Еўрапарламент заклікаў разгледзець справу Беларусі ў Міжнародным судзе ААН


Галасаванне адносна Беларусі. Скрын з сайту Еўрапарламенту

7 кастрычніка дэпутаты Еўрапейскага парламенту ўхвалілі рэзалюцыю адносна сітуацыі ў Беларусі. Пасяджэнне транслявалі онлайн на сайце Еўрапарламенту.

За прагаласавалі 506 дэпутатаў, супраць – 29. Устрымаліся 139 чалавек.

Новыя сектаральныя санкцыі ды Міжнародны трыбунал

У дакуменце Еўрапарламент выказаў «цвёрдую салідарнасць з Літвою, Польшчай і Латвіяй, а таксама з іншымі краінамі ЕЗ, якія нядаўна сутыкнуліся са спробамі беларускага рэжыму накіраваць значную колькасць мігрантаў і ўцекачоў да вонкавых межаў ЕЗ». Паводле еўрадэпутатаў, пераход нелегальных мігрантаў у ЕЗ пры фінансавым падтрыманні ўладаў Беларусі ў спалучэнні з кампаніяй дэзынфармацыі ёсць формаю гібрыднай вайны, накіраванай на запалохванне і дэстабілізацыю Еўрапейскага Звязу.

Заяўляюць, што інстытуты ЕЗ і дзяржавы-чальцы павінны тэрмінова справіцца з шматмерным крызісам на мяжы з Беларуссю, каб дапамагчы мігрантам і даць ім неабходную падтрымку.

Еўрапарламент таксама падкрэслівае неабходнасць разгляду справы Беларусі ў Міжнародным судзе ААН у сувязі з масавымі злачынствамі, «учыненымі супраць грамадзянаў краіны рэжымам незаконнага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі». Паводле рэзалюцыі, гэта павінна быць зроблена на падставе Чыкагскай канвенцыі, Манрэальскай канвенцыі і Канвенцыі ААН супраць катаванняў, парушаных уладамі Беларусі.

Акрамя таго, еўрадэпутаты шкадуюць, што ўведзеныя ЕЗ эканамічныя санкцыі толькі часткова паўплывалі на рэжым Лукашэнкі. Таму яны заклікаюць краіны ЕЗ і надалей узмацняць жорсткасць адрасных эканамічных санкцыяў, засяродзіўшы ўвагу на ключавых беларускіх сектарах, і неадкладна прасоўваць пяты пакет санкцыяў супраць беларускіх фізічных і юрыдычных асобаў, «якія бяруць удзел у бясконцых рэпрэсіях».

Еўрадэпутаты заклікаюць да безумоўнага падтрымання беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў арганізацыі свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем. Яны таксама асуджаюць няспынныя стасункі паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным ды зноў заяўляюць пра неабходнасць выкрыць падтрыманне Расеяй жорсткіх рэпрэсіяў Лукашэнкі супраць народу Беларусі, а таксама яе дачыненне да гібрыдных дзеянняў супраць ЕЗ.

Поўны тэкст рэзалюцыі змешчаны па спасылцы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў