Знайшлася беларуска, сувязь з якой знікла пасля землятрусу ў Турцыі


Беларуска Аляксандра Акпінар, якая знікла пасля землятрусу ў Турцыі, жывая і застаецца ў шпіталі. Пра гэта паведаміла ейная сястра Марыя.

Аляксандра Акпінар з сям’ёй. Крыніца: news.zerkalo.io

У якім стане цяпер Аляксандра – не паведамляецца. Таксама ў медустанове з пераломам нагі ляжыць муж беларускі Кемаль Акпінар. Аднак няма інфармацыі пра іхнага малога сына, яго ўсё яшчэ шукаюць.

«Сястру знайшлі! Яна ў шпіталі! Сына Алі Кемаля працягваем пошукі!» – напісала сястра Аляксандры, Марыя.

Допіс сястры Аляксандры, Марыі. Крыніца: maria_glezerova / Instagram

Нагадаем, 6 лютага ў Турцыі пасля землятрусу знікла беларуска з сям’ёй. Аляксандра Акпінар з мужам і дзіцём жыве ў правінцыі Хатай, якая найбольш пацярпела ад землятрусу. Тады паведамлялася, што апошні раз беларуска выходзіла на сувязь увечары 5 лютага.

Магутны землятрус адбыўся ў Турцыі і Сірыі ў ноч з 5 на 6 лютага, днём 6 лютага падземныя штуршкі працягнуліся. Колькасць ахвяраў пастаянна расце, вядома, што сама меней 4300 чалавек загінулі, тысячы атрымалі раненні.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў