Міністэрства замежных справаў Польшчы і Дзяржаўнае агенцтва стратэгічных рэзерваў вырашыла 5 кастрычніка, што будзе высылаць гуманітарны канвой у Беларусь. А беларускі Памежны камітэт завочна адмовіўся ад дапамогі.
Міністр замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач, які расказаў пра гэтае рашэнне, паведаміў, што ў Беларусі знаходзіцца некалькі тысяч патэнцыйных нелегальных мігрантаў, піша «Polska Agencja Prasowa».
Гэтыя мігранты, казаў Пшыдач, могуць аказацца ў сітуацыі, калі не будуць задаволеныя іхныя базавыя патрэбы. Ён адзначыў, што большасць з тых мігрантаў жыве ў гатэлях, але ў некаторых сітуацыях дзяржава, якая тых мігрантаў запрасіла, не задавальняе базавых патрэбаў запрошаных мігрантаў.
«Нам таксама вядома аб тым, што агрэсіўныя дзеянні Беларусі часта тычацца людзей, якія ў большай ці меншай ступені асэнсоўваюць, што трапляюць у цяжкае становішча», – дадаў міністр.
Грузавікі з дапамогай гатовыя выпраўляцца, усё ўжо ўпакаванае. Паводле Пшыдача, беларускі часовы павераны атрымаў ад Польшчы ноту з прапановай прыняць гуманітарны канвой і пытаннем, якая яшчэ дапамога патрэбная.
Ды афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі праз расейскія медыі адказаў адмовай: маўляў, Польшча павінна ўпусціць да сябе ўсіх мігрантаў, бо тыя нібыта ўжо на ейнай тэрыторыі, і там абагрэць і напаіць.
Абноўлена. Пазней Міністэрства замежных справаў Беларусі прапанавала Польшчы аддаць гуманітарную дапамогу Літве або «вядомым беларускім экстрэмістам», а сам факт прапановы гуманітарнай дапамогі назвала «знявагай да беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту».
Раней Еўрапейскі суд правоў чалавека забавязаў Польшчу забяспечыць мігрантаў з Афганістану, якія захраслі на беларуска-польскай мяжы, ежай, вопраткай, медыкаментамі даць жытло і адвакатаў. На гэта Польшча паказвае, што афганскія мігранты застаюцца на тэрыторыі Беларусі.
Польшча ўжо прапаноўвала Беларусі гуманітарную дапамогу для мігрантаў у жніўні, беларускія ўлады адмовілі. Аднак летась Беларусь двойчы прымала ад Польшчы гуманітарныя канвоі з дапамогай дзеля змагання з пандэміяй каронавірусу.
АА belsat.eu