Спадзеў працаўнікоў рэжыму, што будзе ўсё, як у 2010-м, не здзейсніўся. Гэтак Міхаіл Кірылюк, адказны ў НАУ за пытанні юстыцыі і прадстаўнік Каардынацыйнай рады ў юрыдычных пытаннях, пракаментаваў прынятую 7 кастрычніка рэзалюцыю Еўрапарламенту адносна Беларусі.
Юрыст падкрэсліў, што «рэзалюцыя Еўрапарламенту – не дэкрэт і не ўказ, а агульнапалітычны дакумент, які адлюстроўвае асноўны мэйнстрым палітыкі». І хаця там няма канкрэтыкі, якая будзе ў дакументах іншых органаў Еўразвязу, «з яго можна рабіць пэўныя высновы», заявіў Кірылюк.
Паводле яго, нягледзячы на выпуск 13-і палітвязняў, перамовы Уладзіміра Макея з прадстаўнікамі Еўразвязу ў ААН ды шантаж ЕЗ з дапамогай мігрантаў, рэакцыя ў Еўрапейскім Звязе апынулася адваротнай.
«Дзеянні адносна мігрантаў асуджаныя і ім будзе аказанае супрацьдзеянне. Таксама не здзейсніліся спадзевы беларускага рэжыму на тое, што санкцыі будуць спыненыя», – адзначыў Кірылюк.
На яго думку, Еўразвяз будзе працягваць санкцыйную палітыку.
«Яна будзе паслядоўнай, а паколькі беларускі рэжым не ідзе на сустрач, санкцыі будуць узмацняцца», – заявіў прадстаўнік НАУ.
Кірылюк ухваліў тое, што ў рэзалюцыі згадваецца інтэрвенцыя Расеі ў беларускі суверэнітэт і негатыўнае стаўленне Еўрапарламенту да гэтых спробаў, што «гібрыдная падтрымка Пуціным беларускага рэжыму будзе сустракаць супрацьдзеянне Еўразвязу».
«На мой погляд, дзесьці гэтая магла б быць яшчэ больш моцнай. Я б жадаў там убачыць сцверджанні, што калі расейскія ўлады будуць працягваць падтрымліваць беларускія, то санкцыі будуць накіраваныя і на іх. Але і таго, што ўжо ёсць, дастаткова. Наступным крокам варта чакаць пятага пакету санкцыяў Еўразвязу і ўступленне ў моц санкцыяў ЗША», – заключыў юрыст.
Нагадаем, што 7 кастрычніка дэпутаты Еўрапейскага парламенту ўхвалілі рэзалюцыю адносна сітуацыі ў Беларусі. За прагаласавалі 506 дэпутатаў, супраць – 29. Устрымаліся 139 чалавек.
У дакуменце ўлады Беларусі завінавачваюцца ў міграцыйным крызісе на мяжы ЕЗ і адзначаецца неабходнасць падтрымкі Польшчы, Літвы і Латвіі. Таксама падкрэсліваецца неабходнасць Міжнароднага трыбуналу ААН адносна Беларусі і ўвядзення новых сектаральных санкцыяў супраць рэжыму.
МГ belsat.eu