Журналістку Ірыну Слаўнікаву перавялі з Акрэсціна ў СІЗА на Валадарскага


Журналістку Ірыну Слаўнікаву перавялі з ІЧУ на Акрэсціна ў следчы ізалятар на Валадарскага. Сваякі змаглі перадаць для яе перадачу, паведамляе БАЖ.

Сёння, 6 снежня, скончыліся 10 содняў, на працягу якіх Слаўнікавай павінны былі абраць меру стрымання.

Ірына Слаўнікава.
Фота: Ирина Славникова / Facebook

Такім чынам, можна меркаваць, што ёй абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Пры гэтым абвінавачанне па інкрымінуемым ёй артыкуле павінна быць прад’яўлена не пазней за 20 содняў з моманту затрымання.

Нагадаем, журналістку Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце 30 кастрычніка, адразу пасля вяртання з адпачынку. Першы раз ім абодвум прысудзілі па 15 содняў адміністратыўнага арышту нібыта за захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, а пасля абвінавацілі ў дробным хуліганстве і адправілі яшчэ на 15 содняў.

На мінулым тыдне, 26 лістапада, стала вядома, што Ірына Слаўнікава стала падазраванай паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны удзел у іх»).

Аляксандру Лойку 29 лістапада асудзілі яшчэ да 15 содняў арышту нібыта за непарадпадкаванне ў РУУСе.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Ірыну Слаўнікаву палітзняволенай і патрабуюць яе вызвалення.

Артыкулы
Журналістку Ірыну Слаўнікаву прызналі палітзняволенай
2021.11.30 09:00

АД, belsat.eu

Стужка навінаў