У жніўні продажы аўтамабіляў ізноў скараціліся, паведамляе аўтамабільная асацыяцыя «БАА». Гэтак, за жнівень былі зрэалізаваныя 542 новыя аўтамабілі, што амаль на 300 менш, чымся ў ліпені. У параўнанні са жніўнем мінулага года продажы новых аўтамабіляў упалі на 2834 адзінкі, або на 83,9 %.
Усяго з пачатку года ў Беларусі прадалі 11 764 новыя легкавікі, што на 56 % менш, чымся за аналагічны перыяд летась.
На рынку лідаруе марка «Lada» з вынікам 3490 аўтамабіляў. У тройцы лідараў таксама брэнды «Geely» і «KIA».
«Чаканы ўзровень продажаў бліжэйшымі месяцамі шмат у чым будзе вызначацца аб’ёмам рэалізацыі «Geely». Без уліку продажаў айчыннага вытворцы рынак наўрад ці пераадолее мяжу 500 легкавых аўтамабіляў за месяц», – заявіў старшыня праўлення БАА Сяргей Варывода.
Асартымент новых аўтамабіляў ад дылераў таксама працягвае скарачацца. Калі год раней на рынку былі прэзентаваныя 112 мадэляў новых аўтамабіляў, то ў жніўні 2022-га – толькі 36.
У цэлым запасы новых аўтамабіляў перавышаюць 2000 адзінак, што адпавядае актуальнаму трохмесячнаму аб’ёму продажаў, але размеркаванне запасаў паміж маркамі аўтамабіляў вельмі нераўнамернае.
Алена Рувіна belsat.eu