Пазіцыйныя баі па ўсёй лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 499-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 7 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Часаў Яр, Данецкая вобласць.
Фота: Ercin Erturk / Anadolu Agency / ABACA / Abaca Press / Forum

Цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны працягнулі наступальныя аперацыі на ўсходзе і поўдні краіны, засяродзіўшы свае асноўныя намаганні на бахмуцкім, бярдзянскім і мэлітопальскім кірунках у Данецкай і Запарожскай вобласцях. У сваю чаргу войскі РФ наступалі на асобных кірунках у Луганскай і Данецкай вобласцях. Пры гэтым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрознівалася ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

Купянскі і ліманскі кірункі (лінія фронту ў Харкаўскай, Луганскай, а таксама на поўначы Данецкай вобласцяў)

Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на гэтых кірунках украінскія вайскоўцы абараняюцца. Таксама адзначаюць адбіццё атак праціўніка на захадзе ад Кармазінаўкі ў Луганскай вобласці.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ прасунуліся на поўдні ад Навасёлаўскага і занялі некалькі лесапалосаў каля чыгункі. Цяпер расейцы намагаюцца прасунуцца да пасадкі на мяжы з паселішчам. У самым сяле крыніца фіксуе замацаванне УС РФ на асобных вуліцах каля чыгуначнай станцыі.

Акрамя гэтага, «Рыбарь» піша аб прасоўванні на рубяжы Макееўка – Нэўскае.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

Збройныя сілы Украіны працягваюць наступаць на флангах Бахмуту, імкнучыся атачыць раённы цэнтр з поўначы і поўдня.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў піша пра поспехі ЗСУ каля Бэрхаўкі.

«Рыбарь» паведамляе, што, наадварот, войскі РФ пашырылі зону кантролю каля Бэрхаўскага вадасховішча.

Контратакі расейцаў каля Бэрхаўкі прызнае і Генеральны штаб ЗСУ, але сцвярджае, што ўсе яны былі адбітыя сіламі абароны краіны.

На поўдні ад Бахмуту ЗСУ наступаюць у бок Клішчыеўкі. Тут трывае барацьба за галоўныя вышыні каля паселішча.

«Рыбарь» мяркуе, што неўзабаве ўкраінскія вайскоўцы пойдуць у больш маштабны наступ каля Бэрхаўкі і Клішчыеўкі, адначасова з гэтым будзе нанесены ўдар з боку Хромава, які мае адцягнуць увагу расейцаў ад флангаў.

Горлаўскі кірунак (ваколіцы аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

Прарасейскія крыніцы паведамляюць, што ранкам 7 ліпеня ЗСУ ў колькасці да роты пры падтрыманні тэхнікі атакавалі пазіцыі расейцаў паміж Азаранаўкай і Маёрскім. Сцвярджаюць, што ў выніку атакі ўкраінцы страцілі два танкі і адну баявую машыну пяхоты, пасля чаго вярнуліся на старыя пазіцыі.

Аўдзееўскі, мар’інскі і шахцёрскі кірункі (на поўначы, захадзе і поўдні ад Данецку)

У ваколіцах Бахмуту УС РФ атакавалі каля Первамайскага, Новаміхайлаўкі і ў Мар’інцы. Паўсюль ЗСУ ўдалося стрымаць праціўніка.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на сутыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў)

На гэтак званым урэмаўскім выступе ЗСУ наступалі каля Прыютнага і Старамаёрскага. «Рыбарь» піша, што ў ваколіцах першага паселішча ім удалося крыху адціснуць праціўніка і выпрастаць лінію фронту.

Пры гэтым каля Старамаёрскага расейцы адзначыліся контратакай, у выніку якой удалося выбіць украінцаў з лесапасадкі на поўначы ад сяла.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Нікапаль, Украіна.
Фота:  Andre Luis Alves / Anadolu Agency/ ABACA / Abaca Press / Forum

Мэлітопальскі кірунак (лінія фронту ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці)

Сямён Пегаў піша, што ЗСУ цягам содняў прасунуліся на паўночным усходзе ад сяла Работына ў Такмакскім раёне.

На захадзе ад гэтага ўчастку ўкраінскія вайскоўцы штурмавалі сяло Жарабянкі, але поспеху не дасягнулі і вярнуліся на старыя пазіцыі.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ўздоўж рэчышча Дняпра ў Херсонскай вобласці)

Прарасейскія крыніцы пішуць, што ЗСУ па-ранейшаму кантралююць невялікі плацдарм на левым беразе ракі ў ваколіцах Антонаўскага мосту. Пры гэтым цягам содняў бакі не праводзілі наземных аперацыяў, засяродзіўшыся на нанясенні ўдараў з мінамётаў і артылерыі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў