Вынікі пошуку для:

Ад ГУЛАГу да еўрапейскіх практык. Як змяніць беларускія турмы ды калоніі, каб там не катавалі людзей

Людзі ў калоніях. Фота: gorobzor.ru

Перапоўненыя вязніцы, катаванні, паламаныя лёсы, а часам нават страчаныя жыцці. Такі вынік працы беларускай пенітэнцыярнай сістэмы. Тое, што яе трэба мяняць, відаць, разумее абсалютная большасць жыхароў Беларусі. Але як гэта рабіць? Абмяркоўваем з экспертамі ў цыкле «Як жыць будзем?» – пра важныя праблемы сучаснасці і будучыні.

Турмы перапоўненыя

На сёння ў Беларусі 15 папраўчых калоніяў, 29 папраўчых калоніяў адкрытага тыпу, 9 лячэбна-працоўных прафілакторыяў, 6 следчых ізалятараў, 3 турмы і 3 калоніі-пасяленні. Асобна для няпоўнагадовых ёсць яшчэ адна папраўчая калонія. Таксама людзей могуць прысудзіць да ўмоўнага пакарання, даць пакаранне з адтэрміноўкай або прызначыць «хатнюю» хімію.

Паводле звестак «World Prison Brief», на канец 2018 года Беларусь была еўрапейскім лідарам, паводле колькасці зняволеных – 345 чалавек на 100 тыс. насельніцтва. У Турцыі, якая знаходзіцца на другім месцы, гэты паказнік складае 335 чалавек, у Расеі – 329. Для параўнанні ў суседняй Латвіі на 100 тыс. чалавек прыпадае 175 зняволеных (удвая менш), у Літве – 216, у Польшчы – 188, а ва Украіне – толькі 144.

За апошні год у Беларусі з’явілася яшчэ і вялізная колькасць палітвязняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» па стане на 1 чэрвеня 2021 года сабраў больш як 1200 імёнаў і прозвішчаў людзей, чый крымінальны пераслед звязаны з падзеямі выбарчай кампаніі і пасля яе. З іх 534 чалавекі ўжо прызнаныя палітвязнямі.

Папраўчую калонію «Воўчыя норы» рыхтуюць для «палітычных»

Вялікая колькасць вязняў далёка не адзіная праблема беларуская пенітэнцыярная сістэмы. Яны рэгулярна паведамляюць пра жудасныя ўмовы абыходжання, катаванні, нядопуск адваката і гэтак далей. У траўні гэтага года ў шклоўскай калоніі памёр палітзняволены Вітольд Ашурак.

З такімі ўмовы сутыкаюцца не толькі «палітычныя». Яшчэ, напрыканцы 2014 года Лукашэнка даручыў стварыць у калоніях такія ўмовы для асуджаных за наркотыкі, каб яны «смерці прасілі». А сённяшні намеснік міністра ўнутраных справаў, калі верыць злітым аўдыёзапісам, увогуле казаў пра неабходнасць стварэння канцлагера для «востракапытных».

«Зрабіць лагер – і калючы дрот па перыметры». «ByPol» апублікаваў запіс голасу, падобнага да Карпянкова

Падзеі беларускай рэвалюцыі агалілі хібы беларускай пенітэнцыярнай сістэмы. Але як яе мяняць, каб яна не ламала людзей, а выпраўляла іх дзеля далейшага жыцця ў грамадстве? Паразмаўлялі з экспертамі на гэты конт.

Падрыхтаваць, а не падпарадкаваць

Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак галоўнай праблемай пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі лічыць тое, што «яна не бачыць чалавека як суб’ект, якога трэба падрыхтаваць максімальна да выхаду на волю».

«Перш за ўсё логіка ў тым, каб утрымаць падпарадкаванне і кіраванасць сістэмы. А акцэнты на рэсацыялізацыю, на падрыхтоўку чалавека да выхаду на волю, да будучага працаўладкавання – другасныя. Хаця павінна быць наадварот», – адзначыў старшыня БХК у каментары belsat.eu.

Развітванне з 50-гадовым палітвязнем Вітольдам Ашуркам, які загінуў пры нявызначаных абставінах у Шклоўскай калоніі. Бярозаўка, Беларусь. 26 траўня 2021 года. Фота: Белсат

Другой праблемай ён лічыць выкарыстанне пенітэнцыярнай сістэмы як часткі рэпрэсіўнага апарату. Паводле яго, важная таксама працягласць утрымання чалавека ў зняволенні. Ёсць пытанне і да практыкі асобныя адзнакаў для вязняў, якіх прызнаюць схільнымі да экстрэмізму: яны ўжываюцца «для таго, каб іх было зручней кантраляваць ці для таго, каб працаваць больш паглыблена ў кантэксце падрыхтоўкі да выхаду?».

Асобнае пытанне палягае ў тым, у якім духу рыхтуюць супрацоўнікаў сістэмы пакарання, адкуль іх бяруць і з якімі ўстаноўкамі, дадаў праваабаронца.

Беспакаранасць спараджае беззаконне

Як адзначыў у размове з «Белсатам» псіхолаг, прафесар Уладзімір Янчук, супрацоўнікі турмаў, якія ўвесь час сутыкаюцца са злачынцамі, часта «воляй-няволяй самыя набіраюцца іх звычак і пераўтвараюцца ў напалову крымінальных людзей». З’яўленне ж новых групаў вязняў, якія адрозніваюцца ад звычайных крымінальнікаў, парушае звыклую карціну свету супрацоўніка, правакуе яго на ўсведамленне асацыяльнасці сваіх дзеянняў.

«І ён гэтым людзям, якія іншыя, пачынае помсціць. А тут і ўлада стымулюе такога кшталту паводзіны, дае каманду «фас!», дазваляе да іх ставіцца як заўгодна. І самы галоўны пасыл – беспакаранасць», – мяркуе псіхолаг.

На яго думку, грамадства павінна думаць пра празрыстасць пенітэнцыярнай сістэмы і пра пакаранне злачынных дзеянняў, «крычаць ва ўвесь голас, што чыняцца акты гвалту, парушэнні правоў».

«Білі, засоўвалі ў рот бутэлькі, распылялі газ». Мікола Дзядок распавёў на судзе, як яго затрымлівалі

Уладзімір Янчук падкрэсліў, што беспакаранасць таксама звязаная з абезаблічанасцю.

«Калі няма прозвішча, ідэнтыфікацыйнага нумара, іншых магчымасцяў легальна выявіць асобу чалавека, які нешта чыніць, у яго тармазы пачынаюць барахліць. Ён разумее, што яму ўсё сыдзе з рук. І гэта яму дазваляе ісці па дарозе ўніз і эксперыментаваць: зрабіў нешта, выявілася непакараным – ідзе далей. Ёсць жа катэгорыі людзей, якім хочацца паэксперыментаваць, і яшчэ больш паздзекавацца з чалавека. Тармазы ж заўсёды выпрацоўваюцца грамадствам. І гэта павінна суправаджацца галоснасцю, адкрытасцю і непазбежнасцю пакарання за ўчыненае дзеянне», – заключыў прафесар.

Не толькі законы, але і практыка

Юрыст, прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк у каментары belsat.eu адзначыў, што для паляпшэння пенітэнцыярнай сістэмы неабходныя не толькі змены законаў, але і дзейнай практыкі. Пры тым, паводле яго, апошняе больш важнае.

«Нідзе ў законе не напісана, што людзей можна катаваць, забіраць матрацы, а ў камеру заліваць хлёрку і труціць людзей газам. Гэтыя рэчы мяняюцца не зменай законаў, а на ўзроўні кадравай палітыкі. Вядома, трэба мяняць і прыцягваць да адказнасці кіраўніцтва, удзельнікаў катаванняў. Гэта першачарговыя рэчы, якія трэба зрабіць», – адзначыў ён.

Таксама, паводле яго, пенітэнцыярная сістэма павінна быць празрыстай. Зрабіць гэта можна, пачаўшы выконваць дзейную норму пра тое, што адвакат мае доступ да кліента. Яна сёння ігнаруецца, мяркуе юрыст. Пры гэтым размова з адвакатам мае праходзіць ва ўмовах сапраўднай таямніцы, а не пад прыцэлам камераў.

Адвакат: Зняволены Анішчук глытаў металічныя прадметы, каб спыніць катаванні ў калоніі

«Трэба пачаць выконваць закон літаральна. А кадравая палітыка павінна прадугледжваць павагу да закону. Гэта ці не самая складаная задача, бо можна тэставаць людзей на кваліфікацыю, але вельмі цяжка праверыць іх на маральныя якасці і на схільнасць да катаванняў. Немагчыма напісаць тры радкі ў законе, каб усё расквітнела. Гэта пытанне чалавечай натуры, і яна мяняецца не хутка», – падкрэсліў эксперт.

Міхаіл Кірылюк таксама мяркуе, што для таго, каб зрабіць камфортным і паважлівым побыт вязняў, патрэбныя не «нейкія фантастычныя грошы». Для гэтага, на яго думку, трэба перастаць красці грошы, якія вылучаюцца на турмы, і ўжываць хаця б мінімальную павагу да зняволеных.

Агулам жа, паводле яго, грамадства павінна актыўна кантраляваць сітуацыю ў турмах з дапамогай праваабарончых арганізацыяў і аб’яднанняў сваякоў вязняў. Больш за тое, беларусы мусяць актыўна ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці і распрацоўцы законаў у выбарным парламенце. Зараз, мяркуе Міхаіл Кірылюк, у немалой часткі беларусаў няма разумення, што для будаўніцтва новай Беларусі замены ўлады ня будзе дастаткова, калі беларусы будуць лічыць крыніцай змен да лепшага не сабе, а новы ўрад. На яго думку, каб атрымаць лепшую краіну пасля змены ўлады, значна большай частцы грамадства спатрэбіцца браць удзел у палітыцы, напісанні новых законаў, выбарах дэпутатаў, грамадзянскім назіранні.

«Не трэба вынаходзіць ровар»

Што датычыць канкрэтных зменаў заканадаўства, то тут, на думку Міхаіла Кірылюка, не трэба вынаходзіць ровар, а дастаткова скарыстацца рэкамендацыямі адносна турэмных правілаў Еўрапейскага Звязу. Пакуль яны вельмі моцна адрозніваюцца ад правілаў унутранага распарадку беларускіх папраўчых устаноў.

Котка на плоце ізалятару на вуліцы Акрэсціна падчас вызвалення журналістаў, якія правялі за кратамі трое содняў. 4 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Юрыст адзначыў, што ў беларускіх правілах вязень успрымаецца нават не як чалавек другога гатунку, а «хутчэй ніякага гатунку». Гэтак, зняволеным забараняецца вешаць на сцены фотаздымкі сваякоў, насіць бараду ды вусы, ляжаць удзень на ложку і г.д.

«Гэта не самыя жорсткія захады, з якімі сутыкаюцца зняволеныя, але вельмі сімптаматычныя. Гэта адна з рэчаў, якая расчалавечвае іх», – адзначыў Міхаіл Кірылюк.

На яго думку, правілы створаныя такім чынам, каб зрабіць іх выкананне немагчымым. У выніку зняволеныя вымушаныя дамаўляцца з кіраўніцтвам установы, каб нармальна адбыць свой тэрмін.

У рэкамендацыях жа Еўразвязу галоўным прынцыпам з’яўляецца тое, што адзінае права, якое павінна быць забраным у зняволенага, – гэта права на волю. Усіх астатніх правоў і павагі ў іх павінна застацца як мага больш, заявіў прадстаўнік НАУ. Да гэтага адносяцца і магчымасць тэлефанаванняў, выхаду ў інтэрнэт, абіраць вопратку, мець літаратуру ды іншае.

«Безумоўна, тая сістэма турам, якая ёсць у Беларусі павінна быць разбураная. А яе правілы павінны быць напісаныя з чыстага аркуша. Напэўна, ёсць сэнс узяць за аснову для гэтых правілаў еўрапейскія рэкамендацыі», – заявіў юрыст.

На яго думку, у выніку чалавечага стаўлення да сябе вязні могуць пачаць мяняць і сваё стаўленне да жыцця. А да гуманістычнага эфекту дадасца і пазітыўны эканамічны эфект, мяркуе Міхаіл Кірылюк. Пакуль жа, кажа ён, беларускія папраўчыя ўстановы «нікога не выпраўляюць», а ствараюць нават адваротны эфект, калі «бесчалавечныя ўмовы робяць надзвычай жорсткімі самых назіральнікаў».

Вольга Івашына каля турмы ў Горадні. Фота: Белсат

Сумняваецца юрыст у эфектыўнасці ЛПП. Замест іх ён прапануе накіроўваць сродкі на падтрыманне супольнасцяў, якія дапамагаюць людзям пазбаўляцца ад наркатычнай і алкагольнай залежнасцяў.

Агулам жа, падсумаваў юрыст, да рэформы турмаў неабходныя судовая рэформа і рэформа Крымінальнага кодэксу, каб у вязніцах не было палітычных вязняў, мінімум эканамічных злачынцаў і іншых. Каб там былі перадусім людзі, якія сапраўды ўяўляюць небяспеку для грамадства (забойцы, рабаўнікі і гэтак далей).

ПС belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны