«Гэтае месца стане магнітам для беларусаў». У Варшаве адкрылася кнігарня «Кнігаўка» выдавецтва «Янушкевіч»


У варшаўскім раёне Прага пачала працаваць крама «Кнігаўка», якую адкрыў выдавец Андрэй Янушкевіч. Пакуль што – без мэблі і шыльды над уваходам, у рэжыме пункту самавывазу. Журналісты «Белсату» наведалі кнігарню і трапілі на дзень народзінаў: 6 лютага выдавецтва «Янушкевіч» адзначыла 10-гадовы юбілей. Павіншавалі кнігароў і сталі першымі пакупнікамі «Кнігаўкі».

Адкрыццё кнігарні выдавецтва «Янушкевіч». На здымку – Андрэй Янушкевіч, заснавальнік. Варшава, Польшча. 6 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Пераскочыць праз Віслу са старога гораду (адзін трамвайны прыпынак), мінуць касцёл Святога Міхала Арханёла і пражскі шпіталь, павярнуць направа – і паціскаць руку Андрэя Янушкевіча ў памяшканні новай «Кнігаўкі» (вуліца Księdza Ignacego Kłopotowskiego 4), а дакладней – «Кнігаўкі 2.0». Бо менская кнігарня выдавецтва адпрацавала ў траўні 2022 года роўна сем гадзінаў (вітанні ўсім прапагандыстам ды іншым «зялёным чалавечкам»!) па сваім адкрыцці. Варшаўская ж (фармальна) працуе ўжо тыдзень.

«Лепей сказаць, што «мы ўжо працуем»

Амаль 15 квадратных метраў галоўнай залы, высачэзныя вокны – ад падлогі да столі, бель сценаў. І галоўнае: чароўны водар папяровых кніг.

«Варшаўская «Кнігаўка» ладзіць утульнае гняздзечка!» – вітаюся з гаспадаром кнігарні.

«Так, утульнае, але яшчэ, на жаль, не ўладкаваліся да канца. Думалі, паспеем шафы паставіць да вашага прыезду. Замовілі ўжо. Але яшчэ не прывезлі. Таму пакуль што так. Галоўная пакуль праблема – не маем куды выставіць тавар», – пасміхаецца Андрэй Янушкевіч.

Андрэй Янушкевіч працуе за ноўтбукам у кнігарні выдавецтва «Янушкевіч».
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ён кажа, што да гэтага памяшканне на Клапатоўскага нейкі час пуставала (раней там мясцілася крама), і на ягоную арэнду было нямала прэтэндэнтаў, але гаспадар выбраў беларусаў. Памяшканне здымаецца за камерцыйную цану, без якіх-кольвек ільготаў. Але яно вартае таго, заўважае Андрэй Янушкевіч.

Янушкевіч сам – з галавы да ног – прапах чытанымі і нячытанымі кнігамі, яго хочацца гартаць старонка за старонкай. Просіць нас не пісаць у загалоўку: «У Варшаве адкрылася кнігарня «Кнігаўка», але ведае, што напішам, таму асабліва не настойвае.

«Лепей сказаць, што «мы ўжо працуем», але пакуль што ў такім, так бы мовіць, папярэднім рэжыме – як пункт самавывазу для інтэрнэт-замоваў. Але як толькі разжывёмся мэбляй, а гэта здарыцца праз тыдзень-другі, будзем радыя вітаць усіх, хто завітае да нас. Хто захоча купіць кніжку проста тут – не адмовім і ім. Цягам некалькіх тыдняў адкрыемся як стацыянарная паўнавартасная кнігарня», – сцвярджае Андрэй Янушкевіч.

Папярэдні графік працы: з 11:00 да 19:00 (выходны ў нядзелю). Плаціць можна гатоўкай, картай ці праз сістэму «Blik».

І ўвага! З 6 да 11 лютага на ўсе кнігі выдавецтва «Янушкевіч» – і зніжка 10 %. Замова на сайце выдавецтва.

Рэпартаж
«Чытаў гэта на нарах у СІЗА». На Міжнародным кніжным кірмашу ў Варшаве адкрыўся беларускі павільён
2023.05.25 21:03

То бок так: калі, блукаючы па варшаўскай Празе, завітаеце ў «Кнігаўку» ўжо цяпер – ніхто вас не выганіць. Кнігі не выстаўленыя, але купіць іх можна. Прынамсі ў нас атрымалася. Аўтар гэтых радкоў стаў фактычна першым пакупніком у варшаўскай «Кнігаўцы 2.0» (набылі «Введение в философию» палітвязня Уладзіміра Мацкевіча).

«Каб усе зразумелі: нас не задушыш!»

Шыльдачкі з птушкай на ўваходзе пакуль няма, але Андрэй Янушкевіч абяцае, што з’явіцца, такая самая, як была ў Менску, і што яго невялікая каманда зробіць усё, каб у кнігарні было прыгожа, утульна і каб не хацелася адсюль сыходзіць.

«Я вельмі чакаю, што гэтае месца стане такім магнітам для тых, хто цікавіцца беларускай культурай і беларускімі кнігамі, шануе іх. Мы зробім усё, каб гэтак сталася. І калі я кажу «ўсё», то для мяне гэта перадусім выданне новых цікавых кніг. Гэта наш капітал», – гаворыць Андрэй Янушкевіч.

Кнігі выдавецтва «Янушкевіч».
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

У гэты момант нашай размовы ўключаецца вентылятар над галовамі. «Чорная магія», – кажа Наста, адна з вельмі важных асобаў у камандзе Янушкевіча. «Не, – кажам, – гэта знак таго, што праз пару тыдняў тут будзе горача».

«Тут шмат сімвалічных сэнсаў, – уключаецца Андрэй Янушкевіч. – І галоўны сэнс нашага паўторнага адкрыцця ў тым, каб усе зразумелі – і добрыя, і злыя людзі, – што нас не задушыш!»

250 кніг за дзесяць гадоў

Сімвалізм адкрыцця кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве менавіта 6 лютага яшчэ ў тым, што роўна дзесяць гадоў таму Андрэй Янушкевіч пачаў выдавецкую дзейнасць. Кажа, што пачаў амаль з нуля, вучыўся на ўласных памылках і парадах калегаў па цэху – Змітра Вішнёва, Ігара Логвінава ды іншых. Першыя выдадзеныя кнігі былі гістарычныя: «Бітва пад Воршай 1514 года» Пятра Дружджа, «1939 год і Беларусь. Забытая вайна» Анатоля Трафімчыка.

Выдаваць якасны «нон-фікшн» для шырокага кола чытачоў – гэта ўвогуле было галоўнай ідэяй выдавецтва. Але ўжо ў 2016 годзе Янушкевіч зразумеў, што «за гэта не пражывеш». Прыкладна тады ж ён пазнаёміўся з менеджарам і журналістам Сяргеем Макарэвічам, які меў падрыхтаваны пераклад раману Кнута Гамсуна «Голад» і жаданне выдаваць па-беларуску тэксты нобэлеўскіх лаўрэатаў.

Андрэй Янушкевіч распавядае пра адкрыццё кнігарні выдавецтва «Янушкевіч» у Варшаве.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«І ў выніку раман Гамсуна стаў першай мастацкай кніжкай, выдадзенай у нас. Яна карысталася попытам і поспехам. І з тых часоў мы выдалі дзевяць ці дзесяць кніжак нобэлеўскіх лаўрэатаў. Серыя жыве, і, спадзяюся, будзе мець працяг. Гэта адзін з твараў нашага выдавецтва», – дзеліцца Андрэй Янушкевіч.

Ён зазначае, што «Кнігаўка» будзе працаваць у Варшаве не толькі як выключна выдавецкая кнігарня.

«Будзем старацца закупляць і прадаваць кніжкі іншых беларускіх выдавецтваў. Ужо вельмі шчыльна супрацоўнічаем з такімі важнымі выдавецтвамі, як «Vesna» і «Пфляўмбаўм», але будзем радыя бачыць у «Кнігаўцы» і іншых гульцоў на нашым выдавецкім рынку – «Gutenberg Publisher», «Skaryna Press», «Камунікат» ды іншых. Хочам зрабіць такі цэнтр прыцягнення беларускай кнігі», – падкрэслівае Андрэй Янушкевіч.

Пачынаючы з 2014 года выдавецтва «Янушкевіч» выпусціла каля 250 кніг, сёння ў каталогу выдавецтва – 50 пазіцыяў (улічваючы выданні «Vesna» і «Пфляўмбаўм»). Янушкевіч кажа, што ўсе кнігі пакуль што змесцяцца на паліцах варшаўскай «Кнігаўкі».

«Гэта зрабілася сэнсам існавання»

Згадваючы дзесяць гадоў працы, Андрэй Янушкевіч заўважае, што ў ёй мала што змянілася: выдаеш кнігі, прадаеш іх – механізм той жа.

«З іншага боку – было столькі цікавых вехаў, столькі пертурбацыяў, столькі файных людзей я спазнаў і сярод пісьменнікаў, і сярод перакладчыкаў, выдаўцоў, чытачоў… А колькі мы пачулі словаў удзячнасці за тое, што робім! Гэта ўсё надае імпэту! Гэта сапраўды зрабілася для мяне сэнсам існавання», – прызнаецца Янушкевіч.

Пакаванне кнігі «Кароль».
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

А пераломным момантам у гісторыі выдавецтва ён лічыць выданне першай кнігі пра «Гары Потэра» («Гары Потэр і філасофскі камень», 2019 год). Тады ўдалося дамовіцца з «Белкнігай» і гандлёвым домам «Светач». У першы дзень продажу за гадзіну да адкрыцця перад кнігарнямі стаялі чэргі. Потым была «Ноч Гары Потэра» ў прасторы «Ok 16» у Менску.

«У мяне вочы на лоб вылезлі! Давялося ставіць кантроль на ўваходзе, каб не было цісканіны…» – успамінае выдавец.

І зноў сімвалічна: тая потэраўская імпрэза ў Менску адбылася таксама 6 лютага (ішоў ужо 2020 год).

Выдавецтва мае правы на выданне кніжак пра Потэра, але так і не здолела выкупіць правоў на выданне дэтэктываў Робэрта Гэлбрэйта, пад якім хаваецца ўсё тая ж Джаўэн Роўлінг – не знайшлі фінансавання. Янушкевіч прызнаецца, што яму вельмі імпануе пазіцыя брытанскай пісьменніцы, якая не проста адразу выказалася супраць расейскай агрэсіі ва Украіне, а адна з першых пазбавіла расейцаў права выдаваць ейныя кнігі.

«У нас была добрая аказія, але не атрымалася. Мы, напэўна, занадта павольныя, марудныя і губляем час», – заўважае Андрэй Янушкевіч.

Ці можна замовіць кнігі з Беларусі

Сярод бестселераў дзесяці гадоў працы выдавец адзначае таксама антыўтопію «1984» Джорджа Оруэла, якая «стрэліла ў 2020 годзе» і была перавыдадзеная ўжо ў Варшаве. Кажа таксама пра кнігі Альгерда БахарэвічаСабакі Еўропы» выдаваліся ў Варшаве), якія апошнія два гады пастаянна ў топе.

Андрэй Янушкевіч працуе за ноўтбукам у кнігарні выдавецтва «Янушкевіч».
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Андрэй Янушкевіч распавядае, што літаральна днямі здаў у друк чацвёртую частку цыклу пра «Ведзьмака» Анджэя Сапкоўскага («Час Ганьбы»). Увесну з’явіцца па-беларуску «Ззянне» Стывэна Кінга. А таксама – новая «і вельмі крутая» кніга Альгерда Бахарэвіча. У выдавецкім партфелі Янушкевіча шмат таксама кніжак для дзяцей.

«Усяго патроху, але ўсё будзе цікава. Мы не маем права выдаваць нецікавыя кнігі», – усміхаецца наш суразмоўца.

І вельмі важна: варшаўская «Кнігаўка» мае паштовую дастаўку ў Беларусь (праз замову на сайце).

«Яна, на жаль дарагая. Мы смяёмся, што дастаўка ў Беларусь каштуе роўна столькі, колькі ў Злучаныя Штаты ці Мексіку. У польскай валюце – 69 злотых. Але галоўнае, што няма ніякіх фармальных перашкодаў, каб людзі замаўлялі ў нас кнігі. Праўда, выданні, прызнаныя «экстрэмісцкімі», мы высылаць не будзем, нават калі іх замаўляюць», – тлумачыць выдавец.

«Арнітолагі кажуць, што птушаняты кнігаўкі гатовыя вылятаць з гнязда ўжо праз месяц…» – заўважаем на развітанне.

«Праз месяц дакладна ўжо будзем у палёце», – смяецца Андрэй Янушкевіч і запрашае беларусаў наведаць новую кнігарню. Нагадаем, пакуль што – у якасці пункту самавывазу інтэрнэт-замоваў. Праз пару тыдняў – у сапраўдную кнігарню з п’янкім водарам і кнігаўкай над уваходам.

Агляд
Бяляцкі, Бахарэвіч, Някляеў, Янкута… Выбралі дзесяць беларускіх кніжак 2023 года
2023.12.28 07:13

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў