«Amnesty International» заклікае пакараць кіраўнікоў дзяржаваў, якія ведалі пра ваенныя злачынствы ва Украіне


Расейскія вайскоўцы мусяць паўстаць перад судом за цэлы шэраг ваенных злачынстваў, учыненых у зоне паўночнага захаду ад Кіева. Пра гэта прадстаўнікі «Amnesty International» заявілі падчас брыфінгу, які прайшоў у Кіеве 6 траўня.

Разбураны дом у паселішчы Барадзянка.
Фота: Белсат

Брыфінг быў падрыхтаваны на падставе дзясяткаў інтэрв’ю і ўважлівага вывучэння рэчыўных сведчанняў, дзякуючы якім былі задакументаваныя незаконныя авіяўдары па Барадзянцы, а таксама пазасудовыя пакаранні ў Бучы, Андрэеўцы, Здвыжаўцы, Ворзэлі ды іншых населеных пунктах.

«Amnesty International» задакументавала 22 выпадкі, калі расейскія вайскоўцы здзейснілі незаконныя забойствы, большая частка якіх была відавочнымі пазасудовымі пакараннямі. У Барадзянцы арганізацыя выявіла, што прынамсі 40 мірных жыхароў загінулі ў выніку непрапарцыйных і неабіральных нападаў, якія разбурылі ўвесь раён і пакінулі тысячы людзей без прытулку.

Прадстаўнікі «Amnesty International», якія выступаюць на прэс-канферэнцыі, прысвечанай ваенным злачынствам расейскай арміі ва Украіне. Кіеў, Украіна. 6 траўня 2022.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Былі апытаныя 80 асобаў, якія былі відавочцамі або валодалі дакладнай інфармацыяй пра незаконныя забойствы сваіх родных і суседзяў, учыненыя расейскімі вайскоўцамі, а таксама пра авіяўдары, мэтай якіх былі жылыя будынкі.

«Задакументаваная намі карціна злачынстваў, учыненых расейскімі сіламі, уключае як незаконныя напады, так і наўмысныя забойствы грамадзянскіх асобаў», – заявіла Аннес Калямар, генеральны сакратар «Amnesty International».

Паводле яе, «вельмі важна, каб усе, хто нясе адказнасць, у тым ліку ўсе камандзіры аж да вышэйшага камандавання, паўсталі перад судом». Гаворка ідзе ў тым ліку пра цывільнае кіраўніцтва, разам з міністрамі і кіраўнікамі дзяржаваў, якія ведалі або мелі падставы ведаць пра ваенныя злачынствы, учыненыя іхнымі войскамі, але не паспрабавалі спыніць іх або пакараць вінаватых.

Аннес Калямар, генеральны сакратар «Amnesty International». Кіеў, Украіна. 6 траўня 2022.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Судовыя працэсы мусяць насіць максімальна ўсёахопны характар і забяспечыць, каб усе вінаватыя ў ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасці, генацыдзе і злачынстве агрэсіі ва Украіне былі прыцягнутыя да адказнасці падчас справядлівых судовых разглядаў.

Агулам цяпер вядзецца пра каля 9000 патэнцыйных ваенных злачынстваў без уліку таго, што адбываюцца цяпер на акупаваных тэрыторыях, распавяла Аннес Калямар у размове з карэспандэнтам «Белсату».

Аналітыка
Некалькі смяротных прысудаў: якія законы парушыў Лукашэнка і што яго чакае на сумленным судзе
2022.05.03 17:52

ПС belsat.eu

Стужка навінаў