Беларуса асудзілі на канфіскацыю 10 тысяч еўраў за няправільны крок на мяжы


Гарадзенскі абласны суд 27 кастрычніка адхіліў скаргу на рашэнне суда Кастрычніцкага раёну Горадні, які пастанавіў: раз мужчына зайшоў у «зялёны калідор» на мяжы нават на 1 метр з буйной сумай грошай, то палову гэтай сумы трэба адабраць.

Каменны Лог
Пункт пропуску «Каменны Лог» на мяжы з Літвой. Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: Gpk.gov.by

На рашэнне больш як тыднёвай даўніны 6 лістапада звярнулі ўвагу беларускія медыі.

Мужчына, імя якога не называецца (вядома, што народжаны ў Расеі), ехаў з Літвы ў Беларусь на ровары і меў пры сабе € 19 562 і Br 355, а таксама манеты сумарна на € 5,3.

Паводле мужчыны, пасля праходжання пашпартавага кантролю ён падышоў да супрацоўніка мытні і спытаў, як задэклараваць грашовыя сродкі. Але перасек «зялёны калідор» (куды можна з сумамі грошай, не большымі за эквівалент $ 10 тысяч).

Хоць мужчына зайшоў у «зялёны калідор» толькі на 1 метр, на яго склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 15.5 КаАП РБ («Недэклараванне звестак аб грашовых сродках»), паводле якой незадэклараваную частку сумы можна (але не абавязкова трэба) канфіскаваць.

Падсудны заяўляў, што не ведаў, што ўжо трапіў у «зялёны калідор». Суды пастанавілі, што раз ён раней неаднаразова перасякаў мяжу, то мусіў ведаць правілы, а раз зайшоў за лінію «зялёнага калідору», то гэтым заявіў аб адсутнасці тавараў, якія належыць дэклараваць.

Мужчына таксама звяртаў увагу на тое, што раней яго не прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці, а раённы суд не ўлічыў звестак аб ягонай асобе і змякчальных абставінах – ён мае пяцярых непаўналетніх дзяцей, адно з якіх мае інваліднасць, а грошы ён вёз на будаўніцтва дому.

«Судовы разбор праведзены поўна, аб’ектыўна і ўсебакова, доказам дадзеная належная ацэнка, высновы суддзі матываваныя і адпавядаюць фактычным абставінам справы, а довады скаргі неабгрунтаваныя», – пастанавіў абласны суд.

Такім чынам, у мужчыны пастанавілі канфіскаваць € 10 349,67 і накласці штраф памерам Br 185.

Hавiны
Контрсанкцыямі па Рыжскім бальзаме. Беларусь адказала Латвіі на закрыццё памежнага пераходу
2023.11.02 22:04

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў