Цяжкае становішча ЗСУ на ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 714-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Работнікі ДСНС тушаць пажар у жылым доме пасля ракетнага абстрэлу Кіева, Украіна. 7 лютага 2024 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку баявыя дзеянні цягам содняў захоўваліся ў ваколіцах сяла Сынькоўка ў Харкаўскай вобласці. Адсюль Узброеныя сілы РФ намагаюцца выйсці з поўначы да гораду Купянск. Пры гэтым і ўкраінскія вайскоўцы атакуюць на гэтым участку фронту, што ўказвае на вядзенне імі актыўнай абароны.

Большая актыўнасць войскаў РФ фіксуецца на суседнім ліманскім кірунку: паводле Генштабу ЗСУ, тут сілы абароны краіны адбілі не менш за 21 атаку ў ваколіцах населеных пунктаў Церны і Грыгораўка на поўначы Данецкай вобласці і каля Белагораўкі ў Луганскай.

Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што каля Цернаў войскі РФ усё ж дасягнулі поспеху, зайшоўшы на вышыні з усходу ад сяла.

Аналагічнай думкі прытрымліваецца і расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын.

Пры гэтым праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» адмаўляе прасоўванні расейцаў на гэтым участку фронту, але адзначае істотныя страты саміх расейцаў у жывой сіле і тэхніцы.

Іншы праўкраінскі канал – «Офіцер» – піша пра выбіццё ЗСУ з прамысловай зоны Белагораўкі: расейцам удалося незаўважна падабрацца да пазіцыяў праціўніка, у выніку чаго завязаўся бліжні бой, у якім сілы абароны страцілі амаль увесь асабовы склад. Пры гэтым ЗСУ не змаглі ўдарыць артылерыяй праз адсутнасць боепрыпасаў. Такім чынам прамысловая зона Белагораўкі перайшла ў так званую шэрую зону, цяпер войскі РФ намагаюцца замацавацца ў ёй.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі 12 няўдалых атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка і Клішчыеўка.

У гэты ж час у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра заняцце сваімі вайскоўцамі больш выгадных рубяжоў і пазіцыяў каля Бахмуту. Пры гэтым у ведамстве адзначаюць атакі ўкраінцаў каля Іванаўскага, Ленінскага і Шумаў. Апошнія два населеныя пункты знаходзяцца на захадзе ад гораду Горлаўка, імаверна, атакуючы тут, ЗСУ намагаюцца адцягнуць увагу праціўніка ад іншых участкаў фронту.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Як і ў папярэднія дні, найбольшая наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў фіксуецца ў ваколіцах Данецку.

На аўдзееўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, УС РФ правялі не менш за 29 атак каля Новабахмутаўкі, Аўдзееўкі, Первамайскага і Невельскага.

Пры гэтым адразу некалькі крыніцаў паведамляюць пра чарговыя прасоўванні расейцаў у паўночнай частцы Аўдзееўкі.

Барыс Рожын піша, што войскі РФ прасунуліся да вуліцы Данецкай у прыватным сектары на паўночным усходзе гораду. Тэлеграм-канал «Белорусский силовик» паведамляе пра заняцце чыгуначнага моста на поўдні ад коксахімічнага заводу. 

Прасоўванні Узброеных сілаў РФ у Аўдзееўцы пацвярджаюць і аналітыкі праекту Deepstate.

У гэты ж час на паўднёвым усходзе гораду працягваюцца сустрэчныя баі.

Праўкраінскі «Говорять Снайпер» прыводзіць словы байцоў ЗСУ з аўдзееўскага кірунку, у якіх адзначаецца татальная перавага расейцаў у жывой сіле і артылерыі. Пры гэтым самыя ўкраінцы намагаюцца кампенсаваць дысбаланс сілаў за кошт прымянення БпЛА.

Барыс Рожын гаворыць, што таксама за апошнія содні расейцы крыху прасунуліся каля Первамайскага і Невельскага (на паўднёвым захадзе ад гораду).

На мар’інскім кірунку шматлікія атакі войскаў РФ фіксуюцца па ўмоўнай лініі Георгіеўка – Пабеда – Новаміхайлаўка.

Прарасейскія і праўкраінскія крыніцы паведамляюць пра выхад расейцаў да ўсходніх і паўднёвых ускрайкаў сяла Новаміхайлаўка.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На поўдні Данецкай вобласці, паводле прарасейскіх крыніцаў, УС РФ прасунуліся на ўсходзе ад гораду Вуглядар. Імаверна, такім чынам яны ў перспектыве плануюць злучыцца з групоўкай, якая наступае каля Новаміхайлаўкі.

У Генштабе ЗСУ пішуць, што на бярдзянскім кірунку расейцы атакавалі з поўдня ад сяла Залатая Ніва, але поспеху не дасягнулі.

Сямён Пегаў гаворыць, што акрамя гэтага былі спробы прасунуцца пры падтрымцы артылерыі каля Старамаёрскага і Прыютнае (апошні населены пункт знаходзіцца на самым захадзе Запарожскай вобласці).

На мелітопальскім кірунку баі ідуць з поўдня ад гораду Арэхаў каля сёлаў Вэрбовае і Работына, але зменаў лініі фронту не фіксуецца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Абноўлена
Наступствы масаванай паветранай атакі на Украіну: мінімум 5 чалавек загінулі
2024.02.07 12:19

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў