Нават калі зрабілі прышчэпку і жывяце ў краіне з высокай доляй вакцынаваных, вы не ў поўнай бяспецы. Калі ж вы ў Беларусі, беражыце сябе: што тут з каронавірусам, невядома. Вірус знайшоў шляхі да новых ахвяраў.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны тэма COVID-19 адышла ў Еўропе на другі план. Рэч не толькі ў тым, што з’явілася страшнейшай пагроза: пасля гіганцкага студзеньскага піку ў лютым 2022 года ў свеце ішоў рэзкі спад захваральнасці і смяротнасці ад COVID-19. Шмат якія краіны ў выніку знялі каронавірусныя абмежаванні.
Але каронавірус вяртаецца з новымі сіламі і адкрывае для сябе новыя краіны. Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі здароўя (СГА) Тэдрас Адханам Гебрэесус адзначыў, што ў апошнія два тыдні колькасць новых выпадкаў COVID-19 падскочыла на 30 %.
За апошні тыдзень найбольш новых выпадкаў COVID-19 выявілі ў Францыі: што ў абсалютнай колькасці (амаль 863 тыс.), што на душу насельніцтва. Шмат новых выпадкаў выявілі таксама ў Злучаных Штатах (632 тыс.), Нямеччыне (628 тыс.), Італіі (609 тыс.) і Бразіліі (404 тыс.).
Вірус дабраўся нават да Аўстраліі (242 тыс. выпадкаў за апошні тыдзень), Тайваню (236 тыс.) і Новай Зеландыі (61,5 тыс.) – для іх гэта першая буйная хваля захваральнасці. Нават Паўночная Карэя ў канцы вясны прызнала існаванне каронавіруса. Найбольшая доля захворванняў на душу насельніцтва цяпер у астраўной рэспубліцы Науру, для якой гэтая хваля таксама першая. Там выявілі за тыдзень толькі 1831 выпадак, але пры насельніцтве каля 10 тыс. гэта дае ў 10 разоў больш захворванняў на душу насельніцтва, чым у Францыі. А ў новых краінах вірус можа займець новыя мутацыі.
Цяжкасць гэтай хвалі розная ў розных краінах, што бачна з формы графікаў распаўсюду каронавіруснай хваробы.
Агульныя дэталі такія:
Ува ўсёй гэтай статыстыцы трэба ўлічваць, што гаворка пра выяўленыя выпадкі. Нявыяўленых можа быць крыху больш, а можа – значна больш. Усё залежыць ад таго, наколькі актыўна людзі ў канкрэтнай краіне робяць тэсты і наколькі інфармаваныя аб пандэміі.
Цяжка сказаць, што адбываецца ў Кітаі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, з сакавіка 2020 года да сакавіка 2022-га там практычна не выяўлялі каронавіруснай хваробы, у сакавіку-красавіку быў выбух захваральнасці, а ў траўні вірус нібы адключылі. Тамтэйшая статыстыка не выклікае даверу, а палітыка поўнай ізаляцыі гарадоў, дзе выявілі COVID, не дазваляе ацаніць рэальнай карціны (і заадно ламае сусветны гандаль).
У свеце па-ранейшаму пануе штам о-мікрон, але новыя інфекцыі выклікаюць яго падштамы BA.4 і BA.5, у ЗША дамінуе BA.2.12.1, а Сусветная арганізацыя здароўя таксама сочыць за зусім новым BA.2.75. З назвамі ўсё так складана, бо вірус пастаянна мутуе, і нават невялікая, але «паспяховая» мутацыя можа мець вялікі эфект на заразлівасць і шкоднасць.
Па польскіх медыях разляцелася заява рэгіянальнага віцэ-міністра здароўя аб тым, што ўжо «можна казаць пра COVID-22», бо хвароба так моцна адрозніваецца ад ранейшай. Насамрэч, COVID-19 ніхто не збіраецца пераймяноўваць, але вірус і праўда змяніўся.
BA.4 і BA.5 нязначна адрозніваюцца ад іншых о-мікронаў у генетычным сэнсе, але распаўсюджваюцца хутчэй за ранейшыя штамы і могуць абысці некаторыя імунныя рэакцыі. Добрая навіна ў тым, што яны выклікаюць менш шпіталізацыяў і смерцяў, кепская – што яны, падобна, могуць заражаць тых, хто меў імунітэт ад ранейшых формаў о-мікрону нават у камбінацыі «вакцына + перанесеная хвароба», а дзякуючы вакцынам могуць даваць шмат каму бессімптомную хваробу і пры тым заражаць людзей з групы рызыкі.
Гендырэктар СГА адзначыў і іншыя праблемы з каронавірусам:
Ува ўсіх суседзяў Беларусі новай хвалі пакуль не відаць: людзі хварэюць, але не так масава, як у мінулыя хвалі. Але ж статыстыка Украіны і Расеі не выклікае даверу: на тэрыторыі першай ідзе вайна, другая ж утойвае рэальную статыстыку (як і Беларусь).
Што ў самой Беларусі з COVID-19, невядома. Міністэрства аховы здароўя адмовілася ад рэгулярных публікацыяў статыстыкі: апошняя публікацыя была 5 ліпеня, перадапошняя – 10 траўня. За гэты час статыстыка вырасла нязначна: з 982,2 тыс. да 994 тыс. выпадкаў і з 6978 да 7118 прызнаных смерцяў. У СГА з Беларусі таксама перасталі слаць рэгулярную статыстыку.
З аднаго боку, паведамленняў пра надзвычайны завал у клініках не было. З другога боку, недзяржаўным медцэнтрам з пачатку лета забаранілі рабіць ПЛР-тэсты на COVID-19, а дзейнасць найбуйнейшага прыватнага медцэнтру прыпынялі на месяц з сумнеўных прычынаў якраз тады, калі ў свеце пачыналася новая хваля.
Сітуацыя з вакцынацыяй у Беларусі таксама незразумелая. Апошні раз афіцыйныя лічбы вакцынацыі паведамлялі 14 траўня, тады хаця б адну дозу вакцыны атрымалі (калі верыць Мінздароўя) 6,35 млн чалавек або 68,6 % насельніцтва, а дзве і больш – 6,07 млн. Вось толькі ў Беларусі ўжываюць як расейскі «Спутник V» (які, падобна, эфектыўны), так і кітайскія вакцыны, эфектыўнасць якіх пад пытаннем, і нават расейскі «КовиВак», эфектыўнасць якога занадта нізкая.
Алесь Наваборскі belsat.eu