Расея абстраляла Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці. 16 загінулых і 33 пацярпелыя


Днём 6 верасня Расея нанесла артылерыйскі ўдар па рынку ў Канстанцінаўцы ў Данецкай вобласці, паведамілі ў Офісе Генеральнага пракурора Украіны. Абстрэл здарыўся а 14:00 па мясцовым часе, у самы разгар гандлёвага дня.

Расея абстраляла Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці 6 верасня 2023 года.
Фота: pgo_gov_ua / Telegram

Па стане на 16:00 у выніку прылёту загінулі 16 чалавек, у тым ліку дзіця. Яшчэ 31 чалавек атрымаў раненні рознай ступені цяжкасці, пацярпелым аказваецца неадкладная медычная дапамога. Пошукава-выратавальная аперацыя працягваецца, пад заваламі яшчэ застаюцца людзі.

Пасля сканчэння пошукава-выратавальнай аперацыі кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка паведаміў, што на 18:00 загінулі 17 чалавек, 32 атрымалі раненні.

«У выніку траплення снарадаў у гандлёвых павільёнах узняўся пажар. Паводле папярэдніх звестак, пашкоджаны 20 магазінаў, лініі электраперадач, адміністрацыйны будынак і 5-ты паверх жылога дома. Цалкам згарэлі легкавыя аўтамабілі і 8 гандлёвых аб’ектаў», – паведамілі ў Офісе Генеральнага пракурора Украіны.

Паводле ўдакладненых звестак Нацыянальнай паліцыі, загінулі 16 асобаў, 33 пацярпелі.

Расея абстраляла Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці 6 верасня 2023 года.
Фота: pgo_gov_ua / Telegram

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў відэа з Канстанцінаўкі, якая патрапіла пад абстрэл.

«У цяперашні час артылерыя расейскіх тэрарыстаў забіла 16 чалавек у горадзе Канстанцінаўка, Данецкая вобласць. Звычайны рынак. Крамы. Аптэка. Людзі, якія нічым не правініліся. Шмат параненых. На жаль, колькасць загінулых і пацярпелых можа яшчэ ўзрасці», – гаворыцца ў паведамленні Зяленскага ў яго тэлеграм-канале.

Расейскія войскі ўжо шмат разоў абстрэльвалі розныя населеныя пункты Данбасу, у тым ліку і Канстанцінаўку. У выніку гэтых нападаў ёсць шмат ахвяраў, параненых і разбурэнняў. Толькі ўчора ўвечары, 5 верасня, у выніку абстрэлу Канстанцінаўкі атрымалі аскепкавыя раненні трое мясцовых жыхароў ва ўзросце 40, 51 і 53 гадоў. Яны знаходзяцца ў цяжкім стане. Раней, 30 ліпеня ў выніку ўдару па Канстанцінаўцы касетнымі снарадамі пацярпелі трое мясцовых жыхароў, у тым ліку 13-гадовы хлопчык.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў