Масавыя затрыманні ў Гомлі і штраф за здымак сабачкі. Рэпрэсіі за 6 верасня


У Беларусі працягваюцца затрыманні і суды паводле палітычна матываваных справаў. «Белсат» адсочвае выпадкі пераследу беларусаў. Пра што стала вядома 6 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Затрыманні ў Гомельскай вобласці. Крыніца: тэлеграм-канал сілавікоў

Жыхарку Наваполацку Аллу Грудніцкую аштрафавалі за фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колеру і подпіс «Жыве Беларусь! Насилию нет!». Гэта прызналі «несанкцыянаваным пікетаваннем». Суддзя Зінаіда Балаболава прысудзіла 100 базавых велічынь (3700 рублёў). Апрача гэтага, у жанчыны забралі два тэлефоны – у заклад, каб змусіць яе сплаціць абодва штрафы, агульная сума якіх – 4810 рублёў.

Гомельскія праваабаронцы паведамляюць пра масавыя затрыманні ў Брагіне, Камарыне, Лоеве і Хойніках. Імёны і акалічнасці затрыманняў праваабаронцам невядомыя. Затрымана не менш за 10 чалавек.

Светлагорскі тэлеканал «Ранак» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». У чэрвені былі затрыманыя восем супрацоўнікаў тэлеканалу, верагодна, праз сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі. Тады на ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Затрыманага за каментары пра расейцаў грамадзяніна Туркменістану Мэйліса Матдурдыева хочуць дэпартаваць з Беларусі. Раней з ім запісалі «пакаяннае» відэа, на якім ён кажа, што 10 гадоў жыве ў Беларусі, скончыў у нашай краіне медуніверсітэт, апошні час працуе барменам. Верагодна, Мэйліса пазбавілі віду на жыхарства і прызначылі дэпартацыю, а таксама штраф у памеры 900 рублёў.

Супрацоўніка менскага гіпермаркету затрымалі за татуіроўку «Москаляку на гiляку». Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

Затрыманы за татуіроўку мянчук. Крыніца: тэлеграм-канал сілавікоў

У Гомлі судзяць мясцовага жыхара Дзмітрыя Сінюту, якога абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 1 і 2 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), ч. 1 арт. 368 за абразу Лукашэнкі. Яму пагражае да сямі гадоў калоніі. Суддзя Аляксей Хлышчанкоў разглядае справу ў закрытым рэжыме.

Бацьку палітзняволенага падлетка Мікіты Залатарова арыштавалі яшчэ на 15 содняў. Міхаіла Лапунова ўжо другі раз запар пакаралі арыштам на 15 содняў паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Нібыта Міхаіл падзяліўся нейкім відэа ад інтэрнэт-рэсурса, прызнанага экстрэмісцкім.

Сын Міхаіла адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года, на той момант яму было 16 гадоў. Падлетка, хворага на эпілепсію, абвінавацілі ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу – за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

Гісторыі
«Татачка, чаму я тут сяджу? Калі мяне выпусцяць?» Бацька 16-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова – пра зняволенне сына
2021.04.17 08:51

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў