Палітыкі, пісьменнікі і навукоўцы. У жылах каго з набэліятаў цячэ беларуская кроў


8 кастрычніка Нобэлеўскі камітэт абвесціць лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру. Сярод намінантаў з вельмі высокімі шанцамі на яе атрыманне ёсць і беларуская лідарка Святлана Ціханоўская. З гэтай нагоды мы сабралі атрымальнікаў прэміі, якія маюць дачыненне да Беларусі.

Незалежная Беларусь

Уласна ў Беларусі ёсць толькі адна ўзнагарода Нобэлеўскаю прэміяй. У 2015 годзе ў галіне літаратуры яе атрымала пісьменніца Святлана Алексіевіч. Аўтарка такіх твораў, як «У вайны не жаночае аблічча», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд» ды іншыя атрымала ўзнагароду «за шматгалосую творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў наш час».

Святлана Алексіевіч ідзе да будынку Следчага камітэту на допыт у справе стварэння Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Што цікава, Святлана Алексіевіч, якая паходзіць з мяшанай беларуска-ўкраінскай сям’і, нарадзілася не ў Беларусі і першыя гады свайго жыцця правяла ва Украіне.

Нарадзіліся ў Беларусі

Разам з тым сярод нобэлеўскіх лаўрэатаў дастаткова тых, хто нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, але пасля пераехаў у іншыя краіны.

Напрыклад, Сайман Кузнец, які ў 1971 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне эканоміцы за эмпірычна абгрунтаванае тлумачэнне эканамічнага росту, якое прывяло да новага, больш глыбокага разумення эканамічнай і сацыяльнай структуры ды працэсу развіцця ў цэлым. Сайман Кузнец нарадзіўся ў 1901 годзе ў Пінску, але ў 1922-м пераехаў у ЗША, дзе скончыў Калумбійскі ўніверсітэт, абараніў дысертацыю і працаваў у Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў. Ён першы зрабіў афіцыйную ацэнку нацыянальнага даходу ЗША.

У 1978 годзе сярод атрымальнікаў Нобэлеўскай прэміі міру за рыхтаванне і заключэнне асноўных пагадненняў паміж Ізраілем і Егіптам быў прэм’ер-міністр Ізраілю Мэнахэм Бэгін, які нарадзіўся ў 1913 годзе ў Берасці як Мечыслаў Бягун. У 1940 годзе савецкія ўлады выслалі яго ў Сібір, адкуль Мэнахэм-Мечыслаў вызваліўся праз два гады, далучыўся да польскай Арміі Андэрса. У 1977-м стаў прэм’ер-міністрам Ізраілю і заставаўся на гэтай пасадзе да 1983-га.

У 1994 годзе Нобэлеўскую прэмію міру за намаганні ў дасягненні міру на Блізкім Усходзе атрымаў яшчэ адзін нарадзінец Беларусі – тымчасовы міністр замежных справаў Ізраілю Шымон Пэрэс. Ён нарадзіўся ў 1923 годзе ў Вішневе, што на Валожыншчыне, у сям’і Іцхака і Сары Перскіх. А ў 1934-м разам з сям’ёй пераехаў на Блізкі Усход. Двойчы ўзначальваў урад Ізраілю і сем гадоў быў ягоным прэзідэнтам.

Тамара Алфёрава бярэ ўдзел у цырымоніі адкрыцця ў Санкт-Пецярбургскім акадэмічным універсітэце помніку расейскаму фізіку і лаўрэату Нобэлеўскай прэміі Жарэсу Алфёраву. Санкт-Пецярбург, Расея. 16 красавіка 2019 года.
Фота: Пётр Кавалёў / TASS / Forum

У 2000 годзе Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізікі за развіццё паўправадніковых гетэраструктураў для высакахуткаснай оптаэлектронікі атрымаў нарадзінец Віцебску Жарэс Алфёраў. Гетэраструктурныя паўправаднікі, створаныя Алфёравым, ёсць ува ўсіх мабільных тэлефонах, выкарыстоўваюцца для працы прайгравальнікаў кампакт-дыскаў, у фарах аўтамабіляў і ў святлафорах. Жарэс Алфёраў нарадзіўся ў 1930 годзе, скончыў школу ў Менску, а пасля з’ехаў у Расею, з якой і звязаў сваё жыццё. Памёр два гады таму, у 2019-м.

Хто яшчэ

Яшчэ некаторыя нобэлеўскія лаўрэаты маюць беларускія карані, хоць і не нарадзіліся на нашых землях.

Сярод іх – лаўрэат Нобэлеўскай прэміі з літаратуры 1905 года Гэнрык Сенкевіч, чые продкі паходзілі з Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, менавіта ў Беларусі – у вёсцы Дубнікі Астравецкага раёну – Сянкевіч стварыў канцэпцыю свайго «Патопу» і напісаў «Пана Валадыёўскага». Дарэчы, значная частка падзеяў ягонай знакамітай трылогіі адбываецца ў Беларусі або мае сярод герояў людзей са спеўным беларускім акцэнтам.

У 1962 годзе за наватарскія тэорыі кандэнсаваных асяроддзяў, асабліва вадкага гелію Нобэлеўскую прэмію атрымаў савецкі навуковец Леў Ландаў. Ён хоць і нарадзіўся ў 1908 годзе ў Баку, але бацькі былі з Магілёва.

У 1965 годзе лаўрэатам прэміі ў галіне фізікі стаў сын менчука Рычард Філіпс Файнмэн, якога лічаць адным са стваральнікаў амерыканскай атамнай бомбы. Узнагароду ён атрымаў за фундаментальныя працы ў квантавай электрадынаміцы, якія мелі глыбокія наступствы для фізікі элементарных часціцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Miranda Cikotic / PIXSELL / Forum

У 1975 годзе за ўнёсак у тэорыю аптымальнага размеркавання рэсурсаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне эканомікі атрымаў савецкі матэматык і эканаміст, акадэмік Леанід Кантаровіч. Ён нарадзіўся ў 1912 годзе ў Санкт-Пецярбурзе, але ягоныя бацькі паходзілі з Меншчыны.

У 1977 годзе Нобэлеўскай прэміяй у галіне хіміі за працы па тэрмадынаміцы незваротных працэсаў, асабліва за тэорыю дысіпатыўных структураў уганаравалі бельгійскага навукоўца Іллю Прыгожына. Прыгожын нарадзіўся ў 1917 годзе ў Маскве, ягоны бацька быў з Магілёва, а маці – з Гомля. Савецкую Расею сям’я пакінула ў 1921-м.

У 1979 годзе сярод атрымальнікаў Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізікі за ўнёсак у тэорыю слабых і электрамагнітных узаемадзеянняў паміж элементарнымі часціцамі, у тым ліку за прадказанне слабых нейтральных токаў быў Шэлдан Лі Глэшаў. Ён нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў 1932 годзе, ягоныя бацькі – Льюіс і Бэла Глухоўскія былі з Бабруйску.

У 1994 годзе быў яшчэ адзін лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру з беларускімі каранямі – прэм’ер-міністр Ізраілю Іцхак Рабін. Ён нарадзіўся ва Украіне ў 1922 годзе, а вось ягоная маці Роза была з беларускага Магілёва. У 1995 годзе прэм’ер загіне ад рукі фанатыка.

У 1995 годзе Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізікі за эксперыментальнае выяўленне нейтрыну атрымалі два амерыканцы беларускімі каранямі – Марцін Пэрл і Фрэдэрык Райнэс. Бацька Марціна нарадзіўся ў Пружанах, а маці і бацька Райнэса паходзілі з Ліды.

У1997 годзе лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізіялогіі ды медыцыны за адкрыццё прыёнаў (новай біялагічнай крыніцы інфекцыі) стаў Стэнлі Бэн Прузінэр. Ягоныя продкі жылі ў Менску, Шклове, Магілёве, Пружанах і Міры.

У 2000 годзе нобэля ў галіне хіміі прысудзілі Элану Гігеру. Ягоныя продкі таксама эмігравалі ў ЗША з Беларусі. Узнагароду ён атрымаў за адкрыццё ў галіне электраправодных палімераў.

Пол Кругмэн выступае перад журналістамі пасля сустрэчы, прысвечанай глабальнай эканоміцы, арганізаванай прэм’ер-міністрам Японіі Сіндзо Абэ. Токіа, Японія. 22 сакавіка 2016 года.
Фота: POOL New / Reuters / Forum

У 2008 годзе Нобэлеўскую прэмію ў эканоміцы за аналіз мадэляў гандлю і праблемаў эканамічнай геаграфіі ўручылі Полу Кругмэну. Ягоныя бабуля і дзядуля па лініі бацькі пераехалі ў ЗША з Берасця ў 1920-ыя.

Праўда, нельга выключаць, што спіс тых лаўрэатаў, хто мае беларускае паходжанне, большы. Магчыма, сёлета да гэтага пераліку дададуцца новыя імёны.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў