Галоўнае за 6 снежня: справа Пальчыса, пераслед валанцёраў і мігранты


Belsat.eu падводзіць вынікі панядзелка, 6 снежня.

У Менскім гарадскім судзе 6 снежня ў закрытым рэжыме пачаўся судовы працэс над палітзняволеным блогерам Эдуардам Пальчысам. На пачатку паседжання Пальчыс заявіў адвод «суду» і адмовіўся ўставаць, але гэтае хадайніцтва не было задаволена. «Я не лічу гэта судом» – заявіў блогер. Яму пагражае да 20 гадоў турмы.

Вікторыя Пальчыс не спадзяецца на літасць рэжыму ў адносінах свайго мужа, таму ўжо цяпер рыхтуецца да таго, што Эдуарда асудзяць на вялізны тэрмін:

«Я не лічу, што гэта песімістычна. Мінімальныя тэрміны даюць тым падсудным, якія ўзаемадзейнічалі са следствам, якія давалі паказанні, якія прызнавалі сваю віну. Эдуард гэтага не рабіў, таму на 5 год разлічваць няма чаго, мне падаецца, што штосьці будзе каля 7 – вакол гэтай лічбы будзе круціцца прысуд».

Колькасць мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы беларуска-польскую мяжу, змяншаецца. За нядзелю, 5 снежня, польскія памежнікі зафіксавалі 35 спробаў нелегальнага пераходу беларуска-польскай мяжы. У суботу было здзейснена 43 спробы незаконнага перасячэння мяжы, а 3 снежня польскія памежнікі зафіксавалі 62 спробы перасячэння беларуска-польскай мяжы. Раней спробы прарывання праз беларуска-польскую мяжу лічыліся сотнямі.

Але ж сітуацыя ў менскім аэрапорце зараз выглядае так.

Праваабаронцы «Вясны» заявілі пра атаку на сваіх валанцёраў. Больш за дваццаць валанцёраў праваабарончай арганізацыі перажылі ператрусы. Многіх пасля гэтага затрымалі, дапыталі, прымусілі даць падпіску аб неразгалошванні інфармацыі. Аднак, не гледзячы на ціск, праваабаронцы працягваюць працаваць. Так, сёння яны дадалі у спіс палітзняволеных 12 чалавек. На вечар 6 снежня ў Беларусі вязнямі сумлення прызнаныя 907 чалавек.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў