«Бела-Кола» замахнулася замяніць у Расеі «Coca-Cola». Ці хопіць сілаў?


Наўрад ці вытворчых магутнасцяў хопіць, каб напаіць нават дзясятую частку Расеі, але нейкі адсотак рынку беларускі клон «Coca-Cola» сапраўды можа заняць.

«Бела-Кола». Выява: bela-cola.by

Дзяржаўны тэлеканал СТВ паведаміў 5 жніўня, што беларускі напой «Бела-Кола» гатовы замяніць «Coca-Cola» на расейскім рынку, які амерыканская кампанія пакінула пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

«Прадстаўнікі вялікага бізнесу саюзных дзяржаваў падпісалі мемарандум аб пашырэнні бізнес-кантактаў у галіне інавацыяў, – расказвае дзяржаўная тэлевізія. – Замест амерыканскай «Coca-Сola» цяпер у Расеі будуць прадаваць нашую беларускую «Бела-Колу». Айчынныя вытворцы захавалі імпартныя тэхналогіі вытворчасці гэтага напою. Ён будзе якасцю нічым не саступаць заходняму аналагу».

Адзначаюць, што «Coca-Cola» і «Pepsi» пачыналі сваю вытворчасць у Беларусі на Менскім заводзе безалкагольных напояў, які цалкам мадэрнізавалі, а «спецыялісты атрымалі досвед, вывучылі тэхналогіі ды кантроль якасці». Цяпер той завод выпускае «Бела-Колу».

Каментар
Беларусь страчвае інвестараў, а грамадства і эканоміка губляюць магчымасці і перспектывы
2022.08.01 10:00

Падобную заяву вытворцы «Бела-Колы» робяць не ўпершыню. У траўні МЗБН хваліўся, што з канца лютага рост продажаў у Расеі вырас на 50 %, збіраецца заняць месца «Coca-Cola» на расейскім рынку і што ўсё гэта дзякуючы якасці напояў, а не падобнай этыкетцы.

Менскі завод безалкагольных напояў, які вырабляе «Бела-Колу», мае праектную магутнасць 21 млн дэкалітраў за год. Нават калі скарыстаць усё гэта пад вытворчасць «Бела-Колы» для Расеі, таго не хопіць, каб цалкам замяніць «Кока-Колу»: у 2021 годзе кампанія «Coca-Cola» прадала ў Расеі каля 210 млн дэкалітраў напояў – у 10 разоў больш, чымся можа вырабіць МЗБН.

Значную частку расейскага рынку «Кока-Колы» хочуць заняць самі расейцы – адзін з буйных вытворцаў ужо зладзіў «рэбрэндынг» у стылі напояў «Coca-Cola», шэраг вытворцаў эксперыментуе з рознымі «коламі».

«Coca-Cola» пакінула расейскі рынак і закрыла вытворчасці ў сувязі з пачаткам поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну. Але беларускі рынак не збіраецца пакідаць, працягвае вытворчасць на заводзе ў Калядзічах каля Менску, мае 7 філіялаў і 9 прадстаўніцтваў у іншых гарадах.

Аналітыка
«Бєлорусія» выйшла з моды: што сталася з украінскімі псеўдабеларускімі брэндамі
2022.07.22 15:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў