Ізраіль вывеў большасць сваіх войскаў з сектару Газа


Раніцай 7 красавіка Армія абароны Ізраілю вывела ўсе свае манеўраныя наземныя сілы з сектару Газа, пакінуўшы толькі адну брыгаду для забеспячэння калідора, які падзяляе палестынскі анклаў. Пра гэта паведамляе The Times of Israel.

Сектар Газа
Жаўнеры Цагаль у сектары Газа.
Фота: idfonline / X

Сілы 98-й дывізіі былі выведзеныя з раёна Хан-Юніс пасля чатырох месяцаў баёў. У сектары Газа засталася толькі адна брыгада «Нахаль». Брыгадзе даручана забяспечыць так званы калідор Нецарым, які перасякае анклаў ад раёну Беэры на поўдні Ізраілю да ўзбярэжжа Газы.

Калідор дае магчымасць Цагаль праводзіць рэйды ў паўночнай і цэнтральнай частцы Газы, не дазваляе палестынцам вяртацца ў паўночную частку Газы і пакідае магчымасць гуманітарным арганізацыям дастаўляць дапамогу непасрэдна ў паўночную Газу.

Праз некалькі гадзін пасля вываду з раёна Хан-Юніс па населеных пунктах каля мяжы з Газай было выпушчана пяць ракет, сцвярджае выданне. Ракеты былі перахоплены сістэмай «Жалезны купал».

Reuters паведамляе, што вывад войскаў з сектару Газа адбываецца на фоне падрыхтоўкі новага раўнду перамоваў аб вызваленні закладнікаў пры пасярэдніцтве Егіпта. Застаецца незразумелым, ці прывядзе вывад войскаў з сектару Газа да адтэрміноўкі наступлення на горад Рафах, які з’яўляецца апошнім бастыёнам баевікоў «Хамас» у анклаве.

Ізраільскі «7 канал» зазначае, што ізраільская армія чакае палітычнага рашэння, ці ўваходзіць у Рафах і калі. Пакуль што сілы Цагаль праводзяць перадыслакацыю пасля стварэння новай паласы бяспекі.

Аналітыка
Цярпенне заканчваецца, а вайна – не. Тлумачым, што адбываецца на Блізкім Усходзе
2024.04.04 16:30

Нагадаем, Ізраіль знаходзіцца пад сурʼёзным міжнародным ціскам у сувязі з ваеннай аперацыяй у сектары Газа. Ціск у тым ліку аказваецца з боку Злучаных Штатаў, якія адкрыта выступаюць супраць штурму Рафаху. Гэты горад знаходзіцца на мяжы з Егіптам і там знайшлі прытулак сотні тысяч мірных палестынцаў, вымушаных пакінуць свае дамы пасля пачатку баявых дзеянняў. Штурм Рафаху непазбежна пацягне за сабой вялікія страты сярод цывільнага насельніцтва, але без гэтай аперацыя, як падкрэсліваюць улады Ізраілю, немагчыма дасягнуць галоўнай мэты вайны – знішчыць «Хамас».

Акрамя таго, урад Бэньяміну Нэтаньягу апошнім часам сутыкнуўся з масавымі пратэстамі ўнутры краіны: пратэстоўцы патрабуюць заключэння здзелкі аб вызваленні закладнікаў, якія дасюль застаюцца ў руках тэрарыстаў «Хамас».

Аналітыка
Ізраіль рыхтуецца да нападу Ірану. Ці можа распачацца поўнамаштабная вайна?
2024.04.05 19:17

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў