Казахская журналістка расказала belsat.eu, як яе стралянінай адганялі ад плошчы ў Алматы.
Журналістка «Forbes Казахстан» Ардак Букеева сёння паехала на цэнтральную плошчу Алматы – плошчу Рэспублікі. Пакуль ехала, чула паўсюль у горадзе страляніну. Але сама плошча аказалася пустая.
Яна падышла да вайскоўцаў без знакаў адрознення, якія стаялі побач з плошчай, каб спытаць, дзе ўсе людзі. Вайскоўцы жа двойчы стрэлілі ў паветра і сталі крычаць: «Назад!». Яна паказвала ім, што яна з прэсы, трымала пасведчанне над галавой, але была вымушаная сысці. Чула, што вайскоўцы яшчэ стралялі кудысьці – мяркуе, маглі так ствараць уражанне, што ідуць баі, бо страляць на плошчы проста не было па кім.
Недалёка ад плошчы яна знайшла пратэстоўцаў, якія расказалі, як перажылі ўчорашнюю атаку. Калі дзве сотні чалавек, што заставаліся на мірнай акцыі на плошчы, рыхтавалі зварот да ўладаў у Нур-Султане, пад’ехаў БТР, пачалі без папярэджання страляць з гранатамётаў. Былі забітыя і параненыя, частцы ўдалося ўцячы ў двары. Калі страляніна сціхла, людзі са двароў выйшлі з паднятымі рукамі, каб забраць параненых, але па іх таксама пачалі страляць, а потым спусцілі на іх АМАП. Толькі раніцай «хуткія» забралі параненых і забітых, але куды вывезлі, невядома. Таксама адзін з пратэстоўцаў расказаў ёй, што аднаго расстралянага за межамі плошчы адвезлі ў морг, а ў моргу бачылі машыну, з якой выгружалі адразу 17 целаў.
Пратэстоўцы чулі, што вайскоўцы перамаўляліся між сабой па-расейску, каманды ім аддавалі па-расейску. Ці гэта казахскія вайскоўцы, ці расейскія, невядома, распавяла «Белсату» журналістка «Forbes Казахстан» Ардак Букеева.
Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жангаўэзене пасля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі знізіць цану, але пасля зʼявіліся палітычныя патрабаванні, перадусім – адхіліць ад улады Назарбаева.
У першыя дні пратэстаў улады заявілі, што пачулі патрабаванні, і абвесцілі зніжэнне коштаў на звадкаваны газ на 180 дзён. Але пазней рыторыка змянілася, пратэстоўцаў афіцыйна пачалі называць «тэрарыстамі».
Цэнтрам пратэстаў стаўся найбуйнейшы горад краіны – Алматы, дзе адбыліся вулічныя баі паміж пратэстоўцамі і ўрадавымі войскамі. У ноч на 6 студзеня Такаеў папрасіў дапамогі ў АДКБ. У Казахстан накіраваліся ў тым ліку і беларускія вайскоўцы.
Цягам тыдня ў Казахстане ўлады блакуюць інтэрнэт і доступ да сацыяльных сетак. У асобных рэгіёнах не працуе мабільная сувязь.
Паводле неафіцыйных звестка, першы прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў разам з сям’ёй пакінуў краіну. Ад моманту палітычнага крызісу ў краіне, ён не зрабіў ніводнай заявы.