Другая палова лета чакаецца спякотная: + 30° C і вышэй


Да канца ліпеня і ў жніўні ў Беларусі прагназуюць высокую тэмпературу паветра і няўстойлівае надвор’е. Пра гэта распавёў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамету Аляксандр Бяганскі падчас прэс-канферэнцыі 7 ліпеня.

«У першай дэкадзе ліпеня зноў усталюецца спякотнае надвор’е. З 8 да 12 ліпеня прагназуем на большай частцы тэрыторыі краіны высокія тэмпературы – + 30–34° C, ападкі малаверагодныя, з 12 ліпеня ёсць верагоднасць кароткачасовых дажджоў, – кажа Аляксандр Беганскі. – Чакаем спякотнае, але няўстойлівае надвор’е ў ліпені. Не выключаем высокіх тэмператураў і ў жніўні – + 30° C і вышэй».

Паводле адмыслоўца, у параўнанні з 2020 годам значных кліматычных адхіленняў у першым паўгоддзі няма. Аднак у чэрвені на некаторых метэастанцыях былі пабітыя тэмпературныя рэкорды – у Барысаве, Васілевічах (Гомельская вобласць) – з 1901 года, у Пінску быў абноўлены тэмпературны максімум з 1885 года. Максімальная тэмпература была зафіксаваная ў пасёлку Ацябрскі: + 37,1 °C.

Начальнік службы метэаралагічных прагнозаў таксама зазначыў, што цягам апошніх гадоў у Беларусі пераразмеркаваўся рэжым увільгатнення – цяпер больш ападкаў выпадае ўвосень і ўзімку, а сярэднегадавая тэмпература таксама вышэйшая коштам цёплых зімовых і восеньскіх дзён.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў