У палітвязня Аляксея Раманава абвастрыўся рак. Абяцаюць перавесці ў шпіталь


Гомельскі актывіст «Краіны для жыцця», які застаецца за кратамі з 16 снежня 2020 года за «абразу Лукашэнкі», мае інваліднасць 2-й групы – мужчына хворы на рак. Нядаўна, піша мясцовае выданне «Флагшток», стан вязня пагоршыўся.

Аляксей Раманаў, як піша выданне, адбывае пакаранне ў «самай суворай беларускай калоніі» – у Глыбокім. Нядаўна ў яго здарыўся рэцыдыў анкалагічнай хваробы, у зняволенага моцныя болі. Ён сцвярджае, што «прасцей з замагільным светам звязацца», чым звярнуцца да доктара ў цяперашніх умовах.

«Вынікі біяпсіі прыйшлі, – піша Раманаў у лісце. – Ёсць праблема. Начмед сказала. Але пэўна і выразна не сказана нічога. Абяцаюць бліжэйшым этапам адправіць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь і ў Бараўляны. Але з этапам невядома, што і калі».

Раманаў браў удзел як валанцёр у агітацыйных пікетах за Святлану Ціханоўскую, яго неаднаразова затрымлівалі падчас выбарчай кампаніі 2020 года. Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за выказванні пра Аляксандра Лукашэнку на пікеце ў Хойніках 28 ліпеня, на закрытым працэсе суддзя Андрэй Кардаш прызнаў яго вінаватым у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК РБ) і пакараў годам калоніі агульнага рэжыму. Падсудны заяўляў, што прызнае «абразу чалавека», але не прызнае факт «абразы прэзідэнта», бо не лічыць Лукашэнку прэзідэнтам – «ён нелегітымны».

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў