Дырэктар школы ў Берасці павесіўся, так сцвярджаюць яго калегі


Пётр Герасімук.
Фота: 26brest.schools.by

Шэраг крыніц паведамілі пра смерць дырэктара сярэдняй школы нумар 26 Берасця Пятра Герасімука. Па словах калегаў, Пётр Сцяпанавіч 6 верасня правёў у школе нараду і пайшоў да дому, больш з калегаў і вучняў ніхто яго не бачыў.

Адной з версій смерці дырэктара стала спыненне сэрца, але яго калегі сцвярджаюць, што ён павесіўся.

– Апошнім часам ён зусім не вясёлы быў, яму год да пенсіі заставалася, і ён баяўся гэтую працу страціць. Мо на яго нехта ціснуў, – сказала «Белсату» наша суразмоўца.

У школе сёння адбываюцца следчыя дзеянні, адміністрацыя робіць усё, каб схаваць інфармацыю пра гэтае здарэнне.

Чытачы даслалі нам пратакол з выбараў прэзідэнта 2020 года на ўчастку ў гэтай школе. Бачна, што Лукашэнка набраў 793 галасы, а Святлана Ціханоўская – 529. На датэрміновым галасаванні прагаласавалі 485 выбарнікаў з 1500, якія бралі ўдзел у галасаванні.

Назіральнікі падчас прэзідэнцкіх выбараў у школе № 26 Берасця.
Фота: МХ / Белсат

Назіральнік, які працаваў на гэтым участку, сцвярджае, што ў асноўны дзень тут перамагла Ціханоўская, а пад час датэрміновага галасавання нармальнага назірання фактычна не было.

Журналісты «Белсату» наведвалі ўчастак у 26 школе Берасця падчас датэрміновага галасавання і могуць пацвердзіць, што незалежныя назіральнікі фактычна не змаглі патрапіць на тэрыторыю ўчастку і былі вымушаны назіраць з прыступак школы на двары.

АЛ/МГ belsat.eu

Стужка навінаў