У Калодзішчах Менскага раёну АМАП выявіў чатыры групы нерэгулярных мігрантаў. Усяго затрымалі 32 чалавек: сярод іх – грамадзяне Афганістану, Індыі і Бангладэшу. Пра гэта 7 ліпеня паведамляе МУС.
Мігранты прыехалі ў Беларусь з Расеі і планавалі трапіць у Польшчу.
«Замежнікі прыбылі ў нашую краіну з Расеі наземным транспартам, далей планавалі прайсці ў Польшчу. Беларускія візы ў іх адсутнічалі. Нелегалы прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці і прымусова справоджаныя з краіны», – піша МУС.
Таксама ў ведамстве сцвярджаюць, што шукаюць арганізатараў і памагатых мігрантам.
Куды іх выслалі з Беларусі, сілавікі не сказалі.
Нагадаем: у лютым сёлета МУС таксама паведамляла пра затрыманне каля ста мігрантаў. Яны нелегальна прыбылі ў Беларусь з Расеі наземным транспартам і планавалі пасля апынуцца ў краінах Заходняй Еўропы. Іх затрымалі ў Міханавічах. Тады ў ведамстве казалі, што 54 замежнікі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, ім далі права добраахвотна пакінуць Беларусь. Семярых затрымалі, бо тыя не мелі дакументаў, іхныя асобы будуць высвятляцца.
Алена Рувіна belsat.eu