Праваабаронцы «Вясны» заявілі пра атаку на сваіх валанцёраў


Акцыя салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» адбылася ў Кіеве на алеі Герояў Нябеснай сотні.
Кіеў, Украіна. 17 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Больш за дваццаць валанцёраў праваабарончай арганізацыі перажылі ператрусы. Многіх пасля гэтага затрымалі, дапыталі, прымусілі даць падпіску аб неразгалошванні інфармацыі, паведамляе «Вясна».

«Усё гэта – адвольная рэпрэсіўная рэакцыя ўладаў на мірную і адкрытую дзейнасць па абароне, прасоўванні і заахвочванні правоў чалавека, у прыватнасці – на валанцёрскую падтрымку праваабарончай дзейнасці і назіранне за выкананнем стандартаў справядлівага правасуддзя», – адзначаецца ў паведамленні.

У сувязі з гэтым праваабаронцы «Вясны» ўслед за ААН адзначаюць важную і прагрэсіўную ролю валанцёрства: «добраахвотнікі ствараюць рух, арыентаваны на патрэбы людзей, з тым, каб дапамагчы будаваць лепшую будучыню для ўсіх нас».

Праваабаронцы адзначаюць, што Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі абавязвае забяспечыць адкрыты судовы разгляд крымінальных справаў, а выключэнні з гэтага правіла магчымыя толькі ў строгіх межах крымінальна-працэсуальных нормаў. У астатніх выпадках прысутныя на адкрытым судовым пасяджэнні маюць права весці пісьмовы запіс і гукапіс. Любыя абмежаванні гэтых правоў – незаконныя.

«Ніякія рэпрэсіі не ў стане абмежаваць правамернае імкненне да атрымання праўдзівай і аб’ектыўнай інфармацыі аб усіх баках жыцця грамадства, ніякія праявы бессэнсоўнай жорсткасці і самаўпраўнасці не схаваюць рэакцыйныя па сваіх форме і сэнсу метады барацьбы ўладаў з мірнымі пратэстамі і іншадумствам», – заяўляе «Вясна».

Сёння за кратамі застаюцца валанцёры «Вясны» Андрэй Чапюк і Таццяна Ласіца, дырэктар гомельскага аддзялення «Вясны» Леанід Судаленка, праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова, юрыст «Вясны» Уладзімер Лабковіч, намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч і старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі.

Hавiны
Праваабаронцы прызналі яшчэ 12 чалавек палітвязнямі
2021.12.06 16:20

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў