Беларусам будзе прасцей атрымаць від на жыхарства ў Польшчы


9 ліпеня Польшча спрашчае працэдуру атрымання часовага віду на жыхарства для беларусаў з гуманітарнымі візамі, якія жывуць у Польшчы, інфармуе польская Управа ў справах замежнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

9 ліпеня 2022 года ў Польшчы набывае моц пастанова, якая дазволіць звяртацца па дазвол на часовы побыт тым грамадзянам Беларусі, якія маюць польскую гуманітарную візу (з пазнакай «D 21»). Перад падачай заявы на гэты від на жыхарства чалавек павінен быць на тэрыторыі Польшчы.

Новы від на жыхарства:

– будзе выдавацца адзін раз тэрмінам на тры гады;

– зробіць дазвол і карту побыту, выдадзеную на яго падставе, бясплатнымі;

– вызваліць свайго ўладальніка ад абавязку мець дазвол на працу.

Дазвол на часовы побыт будзе выдавацца ваяводам па месцы знаходжання грамадзяніна Беларусі.

З 1 студзеня 2023 года ўладальнік гэткага часовага віду на жыхарства зможа хадайнічаць аб выдачы польскага праязнога дакументу для замежніка.

«Магчымасць спрошчанай легалізацыі – яшчэ адна праява асаблівага падтрымання Польшчай беларускага грамадства, якое зазнае рэпрэсіі ў сваёй краіне са жніўня 2020 года», – заявіў прэсавы сакратар Управы ў справах замежнікаў Якуб Дудзяк.

Спрашчэнне легалізацыі беларусаў у Польшчы было адной з тэмаў размовы Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Матэўшам Маравецкім 4 ліпеня. Кіраўнік польскага ўраду запэўніў беларускую дэмакратычную лідарку, што «змены наступяць у хуткім часе». Падчас сустрэчы з беларускай дыяспарай у Варшаве Ціханоўская заявіла, што неўзабаве беларусы, у якіх няма візаў і нават пашпартоў, змогуць атрымаць у Польшчы дакументы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле звестак Управы ў справах замежнікаў, грамадзяне Беларусі – другая паводле колькасці група замежнікаў у Польшчы (пасля ўкраінцаў). Дзейны дазвол на жыхарства ў гэтай краіне маюць больш за 50 тысячаў чалавек. Польскія ўлады адзначаюць значны рост міграцыі беларусаў у Польшчу са жніўня 2020 года.

ЯЛ belsat.eu

Стужка навінаў