На літоўскай мяжы затрымалі рэкордную партыю беларускіх цыгарэт – на 4 млн еўраў


Літоўскія мытнікі перахапілі адну з найбуйнейшых у гэтым годзе партыю беларускіх цыгарэт. Іх везлі маршрутам праз Расею – з Калінінградскай вобласці праз літоўскі пункт пропуску «Кібартай».

Затрыманая партыя беларускіх цыгарэт.
Фота: lrmuitine.lt

Раніцай 29 ліпеня грузавы аўтамабіль DAF на расейскіх нумарах пераязджаў расейска-літоўскую мяжу. Кіроўца, грамадзянін Расеі, заявіў, што вязе ва Уладзімір 18,6 тоны каўбасы «Доктарская». Аўтамабіль адправілі на рэнтген-кантроль, дзе высветлілася, што замест каўбасы ў ім перавозіліся беларускія цыгарэты.

«Калі паўпрычэп адчынілі, нават дасведчаныя мытнікі здзівіліся нахабству парушальнікаў: увесь паўпрычэп, аж да дзвярэй, быў набіты скрынямі кантрабандных цыгарэт. Іх было так шмат, што скрыні ледзь не вываліліся ў адчыненыя дзверы паўпрычэпа. Мытнікаў павесяліла і тое, што на адной са скрыняў была налепка з надпісам, што гэта каўбаса», – гаворыцца ў паведамленні літоўскага памежнага ведамства.

Затрыманая партыя беларускіх цыгарэт.
Фота: lrmuitine.lt

Усяго было канфіскавана 2000 скрыняў з цыгарэтамі, больш за 1 млн пачак. Кошт цыгарэт, разам з падаткамі, ацэньваецца на 4,12 млн еўраў, паведамляе мытня Літвы.

Пачатае дасудовае расследаванне. Кіроўцу арыштавалі на 15 содняў.

Затрыманая партыя беларускіх цыгарэт.
Фота: lrmuitine.lt
Затрыманая партыя беларускіх цыгарэт.
Фота: lrmuitine.lt

Гэта рэкордная колькасць цыгарэт, затрыманых на літоўскай мытні. Аналагічная партыя была перахопленая 17 сакавіка гэтага года. Тады на прапускным пункце «Райгардас» (на мяжы з Беларуссю) знайшлі каля 2000 скрыняў беларускіх цыгарэт, засыпаных торфам.

За першае паўгоддзе 2023 года літоўская мытня ўжо затрымала 6,46 млн пачак кантрабандных цыгарэт і 32 т тытуню (удвая менш, чым у мінулым годзе) – іх кошт перавышае 26 млн еўраў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў