Больш за сто палётаў на курорты і прызначэнні па супольным адпачынку. Куды і з кім лётаюць Віктар і Лілія Лукашэнкі


Лілія Лукашэнка здзейсніла больш за сто пералётаў на курорты. Яна пачынала са звычайных рэйсаў «Белавіі» і працягнула прыватнымі бізнес-джэтамі. Акрамя сямейнага адпачынку, ейны муж Віктар, старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі, які 16 гадоў займаў пасаду памочніка ў справе нацыянальнай бяспекі, развязваў і кадравыя пытанні, расстаўляў сваіх асобаў у сілавых структурах. Журналісты Альянсу следчых Беларусі вывучылі звесткі пра палёты на адпачынак Ліліі ды Віктара Лукашэнкаў з 2003 да 2020 года і высветлілі, куды лёталі адпачываць самыя блізкія сваякі беларускага дыктатара, з кім яны адпачывалі, а таксама звярнулі ўвагу на кадравыя прызначэнні, што адбываліся пасля супольнага адпачынку ў коле Ліліі ды Віктара.

Ліля з вёскі Рыжкавічы

Лілія Лукашэнка, у дзявоцтве Сомава, нарадзілася ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласці, скончыла Менскі педагагічны ўніверсітэт. Падчас навучання выйшла замуж за старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі. У Ліліі ды Віктара – чацвёра дзяцей: Вікторыя (27 лютага 1999 года), Аляксандр (13 верасня 2004 года), Валерыя (22 ліпеня 2009года) і Яраслаў (21 жніўня 2013 года). Падчас першых дэкрэтных адпачынкаў Лілія Лукашэнка лічылася вядучым спецыялістам у аб’яднанні «Белмастацпромыслы», якое ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Пашпартныя звесткі Ліліі Лукашэнкі, нададзеныя рэдакцыі

Журналісты-следчыя атрымалі доступ да звестак пра пералёты Ліліі Лукашэнкі. Гэта больш за 100 запісаў, якія ўключаюць звесткі пра вандроўкі з 2003 года.

Калі ў 2003–2008 гадах сям’я Віктара Лукашэнкі падарожнічала за мяжу 1-2 разы за год, то з 2009-га звычкі змяніліся. У 2010-м рэкордныя – 16 пералётаў, а потым – у сярэднім 8–12 вандровак за год (лічацца рэйсы як туды, так і назад).

Звесткі пра пералёты Ліліі Лукашэнкі, нададзеныя рэдакцыі
Спіс паездак Ліліі Лукашэнкі, нададзены рэдакцыі

Кіпр і сям’я Тапузідысаў

2003–2004 гады – адпачынак у сонечнай Лярнацы на Кіпры. У 2004-м – з залётам у Хургаду пасля той жа Лярнакі.

Што характэрна ў гэтых рэйсах? Па-першае, тады Лілія і Віктар яшчэ лёталі рэгулярнымі рэйсамі «Белавіі», па-другое, чамусьці ў Лярнаку яны ляцелі як турысты, а вярталіся ўжо як са службовай камандзіроўкі. Але самае цікавае іншае. Разам з сям’ёй старэйшага сына Лукашэнкі тым жа бортам у Кіпр ляціць адпачываць сям’я Паўла Тапузідыса.

Звесткі для рэдакцыі

Павел Тапузідыс – адзіны на той момант бізнесовец, якому было дазволена вырабляць цыгарэты. А ўжо ў 2004 годзе, якраз тады, калі быў супольны адпачынак, Тапузідыса ўлучылі ў міжведамасную групу, адказную за вызначэнне аб’ёмаў імпарту цыгарэтаў. Блізкасць да сям’і дазволіла Тапузідысу вырасці да адной з самых заможных асобаў у Беларусі. У 2017 годзе «Ежедневник» змясціў Тапузідыса на 2-е месца ў Топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі.

Пасля Кіпру – Чарнагорыя

Ліліі ды Віктару, мабыць, надакучыў Кіпр, і яны ў 2006–2007 гадах аблюбавалі Тыват у Чарнагорыі. Гэта першы рэйс Ліліі прыватным самалётам.

Звесткі для рэдакцыі

Усё, з гэтага моманту ніякіх больш рэгулярных авіярэйсаў. Толькі VIP.

Паглядзім на пасажыраў: Настасся, Ганна, Дар’я, Вікторыя, Галіна, Аляксандр (але не той, а малодшы), Віктар, Дзмітрый, Лілія. То бок сем’і Віктара і Дзмітрыя Лукашэнкі са сваёй маці Галінаю Лукашэнкаю.

Звесткі для рэдакцыі

Сярод пасажыраў таксама ахоўнік Валерый Дзенісюк. Усе, нават дзеці, з дыпламатычныя пашпарты! Пры гэтым афіцыйна ніхто з сям’і не працуе за мяжой і не мае права на атрыманне такіх дакументаў.

Хто ж астатнія пасажыры? Абслуга! 12 чалавек на 9 сямейнікаў.

Звесткі для рэдакцыі

Яшчэ адзін рэйс у Тыват. На борце – Віктар, Лілія, Вікторыя і Аляксандр (малодшы), а таксама ахоўнік Юрый Юрасюк, работнік службы бяспекі прэзідэнта, гулец хакейнай каманды «Бастыён», а пасля – генеральны дырэктар латарэі «Спорт-пары».

Сям’я Аляксандра Лукашэнкі. Лілія і Віктар Лукашэнкі – крайнія злева.
Фота: president.gov.by

Узлёт і прызямленне «Ітэры»

Наступныя некалькі гадоў, да 2010-га, сям’я лётае самалётам, якія належаць «Ітэры». Уладальнік «Ітэры» – расейскі газавы алігарх і дэвэлапер Ігар Макараў, які актыўна развівае ў гэты час бізнес у Беларусі. Што гэта, калі не хабар?

«Ітэра» працавала ў Беларусі з 1997 года, у асноўным дастаўляла газ. Макараў неаднаразова сустракаўся з Лукашэнкам і прапаноўваў праекты ў сферы энергетыкі, хіміі, будоўлі. У 2008-м кампанія ўзяла на сябе абавязальніцтвы ў рэалізацыі аднаго з самых маштабных праектаў у сталіцы – будаўніцтва «Менск-Сіці» (праект прадугледжваў $ 30 млрд інвестыцыяў). Праз 4 гады кампанія прызнае камерцыйную немэтазгоднасць гэтай ідэі.

Але вернемся да адпачынку.

Звесткі для рэдакцыі

У жніўні 2008 года сямейства ляціць бортам «Ітэры» ў аблюбаваны Тыват.

На борце ўсё тыя ж: Лілія, Віктар, Вікторыя. Але з’явіліся і новыя асобы – сям’я Гарусавых: Аляксандр, Іна, Кірыл і Уладзіслаў.

Звесткі для рэдакцыі
Звесткі для рэдакцыі

Хто ж гэта такія? Аляксандр Гарусаў – выпускнік магілёўскага гістфаку, які працягнуў кар’еру ў магілёўскім КДБ, затым з сям’ёю перабраўся ў Менск. Ягоная жонка – Іна Гарусава, у дзявоцтве Сомава. Усё проста. Іна Гарусава – родная сястра Лілі Лукашэнкі. Колькасць адпачывальнікаў пачынае павялічвацца.

14 лютага 2009 года, у Дзень святога Валянціна, захапіўшы з сабою маці, Віктар і Лілія ляцяць на гарналыжны курорт Сьён у Швейцарыю.

Звесткі для рэдакцыі

Мэта паездкі традыцыйна службовая, для дзяцей і бабуль таксама. Праз 10 дзён вылятаюць назад.

Звесткі для рэдакцыі

Кар’ерны рост Рачкоўскага і Вакульчыка

16 красавіка 2010 года машынаю «Audi 9252KE7» Лілія едзе ў Літву.

Звесткі для рэдакцыі

У гэты ж дзень вяртаецца.

Характэрна, што кампанію ёй склала жонка Ігара Рачкоўскага, на той момант кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, сябры Віктара Лукашэнкі, Аксана Рачкоўская.

28 ліпеня Лілія зноў едзе ў «камандзіроўку» з сяброўкамі ды ахоўнікам Самохіным аўтам «Mercedes 0314MI7».

Звесткі для рэдакцыі

Сярод сябровак – ужо знаёмая Аксана Рачкоўская і жонка Валерыя Вакульчыка, на той момант кіраўніка ААЦ (спецслужба, створаная ў 2008 годзе) Антаніна Вакульчык. Якраз у гэты час Віктар Лукашэнка расстаўляе сваіх сяброў-памежнікаў на ўсе асноўныя пасады ў краіне.

А ўжо праз два дні пасля паездкі ў Вільню, 31 ліпеня 2010 года, сям’я Віктара і Ліліі разам з сям’ёю Гарусавых і ахоўнікам вылятаюць звыклым самалётам «Ітэры» ва ўпадабаны Тыват. Вяртаюцца 18 жніўня, на борце, як заўсёды, + 1 ахоўнік.

Звесткі для рэдакцыі

30 кастрычніка 2010 года Лілія, Віктар, Вікторыя, Аляксандр (малодшы), Валерыя, мама Ліліі – Галіна Сомава, ахоўнік Валерый Дзенісюк і Уладзімір Сулімскі (былы амбасадар у ААЭ і Катары), ляцяць у Доху – сталіцу Катару.

Звесткі для рэдакцыі

Да паездак на Блізкі Усход мы яшчэ вернемся. А пакуль паглядзім, як заканчваецца ў Ліліі Лукашэнкі 2010 год.

8 снежня 2010-га, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, яна едзе ў Вільню аўтамабілем службы бяспекі прэзідэнта, «Toyota 9515KB7». Што характэрна, Ліля едзе адна ў суправаджэнні трох ахоўнікаў СБП: Самохіна, Пазняка і Дзенісюка. Пасля падзеяў 19 снежня 2010 года Лілія паедзе ў Літву толькі ў 2017-м.

Звесткі для рэдакцыі

У 2011 годзе Лукашэнка пасварыўся з «Ітэраю», праект забудовы амбіцыйнага «Менск-Сіці» быў перададзены «Dana Holdings» і пераназваны ў «Менск-Свет».

Доўгая гісторыя «Ітэры» ў Беларусі была практычна скончаная. І пачаўся новы раздзел – узыходжанне братоў Карычаў. Ці варта казаць, што цяпер яны робяцца галоўнымі «аператарамі» сямейнага адпачынку Віктара ды Ліліі Лукашэнкаў і адначасова галоўнымі забудоўнікамі ўсяе Беларусі. Менавіта ім даюцца беспрэцэдэнтныя ільготы, прабачаюцца спрашчэнні праектаў і надаецца доступ да ільготнага крэдытавання жытла, якое прадаецца за цэны нашмат вышэйшыя за сабекошт, да якасці якога рэгулярна ўзнікаюць пытанні.

Новыя пасажыры

16 ліпеня 2011 года VIP-борт бярэ курс на турэцкі Бадрум. На борце – сям’я Ліліі ды Віктара, сям’я Гарусавых (сястры Ліліі) з дзецьмі, ахоўнік Пазняк і… хто б вы думалі?

Звесткі для рэдакцыі

Юлька Цворавіч, Жэлька Сыныкавіч (чалец праўлення «Dana Holdings»), Міланка Карыч, жонка Багалюба Карыча.

На фота – Жэлька Сыныкавіч з Багалюбам Карычам.
Фота: zeljkosinikovic / Instagram

11 лістапада 2011 года ўрадавы борт EW-301PJ накіроўваецца ў Абу-Дабі.

Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: planespotters.net

На борце, акрамя Ліліі і Віктара, – цікавая кампанія: Аляксандр Зайцаў («Сохра груп», зарэгістраваная ў ААЭ), Сяргей Шпігун (толькі што прызначаны кіраўнік ААЦ), Сяргей Мікуліч (ахоўнік Віктара), работнік «Белтэхэкспарту» Алег Богуш, Кацярына Панасюк, Уладзімір Сулімскі і Валерый Вакульчык (толькі што прызначаны кіраўнік Следчага камітэту). Што цікава, і Шпігун, і Вакульчык атрымалі прызначэнні 24 кастрычніка 2011 года, а беспасяэдне пасля паездкі, 21 лістапада, Вакульчык уваходзіць у Савету бяспекі.

Звесткі для рэдакцыі

Праца, сяброўства і сумесны адпачынак

З 2014 года Лілія Лукашэнка афіцыйна пачынае працаваць у «Dana Astra» ў Карычаў.

22 ліпеня 2016 года сям’я Ліліі ды Віктара, бацькі Ліліі, сям’я Гарусавых, Міланка і Багалюб Карыч ляцяць у Афіны. Вяртаюцца праз месяц, 23 жніўня, тым жа складам.

Звесткі для рэдакцыі

30 кастрычніка 2016 года Лілія з сястрой Інаю Гарусавай і пляменнікамі, але без мужа ляцяць прыватным «Falcon LY-GVS» у Доху. У гэты ж час у Доху прыбыў і Аляксандр Лукашэнка з афіцыйнаю дэлегацыяй.

Звесткі для рэдакцыі

Вярнуліся дадому 5 лістапада 2016 года, тым жа складам, без Віктара.

28 кастрычніка 2017 года сёстры Ліля ды Іна з дзецьмі без мужоў ляцяць у Абу-Дабі. Як і ў Катары, даты супадаюць з прыездам Аляксандра Лукашэнкі.

Звесткі для рэдакцыі

І зноў асобным прыватным бортам. Вяртаюцца 4 лістапада.

7 верасня 2018 года Лілія, Віктар, ахова і бізнесоўцы Мікалай Варабей, Аляксей Алексін і Сяргей Зелянкевіч на адзін дзень ляцяць у Бадрум. 8 верасня кампанія вяртаецца.

Звесткі для рэдакцыі

1 лістапада 2019 года – новая вандроўка, новая кампанія, новы самалёт. Кампанія ў складзе Ліліі, Яраслава і Валерыі Лукашэнак, Таццяны Зайцавай, Людмілы і Станіслава Няронскіх.

Звесткі для рэдакцыі

Людміла Няронская – суўладальніца клінікі «Мерсі», той самай, дзе можна ставіць імпартныя эндапратэзы. Пасля «справы артапедаў» клініка робіцца фактычна манапалістам на гэтым рынку.

Ляцяць яны ў Дубай без Віктара. І ўжо традыцыйна выезд супадае з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў ААЭ.

Атрымліваецца, шторазу, калі Аляксандр Лукашэнка ляціць на Блізкі Усход, асобным прыватным рэйсам за ім ляціць шматлікая сям’я, іхныя сябры ды ахоўнікі.

Апошні пералёт, які нам даступны, адбыўся 30 кастрычніка 2020 года ў Дубай. Вяртаюцца 6 лістапада на борце Лукашэнкі, Гарусавы, Сяргей Зелянкевіч і Дзмітрый Дзятлаў.

Звесткі для рэдакцыі

Не толькі куратарка арт-івэнтаў

З Ліліяй Лукашэнкаю звязана шмат фінансавых перыпетыяў ды афіляваных кіпрскіх і блізкаўсходніх афшорных кампаніяў. Падрабязныя матэрыялы і расследаванне пра гэта апублікаваныя на сайце Еўрарадыё.

Цяпер яна дырэктарка мастацкай галерэі «Арт Хаос», што ў галоўным атрыуме сталічнага гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Dana Mall», уладальнікі якога – браты Карычы, яны больш за 10 гадоў адпачываюць разам з Ліліяй і Віктарам Лукашэнкамі.

Пачынаючы з 2000-х гадоў, Лілія Лукашэнка рэгулярна – двойчы, а то і тройчы, а часам 5-6 разоў на год – лётала ўсёй сям’ёй, у шырокім сэнсе гэтага слова, да цёплых паўднёвых мораў. Для прыемнага вольнага часу яна брала з сабою ў вандроўкі і сябровак, і знаёмых, іхныя сем’і. Няма пытанняў, калі чалавек можа дазволіць сабе звазіць сям’ю на адпачынак да мора, але недапушчальна, каб такія вандроўкі аплочваліся з бюджэтных сродкаў або былі аплочаныя бізнесоўцамі ў абмен на заступніцтва з боку дзяржавы.

Ужо больш за 20 гадоў Лілія Лукашэнка з сям’ёю падарожнічае па свеце за кошт беларускага бюджэту. А каб пералёты прыватнымі джэтамі не стамлялі, Аляксандр Лукашэнка, ён жа ейны свёкар, распарадзіўся аформіць ім усім дыпламатычныя пашпарты, для выдачы якіх няма і ніколі не было ніякіх законных падставаў. Але, як казаў адзін чалавек, «часам не да законаў».

Матэрыял падрыхтаваў Альянс следчых Беларусі пры супрацы з «Кіберпартызанамі»

Расследaванні
Якую нерухомасць маюць прыспешнікі Лукашэнкі ў Дубаі?
2022.06.28 17:00

belsat.eu / Герон

Стужка навінаў