармацыю сваіх суразмоўцаў.

«The New York Times» прыводзіць таксама паведамленне аднаго з працаўнікоў Twitter са службовай перапіскі, у якім ён задаецца пытаннем аб неабходнасці ўводзіць «настолькі рызыкоўную змену перад выбарамі, якая можа прывесці да ўмяшання ў выбары». У выніку сацсетка, як чакаецца, запусціць платную сістэму пацверджання асобы на наступны дзень пасля дня адзінага галасавання, то бок 9 лістапада.

У асноўны дзень галасавання на прамежкавых выбарах, 8 лістапада, у абедзве палаты Кангрэсу ЗША павінны абраць усіх 435 чальцоў Палаты прадстаўнікоў і 35 са 100 сенатараў.

Угода аб набыцці Twitter за $ 44 млрд была канчаткова закрытая напрыканцы кастрычніка. Ілан Маск абяцаў лібералізаваць рэдакцыйную палітыку сацыяльнай сеткі.

Hавiны
Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека напісаў адкрыты ліст Ілану Маску: баяцца за Twitter
2022.11.06 17:15

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў