Расследавальнікі выкрылі падрыхтоўку новага міграцыйнага крызісу. Цяпер з удзелам Расеі


«Беларускі расследавальніцкі цэнтр» разам з выданнямі «Siena» (Літва), «Re:Baltica» (Латвія) і «Fundacja Reporterów» (Польшча), а таксама «Кіберпартызанамі», апублікаваў вынікі расследавання аб падрыхтоўцы новага міграцыйнага крызісу на межах Беларусі і дзяржаваў Еўразвязу.

Мигранты у деревни Гжибовщизна в Подляском воеводстве в Польше, миграционный кризис
На лініі паміж межамі Польшчы і Беларусі ўжо 12 дзён жывуць больш за трыццаць мігрантаў, па іх словах, з Афганістану. Сярод ёсць непаўналетняя, жанчыны і нават кот. Яны не могуць патрапіць да Польшчы, іх таксама не ўпускаюць і ў Беларусь. Тэрыторыя ля вёскі Гжыбаўшчызна ў Падляскім ваяводстве, Польшча. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Колькі гэта каштуе і колькі на гэтым зарабляюць

Цяпер незадакументаваныя мігранты трапляюць у Беларусь не наўпрост са сваіх краінаў, а праз Расею. Гэтая плынь узмацнілася летась – пасля таго, як Масква скасавала ковідныя абмежаванні на авіярэйсы з Блізкага Усходу.

«За кожны выдаткаваны на перапраўку мігрантаў $ 1 млн арганізатары схемы атрымліваюць $ 5,5 млн чыстага прыбытку», – сцвярджаюць расследавальнікі.

Канчатковая мэта мігрантаў – Нямеччына, расказвае БРЦ. Людзі прыбываюць у асноўным з Афганістану, Сірыі, Емену і Турэччыны, спачатку прылятаюць у Расею, адтуль выпраўляюцца ў Менск ці Берасце, затым да беларуска-польскай мяжы. Плот вышынёй пяць з паловай метраў, які пабудавалі летась, яны пералазяць з дапамогай лесвіц, папярэдне пераканаўшыся, што паблізу няма польскіх памежнікаў. Затым сыходзяць у лес на некалькі кіламетраў, дзе іх падбіраюць загадзя нанятыя кіроўцы і вязуць у Нямеччыну.

Аляксандр Лукашэнка выступае перад мігрантамі ля транспартна-лагістычным цэнтру «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. 26 лістапада 2021 года.
Фота: president.gov.by

Расследавальнікі паспрабавалі наняцца ў якасці кіроўцы, які падбірае мігрантаў у Польшчы і вязе ў Нямеччыну. Знайшлі абвестку і трапілі ў чат, дзе размяшчаюцца прапановы на перавозку мігрантаў. За красавік было звыш 1400 замоваў на перавозку, за кожнага мігранта прапаноўвалі ў сярэднім $ 650.

Як расказалі мігранты журналістам, у сярэднім яны плацілі за шлях са сваёй краіны ў Нямеччыну $ 9,5 тысячы. Журналісты падлічылі: пры ўсіх выдатках кантрабандысты засталіся з $ 11,5 млн чыстага прыбытку.

Гэта каштуе і чалавечых жыццяў. Па стане на травень 2023 года польскія памежнікі знайшлі на мяжы з Беларуссю 26 ахвяраў міграцыйнага крызісу. Паводле ацэнак журналістаў і актывістаў, рэальная лічба – 45 загінулых па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.

Hавiны
У Польшчы затрымалі беларуса за перавоз мігрантаў
2023.06.04 14:12

Хто гэта арганізаваў

«БРЦ невядома, хто каардынуе цяперашнюю хвалю міграцыйнага крызісу. Аднак расследавальнікі высветлілі, хто стаяў каля яго вытокаў два гады таму», – пішуць у расследаванні.

Міграцыйны крызіс пачаўся ў чэрвені 2021 года. У адказ на санкцыі за захоп рэйсу «Ryanair» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што больш не будзе «перашкаджаць» людзям, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Еўразвяз.

Ды яшчэ да захопу самалёта, 5 траўня 2021 года былы супрацоўнік Упраўлення МУС па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Дзмітрый Корабаў ад імя кампаніі «Оскартур» заключыў дамову з фірмай «Цэнтркурорт», якая ўваходзіць ва Упраўленне справамі Лукашэнкі. Прадмет пагаднення – супраца ў галіне міжнароднага турызму паміж краінамі арабскага свету і Беларуссю. Ужо праз 5 дзён, 10 траўня прамы рэйс у Менск адкрыла авіякампанія «Fly Baghdad», і ў Беларусь пачалі з’язджацца «турысты» з Блізкага Усходу.

Hавiны
Сейм Літвы прыняў закон, які дае памежнікам права «разварочваць» мігрантаў на мяжы
2023.04.25 16:25

Многія прыляталі па запрашэнні «Цэнтркурорту». БРЦ атрымаў хадайніцтвы за травень-чэрвень 2021 года, якія кампанія сотнямі адпраўляла ў беларускае МЗС для выдачы візаў грамадзянам Блізкага Усходу. Большасць «турыстаў» прыязджалі ў Менск нібыта для палявання ў Рэспубліканскім аб’яднанні «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». З кастрычніка 2021 года ім стаў кіраваць экс-міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч. Размяшчаліся іракскія «паляўнічыя» ў гасцініцах Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Пасля таго як інфармацыя пра гэта трапіла ў медыі, схема змянілася: запрашэнні ў Беларусь пачалі выдаваць не звязаныя з Лукашэнкам структуры, а прыватныя кампаніі. Такое права атрымалі 12 фірмаў – іх пералік апублікавала амбасада Беларусі ў Дамаску. Аказалася, большасць з фірмаў звязаныя з сілавымі ведамствамі: памежны камітэт, МУС, армія.

Расследавальнікі назвалі шматлікія імёны ўладальнікаў і кіраўнікоў гэтых кампаніяў. Напрыклад, кампаніяй «Нью Флэт» валодае Наталля Шніткоўская, муж якой – камандзір узводу роты папатрульна-паставой службы міліцыі ГУУС Менгарвыканкаму. Суўладальніца іншай кампаніі «Ксаман Трэвэл» Вольга Шарак замужам за начальнікам кафедры ў Вайсковай акадэміі. Экс-кіраўніцу кампаніі «Прэстыж Трэвэл» Дар’ю Цёсу раней судзілі за за арганізацыю незаконнага ўезду ў Беларусь замежных грамадзянаў, падробку хадайніцтваў на выдачу візаў і фальсіфікацыю дамоваў аб аказанні турыстычных паслугаў.

Яшчэ адну кампанію са спісу, «Візак», узначальвае Шэрвані Гарах Абас Куртас з Іраку. У Беларусь яго запрасіў Аляксандр Паюкоў, кіраўнік іншай фірмы са спісу «Байлінг тур». Менавіта Паюкоў, на думку БРЦ, каардынаваў плыні незаконнай міграцыі 10 гадоў таму.

Паюкоў – былы памежнік, афіцэр вайсковай часткі 1250. У 2001 годзе Паюкова ўзнагародзілі медалём «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы» асабістым указам Лукашэнкі. У 2011 годзе ў Польшчы затрымлівалі арганізатара схемы нелегальнай міграцыі – 47-гадовага маёра ДПК Беларусі, якога назвалі «Аляксандр П.». У базе звестак, якую здабылі «Кіберпартызаны», пазначана, што Паюкоў акурат у той час выехаў з Беларусі ў Польшчу. Журналісты патэлефанавалі яму – і ён не змог выразна растлумачыць прыроду гэтых супадзенняў ці абвергнуць іх.

Hавiны
Дацкі міністр: Улады Беларусі выкарыстоўваюць мігрантаў для ціску на Еўразвяз
2023.04.07 12:20

belsat.eu

Стужка навінаў