Зяленскі заклікаў NATO нанесці прэвентыўны ўдар па Расеі


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 6 кастрычніка звяртаўся да аўстралійскіх чальцоў ураду, палітолагаў, экспертаў і навукоўцаў у Інстытуце Лоўі. Сярод іншага ён заклікаў NATO рабіць немагчымым выкарыстанне Расеяй ядравай зброі.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расея маральна здольная на выкарыстанне ядравай зброі. Ён згадваў сярод іншага захоп Расеяй Запарожскай АЭС – там знаходзяцца ўзброеныя людзі з выбухоўкай. А выбух там, перакананы ён, таксама будзе выкарыстаннем ядравай зброі.  Ён згадаў і марадзёрства, забойствы і згвалтаванні, што чынілі расейскія салдаты ва Украіне.

Таму ён заклікаў «выключыць магчымасць ужывання Расеяй ядравай зброі»:

«Што важна, я яшчэ раз звяртаюся да міжнароднай супольнасці, як гэта было да 24 лютага: прэвентыўныя ўдары, каб яны ведалі, што будзе, калі яны выкарыстаюць [ядравую зброю], а не наадварот, чакаць ядравых удараў Расеі, каб потым сказаць: ах, раз так, то вось трымай ад нас».

«Пераглядзець ужыванне свайго ціску – вось, я лічу, што павінна рабіць NATO, – сказаў Зяленскі. – Пераглядзець парадак ужывання».

Расейскія чыноўнікі абурыліся гэтымі выказваннямі. Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, заявіў, што гэта «заклік да пачатку сусветнай вайны з непрадказальнымі і жахлівымі наступствамі». А афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава сказала, што гэта «Захад распальвае ядравую вайну», а Зяленскі «ператварыўся ў монстра, рукамі якога могуць знішчыць планету».

Абодва не згадалі, хто развязаў вайну ва Украіне і чые войскі ўварваліся на чужую тэрыторыю, хто чыю тэрыторыю анексаваў і хто каму пагражаў ядравай зброяй за спробу гэтую тэрыторыю вярнуць. Зяленскі ж не заклікаў да менавіта ядравага ўдару, а толькі да прэвентыўнага – не ўдакладняў, як і куды нанесці гэты ўдар.

Разбор
Бачу навіны пра пагрозу ядравай вайны. Што зрабіць проста зараз, каб падрыхтавацца?
2022.09.30 10:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў