Авіяэксперт пра чарговыя санкцыі ў адносінах «Белавіі»: Гэта вельмі моцна ўдарыць па авіякампаніі


Самалёт «Белавія».
Фота: ria.ru

Заходнія санкцыі, што б ні сцвярджалі беларускія ўлады, дзейнічаюць, што добра заўважаецца на прыкладзе «Белавія».

Зусім нядаўна дзяржаўная авіякампанія пазбавілася паловы лётнага парку, які быў у лізінгу, а цяпер Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту адключыла яе ад міжнароднай сістэмы білінгу і ўзаемаразлікаў. Пра тое, да якіх наступстваў гэта прывядзе, у праграме «Студыя Белсат» распавёў эксперт у пытаннях транспарту і інфраструктуры Кірыл Новікаў.

На думку эксперта, у цяперашняй сітуацыі вінаватыя самыя беларускія ўлады, а наступствы чарговых санкцыяў істотна ўскладняць работу авіякампаніі.

«Гэтыя дзве сістэмы фактычна 50 год дзейнічаюць у свеце. Гэта спрашчае ўзаемаразлікі, як і ў іншых відах транспарту, дзе ёсць аналагічныя сістэмы. Тут усё дзейнічае вельмі проста: адпраўнікі грузаў ці агенты па продажы квіткоў пасажырам наўпрост не плацяць кампаніям, яны плацяць праз гэтыя білінгавыя сістэмы. З развіццём інтэрнэту, гэтыя сістэмы сталі асноўнымі, і татальная большасць авіякампаніяў свету карыстаецца імі. Цяперашняе беларуская ўлада зрабіла ўсё для таго, каб патрапіць пад гэтыя санкцыі. Адключэнне было прагназаваным. На маю думку, гэта вельмі моцна ўдарыць па авіякампаніі, бо ўзаемныя разлікі ўжо наладжаныя так, каб выключыць лішнюю бюракратыю. Белавіі цяпер давядзецца ўручную апрацоўваць узаемныя разлікі, што вельмі ўскладніць вядзенне дакументацыі ў кампаніі».

Кірыл Новікаў мяркуе, што практычна Беларусь можа абысці наступствы санкцыяў, аднак гэта будзе дарагога каштаваць.

«Глабальны свет дыктуе трэнды, рынак сам стварае зручныя сістэмы, да якіх рана ці позна ўсе прыходзяць. Канечне, могуць стварыць і змарнаваць на гэта шмат часу і грошай, але ўзаемныя разлікі дзейнічаюць кожную гадзіну і секунду, і страты ад адключэння ад гэтай сістэмы прыблізна роўныя таму, што Беларусь, сёння, для прыкладу, адключаць ад сістэмы разлікаў VISA, MasterCard. Гэта прыблізна такі ж маштаб.

Безумоўна, авіякампанія ў такім выпадку вернецца да двухкампанентных праверак: адпраўка запыту на разлік і атрыманне справаздачы будзе праходзіць пад кантролем менавіта самой авіякампаніі. І памылкі якія будуць рабіцца, а яны безумоўна ўзнікнуць, у выніку адлюструюцца ў змяншэнні даходаў кампаніі, якія і без гэтага ўжо катастрафічна пайшлі ўніз пасля забароны палётаў у Еўразвяз».

На думку эксперта, Беларусь першапачаткова пачала няправільна развіваць грамадзянскую авіяцыю, у чым галоўная віна таксама ляжыць на цяперашняй уладзе. Аднак Кірыл Новікаў падкрэслівае, што ў самой беларускай авіяцыі працуюць прафесіяналы найвышэйшага ўзроўню. Якія таксама нейкім чынам сталі ахвярамі рэжыму.

«У грамадзянскай авіяцыі Беларусі працуюць высокія прафесіяналы, але яны працуюць у гэтым асяродку, у якім тон задае палітыка, прычым палітыка той улады, якая цяпер нелегітымная. Шчыра кажучы, пакідаць монаперавознікаў у краіне пры адкрытым рынку на мяжы з ЕЗ, гэта было памылковым рашэннем. І сёння рэжым Лукашэнкі проста атрымоўвае ад гэтага вынік».

Кірыл Новікаў дадае, што, на жаль, пакутаваць у такой сітуацыі ў першую чаргу будуць звычайныя беларусы, якія не змогуць нармальна лятаць у іншыя краіны.

Поўную размову з экспертам у пытаннях транспарту і інфраструктуры Кірылам Новікавым можна паглядзець у праграме «Студыя Белсат»:

ВК, Belsat.

Стужка навінаў