Лукашэнка забараніў рост цэнаў


Аляксандр Лукашэнка забараніў з 6 кастрычніка рост цэнаў і даручыў чыноўнікам да 20 кастрычніка распрацаваць прапановы аб мерах па іх далейшаму рэгуляванню. Рашэнне прынята па выніках вялікай нарады з удзелам эканамічнага блоку ўраду. Аб гэтым паведамляе БелТА.

Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду з эканамічным блокам свайго ўраду. Менск, 6 кастрычніка 2022 года.
Фота: Афіцыйны партал прэзідэнта / president.gov.by

Рашэнне забараніць рост цэнаў з 6 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка патлумачыў тым, што «кошты сёння залімітавыя» і далей іх падвышаць нельга. Пры гэтым параіў віцэ-прэмʼеру Мікалаю Снапкову знайсці спосаб наадварот панізіць цэннікі. У той жа час ён папярэдзіў, што гандлёвыя аб’екты не павінны зачыняцца і сыходзіць  з рынку: «Не дай бог нейкая крама сыдзе ці ён будзе зачынены, нейкая кантора, забягалаўка і іншыя». Паспешлівасць прыняцця рашэння абгрунтаваў так: прымаць трэба «з сённяшняга дня, не з заўтрашняга, каб за суткі не накруцілі цэны».

Пры гэтым Лукашэнка дадаў, што выключэнні прадугледжаны, але прымаць такія рашэнні будуць міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю або старшыні аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму. Сачыць за выкананнем даручэння будуць Генпракуратура і Камітэт дзяржкантролю, парушальнікам абяцаюць крымінальную адказнасць.

Акрамя таго, паведамляе тэлеграм-канал «Пул Первого», у краіне ствараюць працоўную групу па кантролі за коштамі, кіраваць якой будзе Наталля Качанава, а ў склад увайшлі прадстаўнікі Дзяржкантролю, прафсаюзаў, Белстату, дэпутаты і сенатары. Да 20 кастрычніка ёй трэба ўнесці ва ўрад прапановы аб мерах па рэгуляванні коштаў.

Абвяшчэнню тэрміновага рашэння аб забароне росту цэнаў папярэднічала нарада, падчас якой Аляксандр Лукашэнка, паводле праўладнага тэлеграм-каналу «Пул Первого», выказаўся па росце інфляцыі, зніжэнню рэальных даходаў насельніцтва, раскрытыкаваў павольнасць дзеянняў ураду і зноўку вінаваціў гандляроў у росце цэнаў.

Рэальныя даходы насельніцтва зніжаюцца, а інфляцыя расце

Кіраўнік дзяржавы адштурхнуўся ад узроўню інфляцыі, які за восем месяцаў дасягнуў 13,8%, а па выніках 2022-га прагназуюць 19%. Паводле яго слоў, на такія высокія значэнні Савет міністраў і Нацбанк «павінны былі адказаць жорсткімі мерамі па стрымліванні цэнаў». Але пакуль урад збіраецца нешта рабіць, рост коштаў «нівелюе ўсе намаганні ўрада па павышэнні заробкаў і пенсіяў». У выніку рэальныя даходы насельніцтва ў параўнанні з узроўнем мінулага года ўпалі прыкладна на 3%.

Лукашэнка абазначыў новую інфляцыйную мэту на 2023: у наступным годзе інфляцыя павінна вярнуцца прыкладна да 7-8%. Пры гэтым ён прызнаў уплыў на інфляцыю «абʼектыўных фактараў», сярод якіх – заходнія санкцыі.

Аналітыка
Умацаванне курсу беларускага рубля да долара і еўра не сведчыць, што ў эканоміцы ўсё добра
2022.10.03 12:50

Рэгуляванне цэнаў

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што надышоў час перастаць дзяліць прадукцыю на сацыяльна значную і не значную, «паколькі для людзей яна мае значэння».

На момант нарады было не зразумела, што гэта значыць: ці будзе скасаваны пералік сацыяльна значных тавараў, ці адміністратыўнае рэгуляванне цэнаў будзе вернутае на большую групу тавараў ці нават на ўсе. Але, як бачым, за гэтым пасажам ад пачатку нарады хаваўся намер забараніць рост цэн.

З абурэннем Лукашэнка накінуўся на пасярэднікаў. Паводле дакладу Камітэту дзяржкантролю, сёлета яблыкі, цыбулю, буракі і капусту, вырашчаныя беларускімі аграрыямі, бюджэтнікі закуплялі ў пасярэднікаў з нацэнкай пад 300 адсоткаў.

«Пасярэдніцтва быць не павінна! «Гандляры «узнімаюць цэны на ўсіх ланцужках», – цытуе Лукашэнку «Пул Первого».

Лукашэнка нагадаў, што вясной у краіне выраслі цэны на фоне узмацнення курсу долара, а калі беларускі рубель умацаваўся, адкруціць цэннікі чамусьці забыліся. У пачатку чэрвеня Аляксандр Лукашэнка ўжо ўзнімаў гэтае пытанне, прапанаваўшы прадпрымальнікам «па-чалавечы будаваць бізнес», не спасылаючыся на лагістыку і рынкавыя адносіны. Рэакцыяй на яго словы стала зніжэнне кошту на 15% на аўтамабілі «Geely Atlas», якія збіраюць у Беларусі.

Аб’ектыў
Аўтарынак Беларусі прасеў – скарыстацца сітуацыяй вырашыла «БелДжы»
2022.06.07 23:00

Лукашэнка падкрэсліў, што з пачатку года харчовыя тавары падаражэлі амаль на 13%. На яго думку, «урад, прафсаюзы, аблвыканкамы і Менгарвыканкам, дэпутаты і Камітэт дзяржкантролю не спраўляюцца з валам цэн, які расце», – піша БелТА.

Кіраўнік дзяржавы таксама высунуў ідэю ўвесці адказнасць за абгрунтаванасць цэн імпарту, бо імпарцёры «упарта працягваюць закладваць у цану тавару курсавыя рызыкі, хоць курс беларускага рубля стабільны».

Пры гэтым Лукашэнка паабяцаў: дэфіцыту тавараў у Беларусі няма і не будзе, і што на прылаўках павінна быць прадукцыя належнай якасці, у шырокім асартыменце і па справядлівых цэнах.

Hавiны
Аўтарынак новых легкавых аўтамабіляў у верасні скараціўся ў 10 разоў
2022.10.05 20:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў