«Вельмі істотна, каб людзі маглі распавесці пра набалелае». Беларуска валанцёрыць у прытулку для ўкраінак у Чэхіі


Алена Агарэлышава, актывістка, гендарная даследніца. Жыве ў Празе і валанцёрыць у двух прытулках для ўкраінскіх уцякачак і іхных дзяцей, гуляе з малымі і ладзіць групы падтрымання для дарослых. Яна распавяла «Белсату» пра дыскрымінацыю, пра чэшскія хібы ў дапамозе ўцекачам, і пра тое, як мяняюцца людзі, калі ім на галовы не падаюць бомбы.

Алена Агарэлышава.
Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Чэхія стварыла прытулкі для жанчын і дзяцей у Празе.

«Наколькі я ведаю, каля 10 % уцекачоў у Чэхіі атрымалі жытло ў інтэрнатах. Спачатку ў адным інтэрнаце жыло каля 400 чалавек, цяпер каля 200, бо частку людзей перасялілі ў іншы інтэрнат. Збольшага гэта жанчыны з састарэлымі сваякамі і дзецьмі, бо мужчынаў не выпускаюць з Украіны праз ваеннае становішча», – распавядае Алена.

Валанцёрка адзначыла, што калі пачалася вайна ва Украіне і ў Чэхію пачалі прыбываць уцекачы, яна не змагла заставацца ўбаку. У сакавіку Алена арганізавала групы падтрымання, а праз пару месяцаў пайшла дапамагаць у інтэрнаты. Алена прызналася, што за ўвесь час яна ні разу не сутыкнулася з агрэсіяй да сябе з нагоды таго, што яна – беларуска. Хоць часам выпадае тлумачыць, чаму з беларускай тэрыторыі лятуць ракеты ва Украіну.

Нож як аргумент у сварцы

У інтэрнаце ёсць дзіцячыя прасторы, дзе маляты адпаведнага ўзросту могуць бавіць час і гуляцца.

«Гэта быў адзін з маіх першых разоў, калі я прыйшла. Група да васьмі гадоў. І адзін хлопчык пасварыўся з кімсьці, а гэта ж адбываецца імгненна. Ён пайшоў дадому, узяў нож, такі не востры, сталовы. І прынёс яго ў групу як аргумент у сварцы», – згадвае Алена.

Яна не лаялася, а прапанавала хлопчыку пайсці да маці пагутарыць:

«Ён пагадзіўся, прывёў мяне да сваёй маці, а там пяцёра дзяцей. Я павіталася і кажу, што ў яе такі кантактны хлопчык, але здаецца, што яму бракуе ўвагі, а ў нас якраз ёсць індывідуальныя кансультацыі з дзіцячымі псіхолагамі. То можа б яму было карысна, гэта цэлая гадзіна толькі для яго, можаце разам схадзіць. І яна адразу супакоілася, бо на яе ўсе крычаць, і з дзіцячага пакою ўжо прыбеглі раней за мяне і патрабавалі, каб яна зрабіла нешта з дзіцёнкам. Высветлілася, што яны акурат перад ад’ездам пахавалі бацьку, і дзецям вельмі цяжка».

Дзеці малююць.
Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Спадарыня пачала адкрывацца Алене, але сама не пайшла на кансультацыю. Аднак старэйшыя дзеці хадзілі да псіхолага і распавядалі, як яны даюць рады са смерцю бацькі.

Вяртанне людзей да цяперашняга моманту

Алена падзялілася назіраннямі, як памяняліся ўцякачкі за той час, пакуль яны ў бяспецы:

«Калі я прыйшла першы раз у інтэрнат у сакавіку, то людзі былі на вельмі высокім эмацыйным уздыме. Было ўражанне, што калі кінуць запалку, усё ўспыхне. Дзецям было складана засяродзіцца хоць на нечым даўжэй за некалькі хвілінаў. Цяпер усё нашмат спакайней. Вось былі прыйшлі 12 дзяцей, мы з імі ладзілі гульні, яны мяне ўважліва слухалі. І я не магла паверыць, што гэта тыя ж дзеці, з якімі мы пачыналі ўвесну».

Розныя ініцыятывы арганізоўваюць адукацыйныя праграмы – гэта дае людзям магчымасць вярнуць пэўны кантроль над уласным жыццём. І змены пачынаюць адбывацца.

«У нашай групе падтрымання для мяне вельмі істотна, каб людзі маглі распавесці пра набалелае. Я працую з людзьмі, якія не разважаюць, ці патрэбная ім дапамога. Ім рэальна патрэбная дапамога», – падкрэслівае валанцёрка.

З нядаўняга часу Алена пачала займацца з дзецьмі вывучэннем англійскай мовы, яны самі папрасілі спадарыню дапамагчы з гэтым.

«Цяпер мы робім тое, што яны хочуць. Жанчыны дзівіліся, што ў групах яны лаяліся матам і пілі піва, а я ім нічога не казала. Цяпер яны менш лаюцца матам і менш паляць і п’юць. Але нам на гэта спатрэбілася чатыры месяцы. У сакавіку гэта былі зусім іншыя людзі», – дзеліцца назіраннямі валанцёрка.

Яна падкрэсліла, што вайна руйнуе нашмат больш лёсаў, чым пра гэта гавораць:

«Калі я прыходзіла першы час і пыталася, дзе вы жывяце, яны казалі, адкуль яны з Украіны. І некаторыя дзеці не ведалі, у якім горадзе яны цяпер. Я спрабавала іх вывесці на размову пра тут і цяпер, але яны казалі, што цяпер яны проста чакаюць вяртання дадому. Каб вайна скончылася, і яны паедуць. То бок была сітуацыя, калі людзі чакалі, калі яны змогуць працягнуць сваё жыццё на радзіме, але не жыць сёння. Такі ступар цягнуўся некалькі месяцаў, і ў некаторых працягваецца. Гэта вельмі сугучна з беларусамі, якія ехалі на тыдзень-два за мяжу перачакаць, і засталіся на гады. Вельмі цяжка прызнацца, што ты тут не на кароткі тэрмін, а можа нават на доўгі, і трэба шукаць сталую працу і школу дзіцяці».

Акалічнасці ўцякацкага стану

Поруч з вялізарнай колькасцю падтрымання існуюць і пэўныя правалы, калі нейкая дробязь для і без таго ўразлівых людзей робіцца сапраўднай праблемай і дадатковымі пакутамі.

«У адным з інтэрнатаў ідзе вайна з вахцёркай. Яна замыкае дзверы інтэрнату аб 11-й гадзіне, і жыхары, натуральна, не могуць вярнуцца туды, дзе жывуць. Гэты канфлікт без пачатку і канца, бо ёсць так званы сіндром вахцёркі, і, аказваецца, трэба і такія пытанні развязваць», – распавядае валанцёрка.

Існуюць і правалы ў сістэме дапамогі. Алена кажа, што ў Чэхіі ідзе шмат рэсурсаў на дапамогу ўцякачкам, але бываюць побытавыя моманты, якіх не ўлічваюць, і гэта робіцца непераадольнай праблемаю для жанчын у інтэрнатах:

«У адным з інтэрнатаў, у адной частцы няма лядоўняў і мала мікрахвалёвак, а цяпер у Чэхіі 30 градусаў. І калі жанчына мусіць выйсці ўдзень на працу, то як пакінуць ежу дзецям? Што рабіць у такой сітуацыі? Прыязджалі донары і розныя асацыяцыі, казалі, што трэба ладзіць сістэму татальнай вакцынацыі і трэба адаптаваць дзяцей да школы. Добра, але давайце спачатку з лядоўняў пачнем – гэта не так складана.

Дзіцячыя малюнкі.
Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Так, вы можаце прывезці чарговы пакунак з цацкамі, і ў вас будуць прыгожыя фота з задаволенымі дзецьмі, але гэта не вырашыць праблемы з лядоўнямі.

Варта пытацца ў дарослых, якія ў іх першасныя патрэбы. Гэта не выкрэслівае вялізнага падтрымання і высілкаў людзей, якія ахвяруюць свой час і рэсурсы. Але калі ты сутыкаешся з такімі рэчамі, як адсутнасць лядоўняў, то не можаш уцяміць, як такое адбываецца, калі ўсё можа насамрэч добра працаваць».

Начныя чэргі, каб выжыць

Чэхія выдае ўцекачам 5 тысяч кронаў (каля 200 долараў) на чалавека. Атрымальнікі мусяць кожны месяц прыходзіць у пункт выдачы гэтых грошай і ў жывой чарзе чакаць выплаты. Праз тое, што такіх пунктаў мала, людзі вымушаныя заставацца на ноч пад будынкамі, каб не прапусціць чаргі, бо для вялікай колькасці ўцекачоў гэта адзіныя грошы, на якія яны могуць разлічваць.

«Маці з маленькімі дзецьмі соднямі стаяць у гэтай чарзе. І калі ты прапусціш свой нумарок, значыць, дарма стаяла цэлы дзень. А ёсць чэргі без нумаркоў, і каб не прапусціць чаргі, людзі ночаць пад сценамі цэнтраў. Бо можна прыйсці а шостай раніцы, а перад табой ужо будзе 300 чалавек, і ты не дастаішся за працоўны дзень да таго акенца, каб атрымаць грошы», – звяртае ўвагу Алена.

Даведка

 

Яна адзначыла, што ў медыях пра гэтую сітуацыю вельмі мала гавораць, бо людзі баяцца скардзіцца:

«Яны баяцца скардзіцца на інтэрнат, каб іх не выкінулі, баяцца скардзіцца на чаргу, каб раптам увогуле не адмовілі ў выплатах. Гэта такія людзі, якія маўчаць, а астатнім зручна іх не заўважаць».

Хто сапраўдны ўкраінец?

У прытулку вітаецца, каб там працавалі ўкраінцы. Маўляў, людзі з адной краіны лепш паразумеюцца, асабліва ў цяжкай сітуацыі. Часцяком так і адбываецца, але бываюць і выняткі.

«Я бачу, што ёсць украінцы з заходняй часткі, ці ўкраінцы больш абазнаныя, якія ведаюць украінскую мову. А прыязджаюць збольшага ўкраінцы з усходняй часткі і могуць не ведаць украінскай. То адныя дыскрымінуюць другіх нават у гэты складаны час. Гэта адзінкавыя гісторыі, але бываюць выпадкі, калі людзі прынцыпова не абслугоўвалі расейскамоўных украінцаў ці казалі ім нешта дрэннае. Казалі: навошта вы запісваецеся вучыць чэшскую, спачатку вывучыце ўкраінскую, сваю родную. Вось што мусіць быць больш істотна: моўнае пытанне ці пытанне выжывання? Дзе вашыя сэрцы?» – абураецца суразмоўца.

Алена перакананая, што мова не можа быць падзяляльным фактарам, бо шмат дзе людзі гавораць на расейскай, і гэта мае толькі спрашчаць камунікацыю, але не рабіцца нагодаю для нянавісці.

Яна распавяла, што некаторыя ўкраінцы, якія доўгі час жывуць у Чэхіі, выкарыстоўваюць уцекачоў для нелегальнай працы, так званай «фушкі». Звычайна гэта нізкакваліфікаваная і разовая праца, калі з чалавекам не складаюць дамовы. У такім выпадку працаўнік абсалютна не абаронены, але мае пагаджацца на гэткія ўмовы, бо іначай выжыць няма як.

«Канкурэнцыя вельмі высокая, і прасцей дамовіцца з тым, хто не патрабуе нейкіх пашпартных звестак, кантактаў і іншага. А цяпер каля 400 тысяч украінак у Чэхіі. І не толькі ў Чэхію едуць з Украіны», – звяртае ўвагу валанцёрка.

Штодзённы гераізм

Калі ідзе гаворка пра гераізм на вайне, звычайна маюцца на ўвазе ўчынкі людзей на фронце, якія, рызыкуючы жыццём, бароняць родны край. І вельмі мала ўвагі надаецца (ці зусім не надаецца) асобам, якія выжываюць падчас вайны ў эвакуацыі ці ў тыле.

Прага, Чэхія.
Фота: асабісты архіў суразмоўцы

«Людзі, якія цяпер абараняюць Украіну, робяць вельмі важную справу, і ў гэтым няма сумневу. Але мне здаецца, што людзі, якія намагаюцца выжыць у новых умовах, робяць не менш важную справу. Як мінімум таму, што дзеці – будучыня Украіны. Апекавацца гэтай будучыняй і рабіць усё магчымае, каб жыццё працягвалася, – надзвычай важна», – перакананая Алена.

У групе падтрымання яна часта размаўляе з жанчынамі пра гэта, каб тыя не абясцэньвалі сваіх высілкаў і адчувалі, што іхная справа таксама дужа істотная і ідзе на карысць радзіме:

«Я прыводжу на сустрэчах такі прыклад: эфектыўнасць тваёй працы залежыць ад таго, якія табе спачатку стварылі ўмовы. У спецыяльных лагерах вайскоўцаў навучаюць і даводзяць дзеянні да аўтаматызму. Яшчэ адзін складнік – наколькі ты добра экіпіраваны. Збольшага, салдатаў забяспечваюць усім неабходным. А тут у цябе поўная разгайданасць, і варта ўсё самастойна вырашаць. Ты нясеш адказнасць не толькі за сябе, а і за дзяцей, а часам яшчэ і за старэйшых родных.

І табе трэба знайсці жытло, знайсці працу, каб забяспечваць сябе і іх, разабрацца ў заканадаўстве, разабрацца ў мове, якой ты не ведаеш, знайсці, куды ўладкаваць дзяцей, як сябе паводзіць з рознымі людзьмі.

Да таго ж ёсць бясконцыя чэргі, трэба даць рады з усімі акалічнасцямі і задзеяць усе свае вербальныя і невербальныя магчымасці, каб проста выжыць самой. І каб выжылі тыя, хто разам з табой. Чаму пра гэты бок, калі табе трэба скокнуць вышэй за галаву, быць неймаверна гнуткай, вучыцца ўсяму імгненна і варыць штодня кашу з сякеры, – пра гэта так мала кажуць? Нібыта гэта паўсядзённасць, якая ўсім зразумелая, хоць гэта зусім не так».

Артыкулы
Беларускі стварылі серыю партрэтаў жанчын-палітзняволеных
2022.07.28 00:15

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў